Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах
Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту налічвае больш за 100 гадоў. Свабода сабрала асноўныя факты, якія тлумачаць прычыны і абставіны супрацьстаяньня палестынцаў і габрэяў, якое пачалося пасьля І сусьветнай вайны.
Што было на землях сучаснага Ізраілю да пачатку супрацьстаяньня паміж арабамі і габрэямі?
Да І сусьветнай вайны землі сучаснага Ізраілю знаходзіліся ў складзе Асманскай імпэрыі і называліся Палестынай. На гэтай тэрыторыі побач жылі габрэі і арабы.
Супраць войскаў Асманскай імпэрыі ў гэтым рэгіёне ваявала брытанская армія. За абяцаньне падтрымаць у будучым арабскую незалежнасьць арабы дапамаглі брытанцам ваяваць супраць туркаў. Але ў той жа час падобнае абяцаньне наконт габрэйскай дзяржавы атрымалі і габрэі — у дакумэнце, вядомым як Дэклярацыя Бальфура.
У 1922 годзе Ліга нацыяў (папярэднік ААН) перадала тэрыторыю Палестыны пад мандат Вялікай Брытаніі, якая і ажыцьцяўляла там кіраваньне амаль 25 год.
Што стала прычынай варожасьці паміж арабамі і габрэямі ў Палестыне?
Абодва бакі разглядалі Палестыну як сваю будучую дзяржаву.
Габрэі пачалі масава іміграваць у Палестыну напрыканцы XIX стагодзьдзя. Першая вялікая хваля імігрантаў прыбыла туды ў 1881 годзе, ратуючыся ад пагромаў у Расейскай імпэрыі. Але сапраўды магутным штуршком стала ідэя сіянізму, якая ўзьнікла дзякуючы Тэадору Герцлю і абвяшчала неабходнасьць стварыць у Палестыне габрэйскую дзяржаву. У выніку туды пачалі масава прыяжджаць габрэі ЗША і Эўропы. Вялікая частка прыежджых паходзіла з сучасных земляў Беларусі, дзе таксама існавалі сіянісцкія арганізацыі.
Працэс габрэйскай эміграцыі ў Палестыну выклікаў вялікую варожасьць арабаў, якія таксама выказвалі свае правы на гэтыя землі.
Першыя арабскія пратэсты пачаліся яшчэ ў 1920 годзе, зь цягам часу яны ператварыліся ў сталы канфлікт за землі Палестыны. Дзеля абароны ад пагромаў габрэі стварылі парамілітарную арганізацыю «Хагана». Арабы, у сваю чаргу, таксама пачалі ствараць парамілітарныя арганізацыі і выступаць ня толькі супраць габрэяў, але і брытанцаў.
На чыім баку былі брытанцы і які быў іх плян урэгуляваньня канфлікту?
У той час будучы статус Палестыны яшчэ быў невядомы. У 1921 годзе ва ўсходняй частцы Палестыны ўзьнік эмірат Трансіярданія, які заставаўся пад брытанскім кантролем да 1946 году, пакуль не абвясьціў незалежнасьць.
З прыходам да ўлады ў Нямеччыне Гітлера хваля эміграцыі габрэяў у Палестыну павялічылася. Арабы дамагаліся, каб брытанцы забаранілі габрэям прыяжджаць, але плёну гэта не прынесла.
Плян брытанцаў, як урэгуляваць канфлікт, заключаўся ў тым, каб стварыць у Палестыне дзьве дзяржавы: меншую габрэйскую і большую арабскую. Арабы гэты плян адрынулі і заявілі, што будуць змагацца за поўную незалежнасьць. У 1936–1939 гадах у Палестыне адбываліся сур’ёзныя антыгабрэйскія выступленьні, якія атрымалі назву «Арабскае паўстаньне ў Палестыне». Яно скончылася паразай арабаў.
Як паўплывала на канфлікт ІІ сусьветная вайна?
Пасьля вайны ў Палестыну пачалі прыяжджаць габрэі, які перажылі Галакост. Брытанцы ўводзяць квоты на прыезд і дэпартуюць караблі з габрэямі ў Эўропу, частку зьмяшчаюць у лягеры для інтэрнаваных на Кіпры.
Габрэйскія арганізацыі пачалі радыкалізавацца і ўчынялі напады на брытанскія аб’екты. На пачатку 1947 году Вялікая Брытанія адмовілася ад ролі мэдыятара паміж арабамі і габрэямі.
Плян падзелу Палестыны і незалежнасьць Ізраілю
У 1947 годзе ААН прыняла рашэньне падзяліць Палестыну паміж арабамі і габрэямі. Габрэйская дзяржава мелася заняць 56% Палестыны, арабская — 42%. Габрэі падтрымалі гэтае рашэньне, але арабы адрынулі, назваўшы несправядлівым, бо габрэі нават у сваёй частцы краю складалі меншасьць насельніцтва.
