Общество
Іна Студзінская, ”Радыё Свабода”

Гісторыя 1951 года ў скаргах і даносах

Днямі выйшла з друку кніга гісторыка Аляксандра Гужалоўскага “...Міласьці Вашай просім”, альбо Адзін год у навейшай гісторыі Беларусі, адлюстраваны ў лістах, заявах, скаргах і іншых формах звароту грамадзян”.

У зборніку зьмешчаныя звароты і скаргі грамадзянаў толькі ў ЦК КПБ цягам аднаго 1951 году. Да пачатку 1990-х усе партыйныя дакумэнты былі засакрэчаныя, а цяпер яны знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Беларусі. Чаму абраны менавіта 1951 год, тлумачыць Аляксандар Гужалоўскі.

(Гужалоўскі: ) “Мы размаўляем пра паўсядзённасьць. І таму ня трэба ніякага знакамітага году, вызначальнага. Узялі проста адзін год, зрэз жыцьця. Звычайны год у найноўшай гісторыі Беларусі”.

Паводле прызнаньня аўтара, ягоная мэта — рэканструкцыя малавывучанага штодзённага жыцьця беларусаў у паваенны час. І хаця скаргаў і даносаў менавіта ў ЦК КПБ пісалася вялікая колькасьць, Аляксандар Гужаноўскі лічыць:

(Гужалоўскі: ) “Гэта агульна савецкая, дакладней, таталітарная зьява. Немцы таксама пісалі скаргі падчас фашысцкага рэжыму, там усе даносы адзін на аднаго пісалі з 1933 па 1945 гады. І ў нас тое самае адбывалася, у Беларусі і на ўсёй савецкай прасторы. Я імкнуўся выбіраць такія лісты, якія мелі сацыяльны аспэкт. Гэта прыкладна дзесятая частка ад таго, што было напісана ў ЦК на працягу году. Дзесятая частка. А 90% — даносы. Я ня думаю, што гэта цікава, брудную бялізну паказваць”.

Даносы пісалі на начальства, калегаў, сяброў, сваякоў. Вінавацілі ў адсутнасьці бальшавіцкай пільнасьці, махлярствах, крадзяжах, амаральных паводзінах. Некаторыя матэрыялы сьведчыць пра існаваньне антысэміцкай палітыкі. Так, на імя сакратара ЦК КПБ Патолічава паступіў данос на асьпіранта БДУ, які (цытую) “называўся спачатку беларусам, потым украінцам, а насамрэч — “тыповы Абрам”, што імкнецца нячэсным шляхам прабрацца да вяршыняў навукі і далучыцца да бязродных касмапалітаў, якія не павінны трапіць у сьвет навукоўцаў”. Таму аўтар даносу, якія падпісаўся (цытую на мове арыгіналу) “Знающим”, патрабуе “выгнаць габрэя з унівэрсытэту”.

ЦК КПБ лічыўся апошняй інстанцыяй, якая, на думку простых грамадзянаў, магла вырашыць іх праблемы. Таму ў сур’ёзных зваротах людзі не хавалі сваіх прозьвішчаў, кажа Аляксандар Гужаноўскі.

(Гужалоўскі: ) “Большасьць усё ж такі падпісвалася. І, як ні парадаксальна, на большасьць лістоў нейкая рэакцыя была ў бок вырашэньня праблем. І дапамагалі людзям. Напрыклад, самадур-старшыня калгасу, які зьбівае калгасьнікаў. Яго выклікалі ў райкам, здымалі. Так што дапамога людзям была. І людзі не баяліся падпісвацца”.

Тагачасная практыка прымушала ўлады рэагаваць на кожную скаргу ды прымаць захады. Кожны ліст суправаджаецца сьціслым вынікам разгляду — што канкрэтна прынята. Безумоўна, ёсьць і цалкам сьмешныя, ёсьць і абсурдныя прапановы і пытаньні, кажа Аляксандар Гужаноўскі.

(Гужалоўскі: ) “Прапануе Нёман павярнуць назад адзін дзівак. Другі пытаецца, калі адбудзецца калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Францыі і Бэльгіі. Такое пытаньне шчыра задае. Канечне, там ёсьць такія шэдэўры”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)