Общество

Наталля Лубнеўская, Наша Нiна

Гісторыя дзяўчыны з фота, якая стала іконай стылю пратэстаў: «Беларусь наноў нараджаецца ў аўтазаку»

Фота гэтай элегантнай мінчанкі ў хустцы абляцела сацсеткі. Знаёмцеся — Аляксандра Вараб’ёва. Стылістка, фатограф, саўладальніца брэнда аддзення Separatio. А цяпер яшчэ і ікона стылю беларускіх пратэстаў.

Фота Радыё Свабода

На жаночым маршы ў суботу дзяўчыну затрымалі ўпершыню.

Калаж Міхаіла Мікуліча

— Я не спужалася, бо ў момант, калі нас заціснулі каля «Айсберга», мы сталі ў счэпку, я ўбачыла колькасць сілавікоў і зразумела, што проста так мы дадому наўрад ці сыдзем. Я вырашыла, што не супраціўляюся: максімум мне дадуць 15 сутак, гэта я змагу перажыць, — усміхаецца Аляксандра.

Дзяўчыну ў той вечар даставілі ў Маскоўскае РУУС. Адпусцілі праз некалькі гадзін з папярэджаннем.

— Супрацоўнікі вялі сябе вельмі тактоўна, практычна ніхто не спрабаваў вучыць нас жыццю. Калі дзяўчаты пачыналі самі вучыць жыццю супрацоўнікаў, то іх спрабавалі словамі супакоіць.

Я нічога не казала, бо разумела, што на гэтым этапе дыялог абсалютна бессэнсоўны. Людзі выконваюць сваю працу: хтосьці — таму што стаў закладнікам сістэмы і не можа выбрацца, а хтосьці сапраўды ў яе верыць, і мы яго наўрад ці пераканаем.

Наконт кампліментаў — іх вельмі здзівіла мая сумка, бо ў гэты маленькі мяшочак змясцілася вельмі шмат рэчаў, — успамінае Аляксандра.

Фота з сацсетак Аляксандры

Пару месяцаў таму гэта худзенькая дзяўчына нават уявіць не магла, што будзе стаяць у счэпцы.

— Я нават памятаю, як сказала сяброўцы, што, напэўна, не пайду на пратэсты, бо я жывая для гэтай краіны зраблю больш. Мне было сапраўды страшна, я лічыла, што я не той чалавек, які можа выйсці на вуліцу.

А калі я даведалася, што ледзь не да смерці былі збітыя мае сябры, то ў мяне страху не засталося. Бо мне здаецца, прага справядлівасці, надзея на тое, што гэта не можа застацца беспакараным, нашмат мацнейшыя за страх.

На пратэсты Аляксандра выбірае той жа гардэроб, што і ў звычайным жыцці. Яе стыль — рэтра-мінімалізм.

— Кожны дзень я фарбую вусны чырвонай памадай, нашу галаўны ўбор, напрыклад, берэт. Хустку, якая трапіла ў гэты кадр, я надзела ўпершыню. Памятаю момант, калі, выходзячы ранкам з дома на працу, я падумала, ці патрэбна яна мне, і такая: ну ладна, калі будуць затрымліваць і сфатаграфуюць, то будзе прыгожа, — жартуе мінчанка.

Яна тлумачыць, што камфортна адчуваць сябе можна не толькі ў байцы і красоўках.

— На мне было вялізнае прыгожае паліто. Нават мая сястра сказала: а табе не шкада было яго? Не, не шкада — галоўнае, што было цёпла.

Канечне, калі б я сядзела ў ізалятары, я б хацела, каб мне прынеслі спартыўны касцюм з начосам (смяецца). Але пакуль я хаджу па вуліцах, яны не могуць мяне пазбавіць магчымасці быць у тым стылі, у якім я хачу.

Я ў жніўні не насіла абцасы нікуды, бо баялася, што мяне затрымаюць. А ў нейкі дзень вырашыла: блін, яны мяне нават абцасаў пазбаўляюць! І пачала іх насіць. Але не на пратэсты.

На пытанне, чаму яна выходзіць на маршы ў гэтыя дні, Аляксандра адказвае коратка: не можа інакш.

— З аднаго боку, прысутнасць ці адсутнасць на мітынгу адной дзяўчыны не зменіць многае. Але для мяне гэта вельмі важна. Як нехта сказаў: цяпер Беларусь наноў нараджаецца ў аўтазаку. І ў суботу я прайшла гэта хрышчэнне.

Я такая. Я вельмі люблю Беларусь і веру, што не можа працягвацца гэта беззаконне і татальная несправядлівасць, закапванне ўсіх нашых свабод, талентаў, магчымасцяў.

Гэта цягнулася доўга, але многія заплюшчвалі вочы. У тым ліку і я — але я раблю зніжку на тое, што была занадта маладая. А цяпер рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, няправільна. Можна прымаць удзел па-рознаму. Для сябе я вырашыла, што выходжу. Тым больш чаму я не магу пагуляць на вуліцы з сяброўкамі ў выходныя?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(42)