Гісторыя з ноткамі трагікамедыі: што адбываецца з валютай у банкаматах?

Учора ў сеціве пачала з'яўляцца інфармацыя пра тое, што ў банкаматах няма даляраў, перадусім называліся банкаматы «Прыёрбанка». Пад вечар банк сам заявіў, што ў некаторых банкаматах для зняцця часова ёсць толькі беларускія рублі, піша Наша Ніва.

А каб зняць валюту, трэба пацікавіцца ў кол-цэнтры, дзе яна ёсць.

Што адбываецца? Аказваецца, гэта шматпавярховая гісторыя з ноткамі трагікамедыі.

Як расказалі «Нашай Ніве» абазнаныя, учора ўвечары ў адным з банкаматаў скончылася валюта — яе проста не паспявалі падвезці: у «Прыёрбанка», як і ў некаторых іншых банкаў, няма ўласнай службы інкасацыі, яны карыстаюцца цэнтралізаванай, што не дазваляе дагружаць банкаматы хвіліна ў хвіліну.

За гэты час хтосьці сфатаграфаваў абвестку аб адсутнасці валюты на дысплэі банкамата і пераслаў у папулярныя тэлеграм-каналы, у выніку чаго «за вечар з банкаматаў вынеслі ўсю валюту».

Дагрузіць банкаматы сваечасова было немагчыма, таму банк праінфармаваў аб праблемах.

Але ёсць і яшчэ адзін паварот гісторыі. Справа ў тым, што валюта гатоўкай завозіцца ў той жа «Прыёр» самалётамі з Франкфурта.

Пералёты цяпер забароненыя, таму ў банку сапраўды адчуваюць праблемы, але называюць іх часовымі.

На практыцы пакупка валюты адбываецца так: беларускі банк плоціць эмісійнаму цэнтру ў лічбавай валюце трошкі больш, а назад атрымлівае гатоўку, якую можа прадаць насельніцтву.

Груба кажучы, калі ўчора прыёраўскія банкаматы спустошылі трымальнікі іншых картак, то банк на гэтым нават зарабіў.

І вось цяпер, выглядае па ўсім, тым банкам, якія куплялі валюту ў Еўропе, прыдзецца купляць яе ў дадатковага пасярэдніка — Расіі.

Нейкі расійскі банк будзе яе купляць і дастаўляць у Расію, а потым яна будзе паступаць у Беларусь. Гэта дадатковыя выдаткі, без уліку лагістыкі фінансісты кажуць пра 0,25% камісіі з сумы ўгоды. Няясна, ці адаб'ецца гэта на курсе, найхутчэй, што не — у існай палітычнай сітуацыі банкі будуць вымушаныя пакрываць гэтую розніцу з уласных прыбыткаў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:20)