Комментарии
Павал Севярынец, ”Наша нiва”

Глябальнае Сітна

Калі разабрацца, сіценцаў мала што зьвязвае з самім Сітнам. Ядуць амаль усе з крамы (а з гледзішча фізіялёгіі, мы ўвогуле ёсьць тым, што ямо) — ад пскоўскага хлеба й кількі ў таматным соўсе з Курыльскіх выспаў да польскіх прыправаў ды эквадорскіх бананаў.

Вольны час сіценцы аддаюць, у лепшым выпадку, сузіраньню мэксыканскіх сэрыялаў ды францускіх камэдыяў (тыя, хто мае сатэлітную талерку, увогуле пераключаюцца з краіны на краіну), або, у горшым, спажываньню зробленага на бяскрайніх прасторах Расеі шклоачышчальніка. Размаўляюць пра маскоўскіх «зорак» з чорнае скрынкі — на рынгу, у цырку, на лёдзе — або пра беспарадкі ў Эстоніі… Таму й выходзяць на сіценскую вуліцу, быццам у адкрыты космас: толькі перабрацца на працу, у сельпо ці на пошту ды хутчэй прамінуць гэную шэрую аднастайнасьць.

Мала таго, большасьць вяскоўцаў кватаруе ў дамох, якія ім не належаць: леспрамгасаўскіх хатах, у старэнькіх бацькоў ці ў інтэрнатах. Таму ані закінутыя гароды, ані сьметніцы пасярод вёскі тут нікога не зьдзіўляюць — маўляў, гэта ня мае да мяне аніякага дачыненьня. Калгасная нічыйнасьць — справа вядомая, а ў Сітне яна падкрэсьленая яшчэ й ніякавасьцю мясцовай улады, ды й тым, што адвыклі жыць зь зямлі.

І ўсё-такі незьнішчальная беларускасьць скрозь саўковае запусьценьне праточваецца. Ля зарослае пырнікам хаціны раптам, бы фаервэрк, успыхне высаджаны гладыёлус; сям-там па вёсцы шамаціць цэляфан цяпліцаў пад памідоры; ды нават у самой канторы, на сэйфе, у плястыкавай конаўцы з-пад маянэзу распускаецца выкапаны ў лесе дрымотнік. Чуеш, як майстрыца з прыёмшчыцай зь веданьнем справы абмяркоўваюць, якім чынам прышчапляць дзічку, — і разумееш: насамрэч, людзі тут таго ж роду, што і ў Мосары, дзе пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа павыкаранялі п’янства ды ператварылі мястэчка ў квітнеючы раёк.

Але ж тае беларускае сілы хапае адно на куточак. На адчайна ўзьняты сьцяг. Астатняе… а-а, не маё. І калі ў тым жа Мосары (таксама ж куточак у цэлым Паазер’і) парафіяне ўважаюць за свой абавязак упрыгожваць зямлю, на якой жывуць, хаця й лепш за іншых разумеюць, што тут мы толькі госьці, — у сіценца псыхалёгія «дом — тайга, мядзьведзь — гаспадар» апраўдваецца безнадзейнасьцю. Памру — хоць трава ні расьці. Або: сельсавет захоча — адбярэ. Або: выганяць з працы ў прамгасе — усё адно прападзе.

Вось і жывуць сіценцы штодня то на Курыльскіх выспах, то ў Галівудзе, то ў Вэнэсуэле.

Глябалізацыя?

Але ж пры ўсіх вартасьцях міжнароднага падзелу працы, транснацыянальнага капіталізму, вольнага гандлю ды ўсяленскай мэдыяпрасторы кропка апірышча (крытычна неабходная для вядомага рычага, пакліканага перавярнуць сьвет) — свая зямля. Дом. Сям’я.

Сіценцам, у якіх сьвядомасьць гаспадара вынішчалася і прыгонам, і савецкай калектывізацыяй, і камуністычным бязбожжам, востра патрэбная дапамога дзяржавы, каб адчуць зямлю пад нагамі. Неабходнае тэрміновае ўвядзеньне прыватнай уласнасьці на зямлю з правам продажу й перадачы ў спадчыну.

Сапраўдная рынкавая гаспадарка пачынаецца менавіта з гэтага.

І ня думайце, што лясная вёсачка на расейскім ўзьмежжы — вынятак. Глябальнае Сітна распаўзаецца па Беларусі значна хутчэй, чым будуюцца нейкія там аграгарадкі.

Мы ўжо каторы год б’емся над пытаньнем: як так зрабіць, каб несьвядомыя беларусы нарэшце палюбілі сваю краіну?

Усё проста.

«Мой родны кут, як ты мне мілы!..»

Трэба нарэшце даць кожнаму беларусу па сваім кавалку Беларусі. Каб той даводзіў да ладу згодна з асабістым уяўленьнем пра карыснасьць і прыгажосьць ды Боскім пакліканьнем. Праз два-тры гады пасьля ўвядзеньня прыватнай уласнасьці на зямлю вы й не пазнаеце Беларусі! Любоў да Радзімы сасьпявае праз асабістую, прыватную. Пасьля краху савецкіх спробаў навязаць «любоў да чалавецтва і плянэты ваабшчэ» шляхам абагульненьня чужога час заняцца сваім ды палюбіць бліжняга.

Беларусь трэба аддаць тым, хто ў ёй жыве. Толькі тады мы атрымаем цьвёрды грунт і для адкрытасьці сьвету, і для нацыянальнага абуджэньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)