Гісторык: «Пры акупантах такога не было, пры царызме»

Аляксей Каўка — пра сённяшнюю Беларусь.

Большая частка жыцця беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы Аляксея Каўкі прайшла ў Маскве, дзе ён доўгі час працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры, быў галоўным рэдактарам славяназнаўчага часопіса.

Але думкай і сэрцам ён заўсёды імкнуўся на радзіму, перажываў за суайчыннікаў. Імкнецца, перажывае і сёння. Нават пандэмія не стала для шаноўнага доктара навук перашкодай. Мы сустрэліся для гутаркі ў зацішнай чытальнай зале, дзе мой суразмоўца сядзеў, абклаўшыся архіўнымі справамі.

— Аляксей Канстанцінавіч, гады два вы не былі ў Мінску — з-за каранавіруса. Ды і цяпер забаронныя шлагбаумы дарэшты не зняты. Як вам удалося прарвацца на радзіму?

— Прарывацца не давялося, ехаў без прыгод. Дзякуй Богу, пачалі хадзіць цягнікі, з’явіўся і новы маскоўскі — «Ласточка». Ім я і дабіраўся. Народу ў вагоне было няшмат, чалавек пятнаццаць. Я вакцынаваны, адпаведныя паперы былі пры мне, але іх ніхто не правяраў. Хацелася мне ўзяць з сабой у Мінск бел-чырвона-белы сцяжок, які мне ў свой час падаравала наша славутая Вольга Корбут...

— З тым сцяжком вас проста на вакзале маглі б затрымаць. А калі Корбут вам яго падаравала?

— Яшчэ ў 1989 годзе, калі яна з Данчыкам і сваім мужам Леанідам Барткевічам прыязджала да нас у Маскву. Была вельмі цёплая сустрэча з маскоўскімі беларусамі, і пасля яе алімпійская чэмпіёнка падышла да мяне: «Вось вам, спадар Аляксей, памятка». Я з тым сцяжком доўга хадзіў на розныя беларускія акцыі ў Маскве. І ў Мінск хацеў узяць, але жонка адгаварыла...

— Слушна зрабіла. Маглі б трапіць на Акрэсціна. Вы ж ведаеце, што ў нас тут «зачыстка» поўным ходам ідзе.

— Падобныя «зачысткі» адбываліся ва ўсіх таталітарных краінах, калі ўсе іншадумцы рабіліся «ворагамі народа». «Зачышчаць» беларусаў пачаў яшчэ Мураўёў-вешальнік, які змагаўся, як лічылася, з «польскім засіллем», хацеў забяспечыць «истинно русский строй» у Беларусі. Гэта яму, аднак, не ўдалося — у татальным сэнсе.

Беларус-селянін упарта трымаўся свайго — і звычаяў, і мовы. Дык гэта мела месца ў Расійскай імперыі. А тут нібыта ў незалежнай Беларусі адбываецца тое самае! Уключыў я раніцай БТ, а там галоўны следчы расказвае, як яны змагаюцца з «инспираторами государственного переворота»...

І такой мураўёўшчынай на мяне дыхнула! Зайшоў у інтэрнэт, а там генерал нейкі пагражае за аднаго забітага сілавіка сто апазіцыянераў расстраляць... Ведаеце, нават гаўляйтар Кубэ падобных публічных выказванняў сабе не дазваляў. А чаго варта закрыццё Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы!.. Пры акупантах такога не было, пры царызме... Сэрца крывёю абліваецца, не бачылі б вочы, не слухалі б вушы!

— Ці закранулі рэпрэсіі апошняга года вашых сваякоў тут, у Беларусі?

— Пляменнік мой быў вымушаны з’ехаць у Вільнюс. З сям’ёй, чацвёра дзяцей, у тым ліку малалеткі па два-тры гады. Працаваў у банку. Летась быў з жонкай на акцыях пратэсту. Пачалі за ім віжаваць, ператрус быў.

Паспеў выехаць праз Расію, а то трапіў бы за краты, як трапілі ўжо тысячы. Улады цяпер вылічваюць па відэазапісах, хто яшчэ ўдзельнічаў у «перавароце», каго яшчэ пасадзіць. А гэта не пераварот, а нацыянальна-вызваленчы рух! Так, стыхійны, але ж і масавы.

— Ведаю, што днямі вы вярнуліся са сваёй малой радзімы — з Чэрвеня. А як там народ у гэтыя пераднавагоднія дні рэагуе на зусім не святочныя падзеі, на рэпрэсіі?

— У Чэрвень я ездзіў на пахаванне блізкага мне чалавека. Мяне ўразіла, колькі людзі нанеслі кветак і вянкоў — бел-чырвона-белых! І падчас развітання нехта заўважыў: вось бы цяпер наляцелі сюды «амонаўцы», усе кветкі патапталі б, а нас бы ў аўтазакі... Так што народ усё разумее.

