Прыгажуня дня
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра БАГДАНАВА

Глыток гарэлкі ў пустэльні

У самоце і маўчанні бавілі яны час у келлях, прамаўляючы пацеры і перапісваючы рукапісы. Зусім не ўжывалі не толькі тлушчу, але і алею. Атрымліваючы прадукты праз зігзагападобную адтуліну (каб не сустрэцца ні з кім нават позіркам), кожны з іх гатаваў сабе ежу сам, а на службу ў касцёл дабіраўся па ізаляванай галерэі.

Па суровых законах жылі ў адзіным на ўсё Вялікае княства Літоўскае картэзіянскім кляштары прадстаўнікі самага старажытнага каталіцкага ордэна, які ўзнік у 1084 г. у пустэльні Шартроз (Cartusia), што мясцілася ў гарах каля французскага Грэноблю. Але пустэльніцтва не ўратавала картэзіянцаў з ВКЛ ад дэспатызму расійскіх улад.

Каб заманіць на свае землі картэзіянцаў, якія лічыліся элітай сярод манахаў, падканцлер літоўскі богабаязны Казімір Леў Сапега ў 1648 годзе не пашкадаваў 10 тысяч чырвонцаў. Гэта было найвялікшае ў ВКЛ ахвяраванне прыватнай асобы на культавую пабудову. На ўзвядзенне ж пад Бярозай цягам 40 год сапраўднай манаскай дзяржавы грошай пайшло нашмат болей — 300 тысяч чырвонцаў! Пад чыім кіраўніцтвам іх асвойвалі, невядома.

— Але аналагічныя прыёмы, выкарыстаныя ў архітэктурным вырашэнні фасадаў касцёлаў картэзіянцаў у Бярозе і кармелітаў босых у Львове, далі падставы для ўзнікнення гіпотэзы пра аўтарства Джавані Батыста Гіслені, які да 1666 г. працаваў у Рэчы Паспалітай, — разважае даследчык беларускай архітэктуры Тамара Габрусь.

Ці яшчэ загадка. У мясцовым музеі захоўваецца карціна “Сустрэча Пятра I з польскім каралём Аўгустам II у Картуз-Бярозаўскім кляштары ў 1706 г.”.

— Прынамсі, у летапісе кляштара, а таксама ў біяграфіі Пятра I гэтая сустрэча манархаў не ўзгадваецца. А вось сакратар Карла XII занатаваў у сваім дзённіку, што пасля асады Бярозы ў красавіку 1706-га шведскі кароль правёў у картэзіянцаў два дні і з’ехаў толькі тады, калі атрымаў выкуп, — распавядае вядомы беларускі экскурсавод Анатоль Варава.

Аскеты-пустэльнікі былі заможнымі людзьмі. Яны набывалі нерухомасць, атрымлівалі важкія ахвяраванні ад багацеяў, якія жадалі быць пахаванымі ў крыпце касцёла. На 16 манахаў працавала каля 2,5 тыс. прыгонных сялян. Кляштарнае кіраўніцтва прыбрала да сваіх рук гандаль соллю, гарэлкай, віном, півам, мёдам, хлебам...

— Кляштар меў 2 цагельныя заводы, 2 лесапільні, гарбарню, 5 млыноў, 8 бровараў, 7 корчмаў, — пералічвае Анатоль Варава. — Цягнуліся бясконцыя судовыя разбіральніцтвы манахаў з крэдыторамі, пазычальнікамі, уладальнікамі спрэчнай маёмасці, на якую прэтэндаваў кляштар...

Добрае жыццё скончылася для картэзіянцаў пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння Бярозы да Расійскай імперыі. У 1823-м расійскія ўлады паспрабавалі абвінаваціць манахаў у тым, што ў 1794-м яны перадалі паўстанцам Тадэвуша Касцюшкі 1 мільён злотых. Кляштар проста не меў каштоўнасцей на такую суму, і судовую справу замялі. Але хутка надарылася паўстанне 1831 года. Удзел у ім трох картэзіянцаў стаў падставай для скасавання кляштара. Яго разбіралі на будматэрыялы да канца стагоддзя. Ліставая медзь пайшла на гродзенскую царкву Аляксандра Неўскага, мармуровыя пліты — ў Жыровіцкі манастыр, а чырвоная цэгла — на будаўніцтва ў Бярозе царквы і казарм для расійскіх вайскоўцаў.

Сёння ад пустэльні ацалелі рэшткі ўязной брамы, вежы-званіцы, шпіталя, кляштарнай сцяны. Пра знакаміты каталіцкі ордэн нагадваюць чыгуначная станцыя Бяроза-Картузская ды этыкетка аднаго з мясцовых гатункаў гарэлкі з выявай кляштара. Небагата.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)