Общество

Сямён Печанко

Гісторыя адной цэнзуры. Як з дзённіка савецкага партызана зніклі «нязручныя» сведчанні

Параўноўваем арыгінал і версію, надрукаваную ў дзяржаўным часопісе.

У 2018 годзе ў часопісе «Маладосць» быў надрукаваны «Дзённік партызана» — запісы Вячаслава Хілімонава, які ваяваў у складзе аднаго з партызанскіх атрадаў на Карэліччыне. У распараджэнні «Салідарнасці» апынулася копія арыгінальнай версіі дзённіка.

Фота старонкі часопіса «Маладосць»

Адзначым, што нават пры беглым параўнанні абодвух варыянтаў у вочы кідаюцца заўважныя адрозненні: на старонкі «Маладосці» не патрапілі эпізоды з жыцця атрада, звязаныя з алкаголем, расстрэлам мірных жыхароў, самагубствам партызанаў, а некаторыя моманты былі ўвогуле перапісаныя.

Іншымі словамі, у часопісную версію не патрапілі акурат тыя моманты, без якіх не абыходзіцца ніводная вайна, без ведання якіх праўда пра страшныя гады будзе няпоўнай.

Прывядзём некалькі прыкладаў-параўнанняў. Але для пачатку колькі словаў пра тое, што яшчэ прыцягвае ўвагу ў дзённіку карэліцкага партызана.

Аўтарская прадмова да дзённіка

Найперш тое, што камсорг савецкага партызанскага атрада вёў свае запісы па-беларуску. Няхай і з памылкамі, але сваю «Лясную рэспубліку» ён напісаў на жывой беларускай мове.

У прадмове Вячаслаў Хілімонаў тлумачыў, што «душой і целам імкнуўся да іншага жыцця», марыў стаць інжынерам, але вайна не пакінула яму вялікага выбару: «І тут раптам пашыўся ў «сталінскія бандыты». Дзе і грабёж, і забойствы былі нярэдкай з’явай».

Аўтар дзённіка пісаў, што ўсё гэта было далёка ад яго памкненняў, ад жыццёвага шляху, які ён сабе выбраў. «Але гэта была вайна, якая не лічылася ні з кім і не з чым».

Вячаслаў Хілімонаў апісваў партызанскія будні і ўласныя перажыванні шчыра, не ўтойваючы змрочныя дэталі, што не рабілі гонар некаторым ягоным паплечнікам. 

Што не трапіла ў часопіс або было перароблена

Запісы пра партызанскае жыццё ў арыгінальным дзённіку Хілімонава пачынаюцца з 9 лютага 1943-га. У «Маладосці» — з 3 мая таго ж года. Дзякуючы гэтаму ў часопісную версію не трапіла сведчанне пра расстрэл партызана Мікалая Гошкава — за ўцёкі з атрада. А таксама расказ пра «гаспадарчыя аперацыі» — так аўтар дзённіка называе выезды партызанаў у вёскі па правіянт і адзенне. Хілімонаву такія «аперацыі» не падабаліся, ён называў іх «маленькім грабяжом», хоць і прызнаваў іх непазбежнымі ў партызанскіх умовах.

Допіс за 19 мая 1943-га (арыгінал з захаваннем асаблівасцяў пісьма аўтара): «Учора было сабранне атрада —  тэма вядомая — умацаванне дысцыпліны. У канцы сабрання быў прачытаны камісарам (…) загад аб расстрэле збегшага ў той няўдалай аперацыі нейкага Марцінеўскага — паляка ці што? Ён выдаў паліцыі распалажэнне нашага лагера, а вінтоўку закапаў, а сам хаваўся. Загад быў выкананы ўчора яшчэ. Сям’я яго тожа падляжыць той самай кары і мусіць сёння палучыла за заслугі. Ну што ж, гэта не хахенькі, тут жа ідзе аб жыццё».

У часопіснай версіі фрагмент пра сям’ю расстралянага Марцінеўскага перапісаны і выглядае так: «А што будзе з яго сям’ёю — невядома. Гэта ж не хаханькі — усё зводзіцца да жыцця ці смерці. Ды не аднаго, а сотні чалавек».

Не патрапіў у адрэдагаваны варыянт дзённіка і фрагмент, дзе ягоны аўтар апісвае ўласны псіхалагічны стан за некалькі месяцаў да вызвалення Беларусі: «Няма ахвоты ні да працы, ні да яды, нават да п’янкі, да дзяўчат не хочацца».

Як і апісанне велікодных святкаванняў у красавіку 1944-га: «Сёння другі дзень Вялікадня, я не выехаў на раён, што думаў зрабіць, з-за кабылы. Яна ў мяне замуляная. На Добрачы сёння выпівалі: наш камдзіў, Царук, Дзеяў, Сцепчанка ды іх сем’і. Была гулянка. Я слаба весяліўся, зусім быў цвярозы».

Ці апісанне падрыхтоўкі да святкавання Першамая: «Заўтра 1-е Мая, дзень баявога агляду сіл працоўных. Наш дывізіён падгатоўлены да святкавання і да дзеянняў. Заўтра адбудзецца парад, мітынг, выпіўка, а потым мусіць паездка на раён. Спадзяемся на гасцей з аблцэнтра».

У «Маладосці» пра гэта сказана адным пераробленым сказам: «А ў нас тут ідзе падрыхтоўка да святкавання Першага мая, на якім павінны быць, як абяцалі, прадстаўнікі аблцэнтра, мо і сам Платон».

Апісанне ўласна святкавання таксама мае істотныя адрозненні. У арыгінале: «Потым быў абед у спецыяльнай сталовай для ўсяго саставу і гулянка на Добрачы». Паводле версіі 2018-га: «Закончыўся святочны дзень абедам на адкрытым  паветры ў часова зробленай сталовай для ўсіх удзельнікаў святкавання і танцамі на Добрачы. Адным словам, свята было сапраўды па-савецку адзначана».

Помнік партызанам і мірным жыхарам, што загінулі ў гады вайны. Вёская Вялікая Слабада, Карэліцкі раён

Таксама з допіса за 30.04.44 «выпала» гісторыя пра самагубства партызана-камсамольца, які перад смерцю застрэліў з рэўнасці дзяўчыну. І апісанне інцыдэнта з п’яным партызанам, які ледзь не застрэліў калегу з іншага атрада, а потым страляў «сабе пад бараду з чужой вінтоўкі».

Пра аўтара «Дзённіка партызана»

Вячаслаў Хілімонаў (1920-1999) нарадзіўся ў Тамбоўскай вобласці ў сям’і беларусаў з Карэліччыны. Праз два гады пасля яго нараджэння сям’я вярнулася ў родную вёску Вялікая Слабада.

У партызанах быў у 1942-1944 гг. Быў камсоргам, камісарам 2-га атрада 1-й Беларускай кавалерыйскай брыгады пад камандаваннем Дзмітрыя Дзенісенкі (Міцькі).

У складзе аднаго з палкоў Першага Беларускага фронта дайшоў да Берліна.

Пасля вайны працаваў журналістам, пісаў успаміны і п’есы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(38)