А Чэрвень — чысценькі, дагледжаны гарадок. Наконт гэтага мой чэрвеньскі сябра Уладзімір Дарагуш заўсёды іранізаваў, што і ў Асвенцыме былі парадак і чысціня і музыка гучала. А печы дымілі... Прайшоўся я па Чэрвені — вуліцы Маркса, Лібкнехта, Леніна, Савецкая...

На такіх вуліцах камфортна жыць хіба што ненавіснікам усяго беларускага. Украіна за месяц ачысцілася ад гэтай чужацкай тапанімікі, і ёй Масква не можа дараваць гэтага.

— Затое даруе ўсё афіцыйнаму Мінску. Нават бесцырымоннае закрыццё «Комсомольской правды», любімай газеты Пуціна.

— Гэта дробязі ў параўнанні з вялікай палітыкай. Таму што канчатковы план Крамля — каб «беларускі балкон», высунуты ў Еўропу, быў у расійскіх руках. А ён пакуль не здзяйсняецца. Таму на расійскіх тэлеканалах Лукашэнка паказваецца як лідар, які выступае супраць «калектыўнага Захаду», бароніць у гэтым сэнсе Беларусь і Расію.

— Відавочна, што мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы не даў патрэбнага для ўлады выніку. Як вы, былы дыпламат (працавалі ў Варшаве), ацэньваеце тое, што адбывалася пад Гродна?

— Гэта была амаль што неабвешчаная вайна з боку Беларусі. І я проста дзівіўся вытрымцы палякаў. Беларускія дзяржаўныя СМІ распалілі такі антыпольскі псіхоз, што невядома, чым гэта скончыцца.

Не думаю, што Польшча дазволіла б сабе пры любым раскладзе «ўсходнія крэсы» вяртаць. Варшаву правакавалі, каб падчас узброенай сутычкі на мяжы пад шумок здаць-заняць «беларускі балкон». Перакананы: увесь гэты «крызіс» планаваўся і за крамлёўскай сцяной таксама.

— Адзін з вашых даўніх артыкулаў пра Беларусь называўся «Тэрыторыя ці народ». Сёння вы ўжылі б такую ж фармулёўку?

— Не. Беларусы ў 2020 годзе гучна, на ўвесь свет заявілі пра сябе як нацыю. Дылема «тэрыторыя ці народ» для мяне вырашана раз і назаўсёды. Зводзіць цяперашнюю Беларусь толькі да тэрыторыі — анахранізм. Ёсць народ, ёсць нацыя, і ёсць дзяржава.

Праўда, як ні горка і парадаксальна гэта гучыць, дзяржава тая займаецца знішчэннем беларушчыны. Думаю, што парадокс гэты хутка будзе пераадолены.

Хоць у тым, каб ён працягваўся як мага даўжэй, зацікаўлены ўсходні сусед. Шмат будзе залежаць ад падзей у Расіі. Калі там пачнуцца тэрытарыяльныя праблемы, Маскве будзе не да новага аншлюсу, які, гэта трэба прызнаць, сёння Беларусі рэальна пагражае.

— Незалежная маскоўская «Новая газета» (аддамо ёй належнае) давала аб’ектыўную інфармацыю пра леташнія беларускія падзеі. І Нобелеўскую прэмію яна атрымала, як мне падаецца, дзякуючы і гэтай акалічнасці.

— Згодзен з вамі. Пазіцыя «Новой газеты» асабліва была відна на фоне той жа «Комсомольской правды», на старонках якой прысцяжныя барзапісцы «разоблачали провокацию, устроеную в Белоруссии националистами».

Так што з-за закрыцця «КП» я не перажываю. А колькі жоўці было выліта на беларусаў на федэральных тэлеканалах! Уключаеш праграму Салаўёва, а там суцэльная беларусафобія! «Я такого бялорусского языка не знаю, который они изображают»...

Бог ты мой! Маршал Перамогі Жукаў — і той у анкеце пісаў, што валодае «замежнай беларускай мовай». А гэтыя так званыя аналітыкі — «не знаю»... «Новая газета», дзякуй яе рэдактару Дзмітрыю Муратаву, выратавала гонар расійскай дэмакратычнай думкі.

Гэта ўражвала — пад лозунгам «Жыве Беларусь!» на яе старонках публікаваліся гарачыя рэпартажы з мінскіх падзей, была якасная аналітыка. Думаю, што рэдакцыйная праца «Новой газеты» застанецца ў гісторыі, нездарма яе ў Расіі назвалі ўжо «коллективным колоколом» (маючы на ўвазе герцэнаўскі «Колокол» XIX стагоддзя).

