Гісторык: «У Беларусі адбылася рэвалюцыя свядомасці. І гэта незваротна»
У рамках спецпраекта «Што далей?» гісторык Анатоль Сідарэвіч разважае пра неабходныя ўмовы для перамогі дэмакратыі ў нашай краіне.
Анатоль Сідарэвіч, фота Радыё Свабода
— Тое, што адбываецца ў Беларусі з мінулага лета, гэта рэвалюцыя, бунт, паўстанне? Як можна назваць гэтыя падзеі?
— А што людзі разумеюць пад рэвалюцыяй? Рэвалюцыя пачынаецца са свядомасці. Пра гэта можна пачытаць у Мікалая Бухарына. Перш за ўсё пачынаецца рэвалюцыя ідэалагічная. І мы бачым, што ў свядомасці беларусаў розных пакаленняў і практычна ўсіх сацыяльных пластоў адбыўся зрух.
Рэвалюцыя адбылася. Следам, калі ізноў жа кіравацца марксісцкай тэорыяй, ідзе палітычная рэвалюцыя. Але гэта не значыць, што тое адбудзецца аўтаматычна. Тут могуць быць разрывы, пэўныя этапы. Але калі адбылася ідэалагічная рэвалюцыя, рэвалюцыя свядомасці, то палітычная рэвалюцыя робіцца справай часу.
— У савецкай песні спявалася «Есть у революции начало, нет у революции конца». Ці праглядаецца ў нашай рэвалюцыі фінал?
— Кожная краіна, якая ідзе да дэмакратыі, да адкрытага грамадства, у якім паважаюцца правы і годнасць чалавека, мае свой шлях. Колькі рэвалюцый перажыла Францыя? Партугалія? Я з ліку збіваюся, пералічваючы падзеі ў Іспаніі, якія называлі рэвалюцыяй.
«Есть у революции начало, нет у революции конца» — гэта прыгожыя словы, але ў рэвалюцыі бывае канец. Наглядны прыклад — Злучанае Каралеўства, дзе пасля крывавай Пурытанскай рэвалюцыі брытанцы, англічане найперш, не захацелі другой крывавай рэвалюцыі. І там адбылася Слаўная рэвалюцыя. Брытанскі палітычны клас завёў палітыку кампрамісу. І калі наспяваюць рознага кшталту рэформы — сацыяльныя, эканамічныя ці палітычныя, вярхі не адкладваюць з іх правядзеннем, каб не выклікаць бунт і не ўжываць супраць бунтароў зброю.
Бо народ мае законнае права на ўзброены супраціў, калі супраць яго выстаўленая сіла. Гэта такое брытанскае права. Дык вось, ад 1688-га ў Злучанным Каралеўстве не было ніводнай падзеі, якую б можна было назваць рэвалюцыяй. І дзе сёння Вялікабрытанія знаходзіцца ў рэйтынгу развітых краін, мы ведаем.
Самым вялікім рэвалюцыянерам, ці падбухторшчыкам да рэвалюцыі, заўсёды з’яўляецца дзейная ўлада, у любой краіне. Ці гэта Мікалай ІІ са сваім атачэннем, ці Чаўшэску.
— Сёння ўсё часцей гучыць крытыка падкрэслена мірнага характару беларускага пратэсту. Ці ўдасца грамадству ўтрымаць гэтую лінію паводзінаў?
— Лічу, што нам пажадана прытрымлівацца гэтай лініі. Я не кажу, што нам удасца гэта ці не. Я прытрымліваюся той думкі, што нас гэтая ўлада так прыкавала да Масквы, што пытанне перамогі дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі цесна ўвязана з пытаннем рэвалюцыі ў самой Расіі.
Не сакрэт, што Уладзімір Пуцін паабяцаў Аляксандру Лукашэнку ў выпадку чаго аказаць «брацкую дапамогу». То бок, «дактрына Брэжнева» пераўтвараецца ў «дактрыну Пуціна».
— Тут і адказ на пытанне, чаму беларусам варта прытрымлівацца мірнай лініі?
— Для таго, каб пазбегнуць інтэрвенцыі.
— У студзені 1918-га бальшавікі разагналі Усерасійскі ўстаноўчы сход, а Уладзімір Ленін паставіў крыж на надзеі беларускіх дзеячаў пра незалежнасць Беларусі. Ці не паўтараецца сёння гэтая гісторыя, калі многія беларусы пачынаюць мяняць сваё стаўленне да Расіі, якая падтрымала Лукашэнку?