У 1948 годзе габрэі абвясьцілі пра стварэньне Дзяржавы Ізраіль. Празь некалькі дзён Арабская ліга (Ірак, Сырыя, Лібан, Трансіярданія і Эгіпет) рушыла на яе войскі. Пачалася Першая арабска-ізраільская вайна. Перамог урэшце Ізраіль, захаваўшы сваю незалежнасьць і павялічыўшы тэрыторыю.
Чаму канфлікт не спыніўся пасьля ўзьнікненьня Ізраілю?
Арабскія краіны не прызнавалі існаваньня Дзяржавы Ізраіль, у гэтым іх падтрымліваў СССР.
- У 1956 годзе прыхільны СССР эгіпецкі лідэр Гамал Абдул Насэр, які падтрымліваў палестынцаў, паспрабаваў нацыяналізаваць Суэцкі канал і закрыць яго для заходніх суднаў. Гэта прывяло да збройнага выступленьня Ізраілю, Францыі і Вялікай Брытаніі. Эгіпет пацярпеў паразу, а Ізраіль далучыў да сябе новыя землі.
- У 1964 годзе палестынцы стварылі Арганізацыю вызваленьня Палестыны, якую ўзначаліў Ясір Арафат. Яна займалася тэрарыстычнай дзейнасьцю. Адным з самых вядомых эпізодаў яе дзейнасьці стаў замах на ізраільскіх спартоўцаў падчас алімпіяды ў Мюнхэне ў 1972 годзе.
- У 1967 годзе адбылася «шасьцідзённая вайна». Яна сталася вынікам савецкай правакацыі. Масква ўвяла ў зман эгіпецкага лідэра Анвара Садата, што нібыта Ізраіль зьбірае войскі каля мяжы Эгіпту. Ізраільскія войскі нанесьлі папераджальны ўдар па Эгіпце, Сырыі і Ярданіі. У выніку Ізраіль заняў Усходні Ерусалім, большую частку Галянскіх вышыняў (Сырыя), Заходні бераг ракі Ярдан (які ўваходзіў у Трансіярданію) і Сынай (Эгіпет). Тады ж пад кантроль Ізраілю трапіў і сэктар Газа, які спачатку ўваходзіў у склад Палестыны, але пасьля абвяшчэньня Ізраілем незалежнасьці кантраляваўся Эгіптам.
- У 1973 годзе эгіпецкія і сырыйскія войскі напалі на Ізраіль. Гэтая вайна вядомая як Ём Кіпур (вайна Суднага дня). Нягледзячы на нечаканасьць удару, ізраільскія войскі празь некалькі дзён узялі сытуацыю пад кантроль.
- У 1987 годзе пачалося паўстаньне палестынцаў (так званая інтыфада) супраць заваёваў Ізраілю падчас «шасьцідзённай вайны». У гэты час узьнік ісламісцкі рух ХАМАС (скарот ад «Ісламскага руху супраціву»), які пазьней Ізраіль і многія краіны Захаду прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Як і хто спрабаваў урэгуляваць канфлікт?
У 1978 годзе скончыўся ізраільска-эгіпецкі канфлікт. Бакі заключылі дамову ў Кэмп-Дэвідзе (ЗША). Праз год быў падпісаны мір, паводле якога Эгіпет вяртаў сабе паўвостраў Сынай. Прэзыдэнт Эгіпту Анвар ас-Садат і прэм’ер Ізраілю Мэнахем Бэгін атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру.
У 1993 годзе Ізраіль і Арганізацыя вызваленьня Палестыны пачалі перамовы ў Осла, якія лічацца заканчэньнем першай інтыфады. У верасьні таго ж году прэм’ер Ізраілю Іцхак Рабін і Ясір Арафат на цырымоніі ў Вашынгтоне паціснулі адзін аднаму рукі, пазьней было падпісанае мірнае пагадненьне. Яго вынікам стала стварэньне Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі ў сэктары Газа і на Заходнім беразе.
У 1995 годзе тагачасны прэм’ер-міністар Ізраілю Іцхак Рабін падрыхтаваў пагадненьне, якое атрымала назву «Осла 2». Яно пашырала палестынскае самакіраваньне. У лістападзе, пасьля шматтысячнага мітынгу ў падтрымку мірнага працэсу ў Тэль-Авіве, Рабіна застрэліў праварадыкальны экстрэміст. Ён тлумачыў свой учынак тым, што «абараняў народ Ізраілю ад пагадненьняў у Осла». Тым ня менш мірны працэс працягваўся.
У 2000 годзе пачалася другая інтыфада, якая суправаджалася шматлікімі тэрактамі сьмяротнікаў. Фармальна ніхто ніколі не абвяшчаў пра яе заканчэньне. Але ў 2008 годзе лідэры ХАМАСу заклікалі да трэцяй інтыфады.