— У гэтым сэнсе варта згадаць і народнага артыста СССР Уладзіміра Співакова, які публічна адмовіўся ад ордэна Скарыны, які ў свой час атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, з беларускіх артыстаў ці пісьменнікаў ніхто ад лукашэнкаўскіх званняў ці прэмій так і не адмовіўся.

— Учынкам Співакова і я быў узрушаны. А помніце, у Мінску пасадзілі на суткі студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, пераможцу міжнародных алімпіяд?

У яго абарону выступілі 15 акадэмікаў і членкараў Расійскай Акадэміі навук! Тая ж «Новая газета» публікавала іх зварот да генпракурора Беларусі. Што, у Беларусі не знайшлося сваіх акадэмікаў?

— Відаць, атрымалася, як у вершы Яўтушэнкі: «Ученый, сверстник Галилея, / был Галилея не глупее. / Он знал, что вертится Земля, / но у него была семья».

— Во-во, «была семья»... Сядзяць вашы акадэмікі, як мышы пад венікам. Але мышы нават пад венікам варушацца!

— Вы былі стваральнікам і шматгадовым кіраўніком Таварыства беларускай культуры ў Маскве. Яго ўжо няма. А што з’явілася замест яго?

— На пачатку 2000-х у Расіі пачалі стварацца нацыянальна-культурныя аўтаноміі. Як я зразумеў, пад кантролем адпаведных дзяржаўна-палітычных структур. Прыйшлі новыя людзі, утварылі аўтаномію «Белорусы России». Што пра яе сказаць? Дастаткова, відаць, таго, што кіраўнікі гэтай арганізацыі рэгулярна ўдзельнічаюць ва Усебеларускім сходзе, галасуюць разам з усімі гэтак званымі «дэлегатамі».

— Вы падрыхтавалі і выдалі 10 выпускаў гісторыка-літаратурнага гадавіка «Скарыніч». Працяг будзе?

— Працяг быў бы, калі б было фінансаванне. Са «Скарынічам» мне ўвесь час дапамагаў мой маскоўскі калега Віктар Чайчыц, дыпламат, германіст, фінансавы бок фактычна на яго плячах трымаўся. Што далей будзе? Дванаццаты «Скарыніч» даступны ў інтэрнэце, у электроннай бібліятэцы «Камунікат». Дзякуй яе заснавальніку Яраславу Іванюку, які вывесіў увесь камплект.

— Наш зямляк Мікола Нікалаеў выпусціў у свет таўшчэзны том «Беларускі Пецярбург». А чаму ж ніхто не даўмеўся зрабіць кнігу «Беларуская Масква»? Матэрыялаў не хапае?

— Матэрыялаў больш чым дастаткова. І яны больш-менш сістэматызаваны. Скажам, у энцыклапедычным даведніку «Беларускае замежжа» ёсць асобны раздзел пра маскоўскіх беларусаў. А калі браць гісторыю...

Тут безліч тэм і постацяў. Скажам, «Янка Купала і Масква». Пясняр там вянчаўся і там жа загінуў. Пра аднаго Купалу ў Маскве можна кнігу напісаць.

Дарэчы, нядаўна я гартаў трохтомную Купалаўскую энцыклапедыю і са здзіўленнем не знайшоў там і згадкі пра кнігу Купалы «Молодая Беларусь» (выйшла адносна нядаўна ў Маскве), дзе сабраны раней «крамольна-спецхранныя» творы паэта, невядомая рускаму чытачу публіцыстыка. І наклад быў немалы — 5000 асобнікаў. І вось — ні слова ў энцыклапедыі...

— Да Мінска дайшлі чуткі, што вы свой шматлікі кнігазбор падаравалі ў адну з маскоўскіх бібліятэк. Гэта праўда?

— Праўда. Як праўда і тое, што кнігазбор той я спрабаваў спачатку «прыстроіць» у Мінску. Вёў нейкія перамовы. Але дарма — нікога мае кнігі (пераважна беларусіка) не зацікавілі. А ў маскоўскай Акадэмічнай бібліятэцы прынялі з удзячнасцю, стварылі асобны фонд.

— Што з Беларусі павезяце з сабой у Маскву?

— Вось чаравікі зімовыя купіў у Чэрвені. Стаяў у чарзе да касы і сказаў спецыяльна гучна, на ўсю краму: «Дзякуй «бацьку» і «ябацькам» за добрыя чаравікі!» Бачу — людзі на мяне недружалюбна косяцца, адразу замаўчалі ўсе. Што мяне пэўным чынам абнадзеіла...

Мне прыгадваецца светлай памяці Янка Брыль, які аднойчы пры сустрэчы сказаў мне: «Браце, не трэба ў роспач кідацца, перажылі лета гарачае, перажывём і г... сабачае». Мінулагодняе лета гарачае паказала — беларускі патэнцыял жывучасці ў наяўнасці, і ён рэалізуецца, нікуды не дзенецца!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(62)