Гісторык – пра планы Губарэвіча на «выбары»: «Наўрад ці ёсць шмат мазахістаў, якія хацелі б рабіць самаданос»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра ідэю апазіцыйнага палітыка Юрася Губарэвіча паспрабаваць паўдзельнічаць у «прэзідэнцкіх выбарах».

– Некаму важна абвешчаную ўладамі спецаперацыю па пераабранні Лукашэнкі проста перажыць з мінімальнымі стратамі, а для кагосьці гэта і зручная нагода нагадаць пра сябе, – піша Пашкевіч. – Вось учора позна ўвечары вядомы як кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў грамадскасці пра ўласны арыгінальны фармат – спробу зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу з эміграцыі.

Юрась Губарэвіч

Шанцы на яе рэгістрацыю вагаюцца ў раёне нуля, але калі раптам ва ўладаў штосьці пераклініць і яны вырашаць унесці ў свой гэтым разам максімальна просты сцэнарый гамеапатычныя элементы больш складанай гульні, то тады Губарэвіч плануе збіраць подпісы за сваё вылучэнне. 

Прытым настроены аптымістычна: «Сабраць 100 тысячаў подпісаў сярод 300-500 тыc. пакінуўшых Беларусь грамадзян лічу цалкам магчымым».

Не ведаю, на чым такая аптымістычная ацэнка грунтуецца, падазраю, што ні на чым. Звычайная дэмагогія, бессэнсоўная і безадказная. Якая расцвітае пышным цветам тады, калі для правядзення рэальнай палітыкі поле вельмі звужаецца, а асобы, якім нібыта палітыкай займацца ўсё ж вельмі карціць, канчаткова перамяшчаюцца ў віртуальную сферу.

Аляксандр Пашкевіч

Сітуацыя ў якой вельмі адрозніваецца ад той, што існуе на грэшнай зямлі. У гэтым канкрэтным выпадку відавочная адсутнасць у прыродзе той беларускай дыяспары, на якую Губарэвіч збіраецца абапірацца.

Рэч у тым, што вельмі значная частка тых, хто выехаў з Беларусі пасля 2020 года і цяпер знаходзіцца на Захадзе – гэта не палітычная, а хутчэй эканамічная эміграцыя. Гэта беларусы, якія (пераважна) у Еўропе жывуць і працуюць, але пры гэтым не з'яўляюцца (ды і ніколі па сутнасці не з'яўляліся) грамадскімі актывістамі.

Вядома, прынамсі ўскосна іх выезд за мяжу таксама мог быць звязаны з палітычнымі фактарамі – як, напрыклад, у рэлакаваных айцішнікаў, – але персанальна ні ў чым асаблівым гэтыя людзі не засвяціліся, а таму хоць пастаянна і жывуць за мяжой, але рэгулярна наведваюць радзіму і ніякіх праблем у сувязі з гэтым, як правіла, не маюць.

Ва ўсякім разе, рызыкі для іх мінімальныя.

Больш таго – нават і сярод тых, хто быў у 2020 годзе грамадска актыўны і хто ў прынцыпе выехаў за мяжу асцерагаючыся рэпрэсій, нямала ёсць такіх, хто, вядома, рызукуючы, усё ж такі час ад часу ў Беларусь па розных патрэбах ездзіць ці напрамую, ці аб'язнымі шляхамі.

Вядома, гэта не тыя асобы, якія на эміграцыі вельмі публічныя – якраз наадварот, публічнасці такія ўсяляк пазбягаюць. А нават многія з тых, хто і не ездзіць, і ў найбліжэйшы час як бы і не збіраецца, паліць масты не хочуць, пакідаючы сабе магчымасць пачаць ездзіць тады, калі можа нешта памяняецца і прынамсі для не вельмі засвечаных перасячэнне мяжы не будзе азначаць непазбежнае зняволенне.

Ну і проста не жадаюць людзі лішні раз звяртаць на сябе ўвагу, паколькі ў Беларусі засталіся сям'я, сваякі, маёмасць і г. д. 

Таму мы і бачым нават у незалежных СМІ так шмат матэрыялаў, у герояў якіх, хоць яны жывуць не ў Беларусі, «імя зменена дзеля меркаванняў бяспекі».  А тых, хто выступае адкрыта, тасуецца адна і тая ж колькасна нешматлікая і многім ужо, калі не большасці, добра такі абрыдлая калода.

Натуральна, што ніхто з гэтых людзей – а разам тыя, хто па розных прычынах не хоча адкрыта засвечвацца ў публічнай актыўнасці на эміграцыі, думаю, складаюць пераважную большасць, – ні за якога Губарэвіча ці за любога іншага падпісвацца не будуць.

Тым больш што гэта не ананімна, а з падачай усіх пашпартных звестак, а як такія звесткі ўлады выкарыстоўваюць, мы ведаем з сумнага досведу апошніх гадоў. Наўрад ці шмат ёсць мазахістаў, якія хацелі б на сябе рабіць самаданос, ды яшчэ і незразумела ў імя чаго.

Але і на тых адносна нешматлікіх, хто свеціцца і каму ўжо ўсё адно, па сутнасці, Губарэвіч разлічваць не можа. Бо для таго, каб ва ўсім гэтым удзельнічаць, чалавек павінен падтрымліваць саму ідэю такога фармату ўдзелу ў кампаніі па перавыбранні Лукашэнкі.

А гэтая ідэя наўрад ці можа стаць мэйнстрымнай. А па-другое, чалавек павінен быць палітычным прыхільнікам асабіста Губарэвіча, а ягоны высокі рэйтынг нават у апазіцыйных асяродках, скажам так, сумнеўны.

Таму думаю, што назбіраць у асяродках шматлікай беларускай эміграцыі 100 тысяч подпісаў Губарэвічу, калі б ягоную групу раптам узялі і зарэгістравалі, цалкам рэальна. Але толькі тады, калі з лічбы ў 100 тысяч выкінуць слова «тысяч».

Увогуле ўзровень жадання беларускай эміграцыі ўдзельнічаць у нейкіх сімвалічных палітычных акцыях, практычны сэнс якіх цяжка праглядаецца, добра засведчылі яшчэ зусім нядаўнія выбары ў Каардынацыйную раду.

Прагаласавалі на іх, нагадаю, 6723 чалавекі. І гэта пры тым, што галасаванне было ананімным, а аб'ект падтрымкі можна было выбіраць з шырокага спектру. А тут і не ананімна, і звесткі непасрэдна на стол рэжыму, і ўсё гэта для таго, каб  падтрымаць палітычныя амбіцыі дзеяча, якому і ў куды лепшыя часы 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку толькі сніліся. Неверагоднай сілы матывацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(6)