Спорт
Браніслаў Юрэвiч, «Наша Ніва»

Гісторыя хлопца, які нарадзіўся ў самай наркатычнай краіне свету, а пасля забіў пераможны гол на чэмпіянаце Еўропы

Вырашальны гол у фінале Еўра-2016 забіў партугальскі нападнік Эдэр. Калі быць дакладным — Эдэрзіту Антоніу Машэду Лопіш.

Няма сумневаў, што ноч з 10 на 11 ліпеня 2016 года — ягоная галоўны момант славы ў жыцці. «Наша Ніва» расказвае пра кручасты лёс Эдэра.

Эмігрант з Гвінея-Бісау

Хлопец нарадзіўся ў 1987 годзе ў горадзе Бісау, гэта сталіца Гвінея-Бісау, адной з найбяднейшых краін свету.

Хвілінка статыстыкі. Паводле падлікаў ААН, сярэдняя працягласць жыцця ў краіне складае каля 55 гадоў (уваходзіць у топ-10 найгоршых паказчыкаў).

Дзве траціны насельніцтва жыве за рысай беднасці. Будаўніцтва сацыялізма ў 1970-1980-ыя не дала ніякага плёну. Эканомікі ў Гвінеі-Бісау няма, легальны даход дае толькі нешматлікі экспарт рыбы і арэшкаў.

Турысты да гэтага месца не дабіраюцца, бо за апошняе дзесяцігоддзе Гвінея-Бісау ператварылася ў сапраўдную наркатычную дзяржаву. Праз яе пракачваюцца тоны какаіна, які перавозіцца з Паўднёвай Амерыкі ў Еўропу.

Гвінея-Бісау здабыла незалежнасць толькі ў 1974 годзе, а раней была калоніяй Партугаліі. Таму не дзіва, што пасля чарговага крызіса на радзіме бацькі Эдэра паспрабавалі знайсці лепшае жыццё менавіта ў Партугаліі.

Сям’я асела ў акрузе Каімбра, гэта цэнтральная Партугалія. А Эдэр стаў займацца футболам.

Не самы перспектыўны

Высачэзнага хлопца (цяпер ягоны рост — 190 см) адправілі ў атаку, і на юнацкім узроўні гульня ў нападзенні ў яго атрымлівалася. Праўда, суперперспектыўным Эдэр не быў ніколі — у вышэйшай лізе чэмпіяната Партугаліі дэбютаваў толькі ў 21 год, дый і там заблістаў не адразу — спачатку быў толькі адзін гол за 30 матчаў.

За сем гадоў гульні ў «Акадэміцы Каімбры» і «Бразе» ён назабіваў 50 галоў і паспеў дэбютаваць у зборнай Партугаліі.

Адна з паспяховых бізнэс-схем партугальскіх футбольных клубаў — выгадаваць гульца і прадаць яго за добрыя грошы ў іншыя еўрапейскія клубы.

Летась Эдэр прыглянуўся валійскаму «Суонсі», які выступае ў чэмпіянаце Англіі. За 13 матчаў ён не забіў ніводнага гола!

Схапіўшыся за галаву, гаспадары клуба хуценька збылі яго ў французскі «Ліль», дзе Эдэр, па шчырасці, расквітнеў, забіўшы 6 галоў.

Жалезны рэзервіст

У зборнай Партугаліі ад пачатку 2010-ых не было ўцямнага нападаючага, аднак у ім не было пільнай патрэбы. Універсальны Крыштыяну Раналду клаў у вароты суперніка гол за голам, у Эдэр толькі час ад часу выходзіў на поле.

Да пачатку гэтага года ў яго была катастрафічная статыстыка ў зборнай — 1 гол за 21 гульню!

На Еўра-2016 ён ехаў жалезным футбалістам запасу. Эдэру ўдалося выйсці на пару хвілін у матчах з Ісландыяй і Аўстрыяй. Добра калі ён паспеў хоць дакрануцца да мяча.

А вось у фінале траўма Крыштыяну Раналду прымусіла трэнера партугальцаў узмацняць атаку. Паколькі нападаючы ў запасе быў толькі адзін, Эдэр атрымаў час праявіць сябе. Атрымалася лепш не прыдумаеш. Сваім голам на 117-й хвіліне футбаліст прынес сваёй новай радзіме перамогу на чэмпіянаце Еўропы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)