У 2002 годзе свой плян урэгуляваньня канфлікту прапанавала Саудаўская Арабія. Кронпрынц Абдала прапанаваў прызнаньне Ізраілю ўсімі арабскімі дзяржавамі ў абмен на вяртаньне габрэйскай дзяржавы да межаў, якія існавалі да «шасьцідзённай» вайны 1967 году, калі былі акупаваныя Заходні бераг і сэктар Газа. Ізраіль гэты плян адрынуў, заявіўшы, што вяртаньне да межаў перад 1967 годам немагчымае. Плян выклікаў пратэсты і ў арабскіх дзяржавах: Кувэйце, Лібіі, а таксама на саміх палестынскіх тэрыторыях.
Што зь дзяржавай Палестына?
Фармальна Палестына абвясьціла сваю незалежнасьць ад Ізраілю ў 1988 годзе. На сёньня яе прызнае большасьць краін-чальцоў ААН, але сама Палестына ў ААН не ўваходзіць. Сувэрэннай палестынскай дзяржавы фактычна не існуе. Сэктар Газа і Заходні бераг застаюцца анклявамі ў складзе Ізраілю, якія варагуюць нават паміж сабой.
З пункту гледжаньня ААН сэктар Газа і Заходні бераг знаходзяцца пад ізраільскай акупацыяй. Але рэальную ўладу ў сэктары Газа ажыцьцяўляе тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС. Ізраільская армія пакінула сэктар Газа яшчэ ў 2005 годзе. На Заходнім беразе кіруе ваенізаваная арганізацыя ФАТХ (скарот ад «Руху за нацыянальнае вызваленьне Палестыны»).
Якія адносіны паміж сэктарам Газа і Заходнім берагам?
Нягледзячы на тое, што ХАМАС і ФАТХ выступаюць за незалежную ад Ізраілю Палестыну, яны, па сутнасьці, доўгі час канфліктуюць паміж сабой. У 2006 годзе гэта прывяло да расколу Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі і збройнага канфлікту, які называюць сямігадовай грамадзянскай вайной у Палестыне.
Палестынская нацыянальная адміністрацыя не кантралюе ня толькі сэктар Газа (там кіруе ХАМАС), але і большасьць тэрыторыі Заходняга берагу (больш за палову тэрыторыі кантралюе армія Ізраілю).
Мірныя перамовы даўно зайшлі ў тупік, бо згоды няма нават паміж самімі палестынцамі. ХАМАС адмаўляе права Дзяржавы Ізраіль на існаваньне і праводзіць тэракты ня толькі супраць ізраільскай арміі, але і мірнага насельніцтва. ФАТХ, які кіруе на Заходнім Беразе, асуджае акты тэрору, але заходнія СМІ і ізраільскія арганізацыі неаднаразова публікавалі сьведчаньні датычнасьці кіраўніцтва ФАТХу да тэрарыстычнай дзейнасьці супраць Ізраілю.
Што адбылося 7 кастрычніка 2023 года?
З раніцы 7 кастрычніка палестынская групоўка ХАМАС, якая кантралюе сэктар Газа, канцэнтравана абстрэльвае Ізраіль, ізраільская армія наносіць авіяудары ў адказ па сэктары Газа. Забітыя ня менш як 600 ізраільскіх грамадзян, параненыя больш за дзьве тысячы. У Ізраілі аб’явілі стан вайны і ўвялі надзвычайнае становішча.
Ісламісты атакавалі ракетамі Тэль-Авіў, Сдэрот, Ашкелон і іншыя гарады. Як цьвердзіць Ізраіль, у Газе ХАМАС наўмысна разьмяшчае свае штабы ў цэнтрах пражываньня цывільнага насельніцтва. Ізраіль ударыў па шматпавярховых будынках у сэктары Газа. ЦАХАЛ кажа, што загадзя папярэдзіў жыхароў будынка і папрасіў іх эвакуявацца.
Кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія пацьвердзіў, што адной з мэт раптоўнага нападу на Ізраіль стала вызваленьне палестынцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. У турмах Ізраіля знаходзіцца некалькі тысяч удзельнікаў палестынскіх груповак.
Прэм’ер-міністар Ізраіля Бэніямін Нэтаньягу аб’явіў мабілізацыю рэзэрвістаў. Па ягоных словах, першая фаза ваеннай кампаніі «Жалезныя мячы» заключаецца ў зьнішчэньні баевікоў ХАМАС, якія прарваліся на тэрыторыю Ізраіля, і яна будзе завершана ў бліжэйшы час. Падчас другой фазы Ізраіль мае намер правесьці зачыстку ад баевікоў сэктара Газа і зьнішчыць іх камандаваньне, а таксама вызваліць з палону ізраільскіх закладнікаў.
Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное