Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: Тэорыі і практыкі сучаснай Расіі нагадваюць гітлераўскую Нямеччыну

Аляксандр Пашкевіч падзяліўся з Филином думкамі пра прычыны вайны ва Украіне.

Фота: Сергей Ревера, УНІАН

— Пра што кажа публікацыя на РИА Новости пад красамоўнай назвай «Что Россия должна сделать с Украиной»? Гэта праграмны артыкул расійскай улады, ці ўсё ж можна дапусціць думку, што гэта прыватнае меркаванне?

— Я не думаю, што прыватныя меркаванні будуць публікавацца на РИА Новости, гэтае агенцтва з’яўляецца галоўным рупарам расійскай прапаганды.

Тая дарога, якой ідуць расійскія ўлады, была закладзена даўно. Яна яскрава праявілася 24 лютага, калі Расія напала на Украіну. І гэта пазбаўляе ілюзій, што гэта штосьці выпадковае, ці прыватнае.

Мы бачым бамбаванне мірных гарадоў, гісторыю Бучы з яе шматлікімі ахвярамі, Марыупаля ды іншых украінскіх гарадах. Таму я не бачу тут нейкай выпадковасці. Гэта тая палітыка, якую Масква абвяшчала як найбольш адпаведную і якую яна цяпер рэалізуе ў жыцці.

— Сучасная Расія, яе кіраўніцтва, дзяржаўны лад у многіх усё больш выклікаюць асацыяцыі з гітлераўскай Нямеччынай. Ці справядлівае такое параўнанне?

— Безумоўна, цяпер ужо можна гаварыць, што Расія цалкам аформілася. Можна спрачацца, ці гэта нейкая новая з’ява, ці працяг фашысцкіх ідэалогій, якія існавалі ў Еўропе ў першай палове ХХ стагоддзя. Але па сутнасці гэта рэпрэсіўна-таталітарная ідэалогія, якая ўзносіць нацыяналістычныя, імперскія ідэі.

Вельмі шмат і ў тэорыі, і ў практыцы сучаснай Расіі падабенства з Нямеччынай 1930-1940 гадоў. Таму я лічу, што гэтыя паралелі слушныя і могуць праводзіцца.

— Вайсковыя эксперты, журналісты, якія бачылі вайну ў Чачні, кажуць, што разня ў Бучы не стала для іх навіной. Для вас, як для гісторыка, ці было тут штосьці новае, ці здзівіла вас гэта?

— Тыя кадры мяне не асабліва здзівілі, бо нечага падобнага я акурат і чакаў. Я ўвесь час сачыў за навінамі, за ходам падзей. І ў прынцыпе здагадваўся пра тое, што расійскія войскі будуць паводзіць сябе негуманна, што ім будзе ўсе дазволена.

І калі з’явілася інфармацыя, якая ўсё пацвердзіла, гэта не стала для мяне адкрыццём. Бо ўсё вынікала з логікі развіцця падзей.

Гэта нагадала тое, што ў нас адбываецца з 2020-га, калі сілавікам дазволілі рабіць што заўгодна, адкрылі ўсе магчымыя шлюзы і пазбавілі ўсялякай адказнасці за гэта.

Як вядома, ўсё гэта прарвалася. І калі нават не было адпаведных загадаў, людзі, якія не маюць маральных тармазоў, якіх выключылі з прававога поля, рабілі тое, што ім хацелася. 

Гэта абсалютна лагічны вынік развіцця амаральнай сістэмы ўлады, амаральнай пабудовы грамадства. У Беларусі задушэнне пратэстаў адбывалася фармальна ў мірны час, што, прынамсі, стрымлівала сілавікоў ад масавых забойстваў. А вось тут, калі з’явілася ваенная сітуацыя, усё гэта праявілася ў крайняй форме.

— На вашу думку, што бліжэй беларусам — «Можем повторить», ці «Ніколі зноў»? Ці можна спадзявацца, што гісторыя вызваленных паселішчаў пад Кіевам зменшыць колькасць прыхільнікаў «русского мира» сярод беларусаў?

— Для беларусаў дэвіз «Ніколі зноў» адназначна больш актуальны. Гэта адчуваецца і назіраецца хоць бы па тым, што ў Беларусі няма такой масавай істэрыі, масавага заахвочвання гэтай вайны, як гэта ёсць у Расіі.

І тыя, хто назіраюць сітуацыю знутры, і вонкавыя назіральнікі аднолькава адзначаюць, што беларускае грамадства сваім стаўленнем да вайны адрозніваецца ад расійскага.

Нават прыхільнікі Лукашэнкі, якія знаходзяцца пад уплывам як афіцыйнай, так і расійскай прапаганды, якія з разуменнем ставяцца да дзеянняў Расіі, лічачы, што тая дзейнічае справядліва ва Украіне, выступаюць супраць прамога ўдзелу беларусаў у вайне. То бок, для сябе беларусы прызнаюць «Ніколі зноў», а не «Можем повторить».

Пра тое, ці зменшаць узровень падтрымкі Расіі кадры з Бучы, мне цяжка казаць. Расію сёння найперш падтрымліваюць тыя, хто знаходзіцца пад уплывам расійскай прапаганды, тэлебачання. Як і беларускага, якое канчаткова стала філіялам расійскага.

І калі яны не кінуць глядзець тэлевізар, у якім не паказваюць праўду пра Бучу, кажуць пра фэйкі і ўкраінцаў, якія самі гэта зрабілі, ім будуць не важныя любыя факты, страшныя карцінкі, яны будуць адмаўляць іх рэальнасць.

Таму я не маю ўпэўненасці, што гэта неяк размые цвёрдае ядро прыхільнікаў Масквы і ахвяраў прапаганды.

— Амерыканскія генералы папярэджваюць, што гэтая вайна надоўна, мінімум на гады. Па вашых адчуваннях, ці можа ўсё скончыцца раней?

— Не думаю, што ўсё гэта так прадвызначана на гады. Натуральна, гэта можа расцягнуцца і на гады, а можа і на месяцы, на тыдні. Пра гэта цяжка меркаваць, не ведаючы, што робіцца ў сярэдзіне расійскіх кіроўных колаў. Не ведаючы, колькі ў Масквы засталося рэсурсаў. Ці доўга пратрымаецца іх эканоміка ва ўмовах санкцыйнага ціску?

Не ведаючы, ці наважацца на больш сур’ёзную падтрымку Украіны заходнія краіны ў сферы наступальнага ўзбраення, самалётаў, ці ўласна закрыцця неба. Ці наважацца нарэшце на эмбарга нафтавае і газавае.

Усё залежыць ад мноства фактараў. Некалі мы верылі ўсім светам, што ў Расіі вельмі моцная армія, якая на паверку аказалася зусім не такой і моцнай. Тое самае можа быць і з эканомікай. Магчыма, у яе не такі і вялікі запас трываласці, як здаецца.

Магчыма, амерыканцы валодаюць усёй гэтай інфармацыяй, а таму могуць рабіць такія прагнозы. У любым выпадку, я думаю, што вайна будзе працягвацца. Па той прычыне, што Пуціну і ягонаму атачэнню няма куды адступаць: яны свой выбар зрабілі, чырвоныя лініі перайшлі, масты спалілі.

І яны не могуць спыніцца, бо дабром для іх гэта не скончыцца. У Крамлі гэта разумеюць, таму намагаюцца вайну працягнуць і так або іначай нейкага пазітыўнага выніку для сябе дасягнуць. І тыя войскі, што выведзеныя з поўначы Украіны, выведзеныя ў Беларусь, некуды перадыслакуюцца.

І як прагназуюць многія, варта чакаць маштабнага наступлення на усходзе і на поўдні. Таму там вайна працягнецца, мы пабачым наступныя вынікі. І калі, напрыклад, і на Данбасе ў Расіі здарыцца ваенны крах, магчыма, вайна скончыцца хутчэй, чым за гады. Ці так гэта, бліжэйшы час пакажа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(30)