Лица

Глеб-малодшы: «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта нашы адвечныя сымбалі

Вядомы форвард Вячаслаў Глеб, які гуляў за нямецкі «Гамбург» і швайцарскі «Грасхопер», малодшы брат лепшага футбаліста Беларусі ХХІ стагодзьдзя, выказаўся наконт гістарычнай сымболікі ды дэкрэта пра дармаедзтва.

Перад пачаткам чарговага чэмпіяната Беларусі па футболу Радыё Свабода пагутарыла з Вячаславам Глебам, які зараз бароніць колеры менскіх «Крумкачоў».

— Футбольны чэмпіянат паступова беларусізуецца — хоць бы на ўзроўні таго, як пішуцца прозьвішчы на майках. Тэндэнцыі ў правільным кірунку?

— Абсалютна пазытыўныя тэндэнцыі. Мы ўсе беларусы, павінны гэтым ганарыцца і гэта падкрэсьліваць. Мусім ведаць сваю мову, гісторыю. Таму я за беларусізацыю — абедзьвюма рукамі.

— Пакуль у беларускім футболе толькі адзін чалавек адважваецца публічна дэманстраваць моўныя здольнасьці — форвард салігорскага «Шахцёра» Мікалай Януш. Ухваляеце такі імпэт?

— Вядома, пахвальна, толькі за. Я таксама магу размаўляць, але гэта будзе, скажам так, беларуска-расейская мова. Што з улікам сёньняшніх рэалій нармальна. Галоўнае, ня трэба саромецца, камплексаваць.

Я лічу, што беларуская мова — адна з найпрыгажэйшых увогуле. На гэтую тэму заўсёды напаўжартаўліва спрачаюся са сваімі ўкраінскімі сябрамі. Яны кажуць, што самая прыгожая — украінская, я адстойваю беларускую, бо прыгажэйшай не існуе. Гэта такая адвечная спрэчка.

Калі ўзяць любых нашых суседзяў, практычна кожны грамадзянін валодае роднай мовай. Мы, на жаль, у гэтым пляне недазвольна шмат страцілі...

— Як думаеце, на якім этапе гэта здарылася? Беларусь насамрэч адна з рэдкіх краін, дзе роднай мове пакінуты статус другаснай.

— Ня буду заглыбляцца ў прычыны, але мы пачалі страчваць мову ў сярэдзіне 1990-х. На нейкі час пасьля развалу СССР адчулі, хто мы насамрэч, але неўзабаве ўсё скончылася. У сілу розных фактараў ад яе адмовіліся.

У тым ліку гэта рашэньне кіраўніцтва краіны. Ня тое што яно было супраць, проста нічога не зрабілі, каб скіраваць сытуацыю ў патрэбнае рэчышча. А якраз трэба было пачынаць са школы, каб ня толькі «Гісторыя Беларусі» па-беларуску, а ўсе прадметы выкладаліся на роднай мове. А расейская, калі ўжо так хацелі, хай бы была другой афіцыйнай. Атрымалася ж наадварот: усё перавялі на расейскую, беларускую амаль зьвялі.

Я сам яшчэ засьпеў хвалю беларусізацыі і перакананы: беларускай мовы ў школах, у ВНУ павінна быць нашмат больш, нашмат...

— Чаго далёка хадзіць, калі ваш з Аляксандрам тата — якраз прыклад сапраўднага патрыёта. Ці здолеў Павал Рыгоравіч перадаць гэтыя рысы сынам?

— Так, наш бацька — шчыры патрыёт сваёй Радзімы, вельмі любіць Беларусь, беларускую мову. Магу толькі канстатаваць як факт.

Зрэшты, кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю. Для мяне гэта як аксіёма. Той, хто ня ведае сваіх каранёў, наўрад ці можа сябе лічыць паўнавартасным грамадзянінам Беларусі.

Наша гісторыя — яна наша, ад яе нікуды не падзецца. Хочаце маё меркаваньне? Я таксама лічу: «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта нашы адвечныя сымбалі.

Абвясьцілі рэфэрэндум, зноў вярнулі чырвона-зялёны сьцяг і герб. Ня ведаю, як той плебісцыт праходзіў, але мы, відаць, адзіная краіна, якая захавала савецкія атрыбуты.

Чаму так здарылася? Хто яго ведае. Магчыма, нам іх проста навязалі. Было б нават цікава паглядзець на вынік, каб такі рэфэрэндум правялі зараз.

— Сёньня ў Беларусі адбываюцца працэсы, якія ставяць у тупік усю міжнародную супольнасьць. Напрыклад, «дармаедзкі дэкрэт». Амаль паўмільёна «ўтрыманцаў» на шыі дзяржавы — яўны перабор для невялікай краіны.

Дарэчы, «Крумкачы» нават запусьцілі акцыю: пакажы квітанцыю на сплату падатку — атрымай 10-працэнтную зьніжку. У пікантнае становішча трапілі і сем’і некаторых футбалістаў, бо прыбыткі мужа дазвалялі жанчыне сканцэнтравацца на хатніх клопатах.

— Для мяне гэта абсалютна непрымальна. З дэкрэтам адназначна пасьпяшаліся, ён сыры, недапрацаваны.

Чаму яго прынялі, не ацаніўшы наступствы, — ня ведаю, хай вырашае кіраўніцтва, чыноўнікі, дэпутаты. Аднак тое, што ў цяперашнім выглядзе ён не павінен існаваць, факт.

Ёсьць нюансы, якія не прапісаныя. Дапусьцім, чалавек доўга працаваў, зарабіў на жыцьцё чэснай працай — гавару ў тым ліку пра сябе і сваіх калегаў-спартоўцаў. Ёсьць грошы, ёсьць за што жыць. Я што, не магу забясьпечыць сям’ю, не магу дазволіць жонцы не працаваць? Калі ўтрымліваю, чаму нехта яшчэ павінен плаціць? Я плачу падаткі — дарэчы, вялікія — за сябе і сям’ю, які яшчэ «дармаедзкі» падатак?

Нават не ў грашах справа, а ў стаўленьні да людзей. Мне само слова гэтае не падабаецца. Які дармаед, што за архаізм?

Так, безумоўна, чалавек павінен працаваць. Але дзяржава павінна стварыць умовы, каб грамадзяне працавалі і зараблялі. А ня так, што з-пад палкі. У такім выпадку нічога добрага не атрымаецца.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)