— І ва Украіне, і ў Грузіі, і ў іншых постсавецкіх краінах Расія робіць усё, каб страціць свой уплыў і аўтарытэт. Слон у посуднай лаўцы. Краіна, якая па эканоміцы займае месца пасля Іспаніі, прэтэндуе на статус супердзяржавы.
Так, многія беларусы пачынаюць пераасэнсоўваць свае адносіны да Масквы. Але ў любым разе застанецца частка тых, хто будзе і далей прытрымлівацца прарасійскіх поглядаў. Такія ёсць нават ва Украіне, якая перажывае ваенную агрэсію з боку Расіі.
Майму ідэалу адпавядае дзяржаўны нейтралітэт. Я спасылаюся на швейцарскіх, нарвежскіх ды ісландскіх сацыялістаў, якія не рвуць на сабе кашулю дзеля сяброўства ў Еўрасаюзе. Гэтыя краіны па-за ЕС, але хто скажа ў Швейцарыі, Нарвегіі ці Ісландыі менш дэмакратыі, правоў чалавека і сацыяльных дасягненняў? Гэтыя краіны па многіх пазіцыях наперадзе іншых еўрапейскіх краін.
То пабудуйце Еўропу ў сябе, і неабавязкова пры гэтым уступаць у Еўрапейскі Саюз.
— Калі падсумаваць: рэвалюцыя свядомасці — гэта незваротны працэс?
— Гэта незваротны працэс. Па-першае, новыя інфармацыйныя тэхналогіі не дазволяць вярнуць грамадства ў ранейшы стан. Спажывальнікаў тэлевізійнай прадукцыі застаецца ўсе менш і менш. Людзей прымушалі і працягваюць яшчэ прымушаць выпісваць «Советскую Белоруссию». Але колькі з іх яе чытае — вялікае пытанне.
Па-другое, з’явіліся якасна новыя магчымасці для самаадукацыі. Акрамя таго, важнае значэнне мае праца старых партыйных арганізацый і структур. Моладзевых арганізацый пры іх, жаночых. Найперш, палітычная асвета.
Дваццаць шэсць год дэмакратычныя партыі адстойвалі тое, што цяпер адстойваюць сотні тысячаў беларусаў. Я думаю, што гэтая бацыла, як некалі казалі контррэвалюцыянеры, будзе дзейнічаць і далей.
Акрамя таго, сённяшні рэжым, які ўсім рацыянальным аргументам здольны супрацьпастаўляць толькі Argumentum ad baculinum, то бок аргумент да бізуна, здольны трымацца толькі на штыхах.
Але ў сілавых структурах таксама людзі. На прыкладах салазараўскай Партугаліі, ці Расійскай імперыі мы ведаем, як у такіх выпадках адбываецца эрозія сілавых структур. Ёсць багата прыкладаў, калі пасля такой эрозіі рэжымы паміралі. Так будзе і ў Беларусі. Гэта пытанне часу.
І яшчэ раз нагадаю, што мы моцна прывязаныя да Расіі, таму поспех нашай рэвалюцыі залежыць ад таго, ці адбудуцца там нейкія рэвалюцыйныя падзеі. Хоць бы і з наступнай контррэвалюцыяй.
Ёсць і такі геапалітычны момант. У 2014-м пасля ўкраінскай рэвалюцыі я пісаў артыкул «Паўвостраў Беларусь». Сёння наша краіна — гэта балкон ці паўвостраў, які месціцца паміж краін НАТО і ЕС (з поўначы і захаду) і мяжуе з краінай, якая імкнецца ў НАТО і ЕС.
Як доўга можа трымацца гэтая краіна-балкон, гэты паўвостраў? Не сакрэт, што яе існаванне (ў такім выглядзе) не ў інтарэсах вышэйпералічаных краін. І ў іх інтарэсах падтрымліваць беларускую рэвалюцыю. Некалі яшчэ Антон Луцкевіч сказаў, што толькі разам з дэмакратыямі іншых краінаў пераможа дэмакратыя ў Беларусі.
Пётр Рудкоўскі: «Не трэба ўпадаць у роспач, калі ў пратэстах здарыцца паўза»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное