Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: «Мы не будзем несці крыж агрэсара, як цяпер многія страшаць, цэлымі пакаленнямі»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у інтэрв’ю Фiлiну расказаў, якія паралелі з Другой сусветнай вайной выклікаюць сённяшнія падзеі ва Украіне. 

Фота ТАСС

— Пайшоў трэці тыдзень вайны ва Украіне. Ці ёсць у вас як у гісторыка разуменне таго, навошта ў рэшце рэшт Расіі спатрэбілася ўсё гэта?

— Ніхто, напэўна, не разумее навошта. Рашэнне было прынятае ірацыянальна. Відавочна, што быў разлік на бліцкрыг і ўсталяванне ўлады над Украінай і вырашэнне астатніх задач літаральна за некалькі дзён. Тое, што гэта будзе цягнуцца трэці тыдзень, ды яшчэ ў такім рэжыме, які не надта выгадны Расіі, ніхто не разлічваў.

Я думаю, што тут была дапушчана стратэгічная памылка Пуціным, тактычная памылка. Ён увязаўся ў вайну, у якой не хацеў бы ўдзельнічаць, калі б ведаў, што яна пойдзе менавіта так.

— Памылка ў недаацэнцы сілаў Украіны і рашучасці Захаду?

— Так, а таксама ў пераацэнцы ўласных сілаў. Увогуле, прадэманстраваны нулявы ўзровень экспертнай ацэнкі ў расійскіх урадавых колах. Як аказалася, яны жылі ў палоне ўласных мрояў. Тое, што транслявалася ў масы, што любы адукаваны чалавек з цвярозымі думкамі лічыць ахінеяй, думалася, што самі яны ў гэта не вераць. Цяпер са здзіўленнем мы бачым, што яны і самі ў гэта паверылі. І на аснове гэтага прымаліся рашэнні. Таму нейкай рацыянальнасці асабіста я тут не бачу.

 — Адна з заяўленых мэтаў таго, што ў Расіі называюць «спецаперацыяй», з’яўляецца «дэнацыфікацыя» Украіны. Пры гэтым мы бачым літару Z на расійскай вайсковай тэхніцы, якая ў многіх выклікала асацыяцыю з гітлераўскай свастыкай.

Мы бачым прыклады марадзёрства расійскіх вайскоўцаў. Марыупаль і Харкаў ужо параўноўваюць са зруйнаваным Сталінградам і блакадным Ленінградам. Які вобраз ужо займела ці атрымае па выніках гэтай вайны расійская армія і сама расійская дзяржава?

— Расійская армія атрымае вобраз захопніцкай. Армія, якая вядзе абсалютна несправядлівую вайну. Той самы вобраз мела і гітлераўская армія, асацыяцыі з якой праводзяцца найперш. Армія, якая нічога добрага не стварае ў вачах цывілізаванага свету. І не толькі цывілізаванага.

Я думаю, ад гэтага вобразу Расія будзе адмывацца цэлымі пакаленнямі, цэлымі дзесяцігоддзямі. Для яе гэта будзе катастрафічна.

Адрозненне сучаснай расійскай арміі ад нямецкага войска, створанага Гітлерам, палягае ў тым, што там была сапраўдная ваенная машына, якая магла вырашаць рэальныя ваенныя задачы. І прайграла ў рэшце рэшт у выніку мабілізацыі цэлагу свету. А супраць усяго свету ваяваць цяжка.

А вось моц расійскай арміі аказалася фэйкам. Выявілася, што ў плане баяздольнасці і забяспечанасці яна з сябе нічога асаблівага не ўяўляе. І застанецца гэтая «аперацыя» ў гісторыі наступным чынам: армія пайшла з шапказакідальніцкімі настроямі ваяваць нібыта на малую пераможную вайну, а цяпер яе, магчыма, не стане. І не зразумела, як з гэтага выходзіць. Маральнае аблічча і арміі, і ўласна расійскай дзяржавы — вельмі і вельмі кепскае.

— Сёння часта згадваюць Чэмберлена і Чэрчыля. Той жа Уладзімір Зяленскі часта дакарае Захад за недастатковую рашучасць у супрацьдзеянні расійскай агрэсіі. Як бы вы ацанілі ролю еўрапейскіх саюзнікаў Украіны і ЗША ў гэтай гісторыі?

— З гісторыяй Чэмберлена падчас мюнхенскай змовы параўноўваць цяпер ужо не выпадае. Той этап Захад прайшоў у 2014-м, калі не было жорсткай рэакцыі ў дачыненні Расіі на захоп Крыма і распальванне вайны ў Данбасе.

І нават раней, у 2008-м, трэба было рэагаваць больш актыўна і жорстка, калі Расія ўводзіла войскі на мяцежныя грузінскія тэрыторыі і прызнавала іх незалежнасць.

Гэты этап відавочнага згодніцтва і замірэння агрэсара быў пройдзены тады. Цяпер не скажаш ужо, што Захад займае зусім пасіўную пазіцыю. Бо ўведзеныя сапраўды беспрэцэдэнтныя санкцыі, вельмі балючыя для Расіі. Якія ў сярэднетэрміновай перспектыве, не кажучы ўжо доўгатэрміновую, мусяць разбурыць яе эканоміку. Прынятыя яны не для блізіру і ёсць намеры іх працягваць і ўзмацняць, з распаўсюджваннем на нафтагазавы сектар.

Акрамя таго, Захад дапамагае Украіне зброяй, іншымі пастаўкамі. Тут ягоная роля нагдавае ролю заходніх краін, якія ў 1941-м пачалі дапамагаць СССР, пасля таго, як ён уступіў у вайну з Германіяй. Калі самі гэтыя краіны не ваявалі, але аказвалі дапамогу па праграмах лендлізу.  

Ёсць, канечне, пытанні наконт паставак зброі, тых жа самалётаў для ўкраінскай арміі. Але ёсць уражанне, што гэтае пытанне ўрэшце вырашыцца і самалёты ўсё ж паставяць.

Ёсць і пытанне, як тое самае НАТА ўступіць у вайну, найперш, праз закрыццё неба над Украінай. Пра што ўвесь час кажуць і ўкраінскія вайскоўцы, і палітыкі, і ад грамадства чуюцца галасы. І заходняе грамадства, згодна з апытаннямі, не сказаць, што ўжо так супраць гэтага.

Цяпер НАТА баіцца справакаваць Пуціна на выкарыстанне ядзернай зброі. Але, улічваючы тое, што дзеянні расійскага кіраўніка часта ірацыянальныя, падаецца, што такія страхі надуманыя.

Таму што Пуцін можа выкарыстаць такую зброю і без таго, каб НАТА дала яму для гэтага нейкую зачэпку. Асабліва, калі ягоныя справы на фронце не будуць вырашацца канвенцыйнымі сіламі.

Калі ізноў параўноўваць з часамі Другой сусветнай вайны, для ўступлення ў вайну Захаду можа спатрэбіцца свой Пёрл-Харбар. Прыгадаем, як японцы фактычна вымусілі амерыканцаў увязацца ў вайну на Ціхім акіяне, напаўшы на іх ваенную базу.

Я не выключаю, што з-за ірацыянальнасці дзеянняў расійскага кіраўніцтва, тыя рашэнні, якія з розных прычынаў усё ніяк не могуць прыняць на Захадзе, за іх прыме Уладзімір Пуцін, проста стварыўшы жудасную правакацыю, напаўшы на натаўскія падраздзяленні першым. 

— Беларусь прызнаная Захадам краінай-агрэсарам, з тэрыторыі якой пачалося і працягваецца ўварванне ва Украіну. Можна спрачацца, наколькі гэта добраахвотны крок беларускага рэжыму, але факт застаецца фактам. Чаго нам чакаць далей і ці ёсць прыклады ў гісторыі, што адбывалася пасля з такімі дабраахвотна-прымусовымі агрэсарамі?

— Калі Украіна пяройдзе да контрудараў, расійскае войска пачне адступаць, то ўлічваючы тое, што наступ вёўся і з нашай тэрыторыі, нельга выключаць баявых дзеянняў і ў нас. Асабліва, калі ў справу ўступяць войскі НАТА. Таму што, калі тут размешчаныя расійскія войскі і калі вырашыцца пытанне ўдзелу ў вайне беларускай арміі, Лукашэнка тут цяпер несамастойны, яго могуць прымусіць, сённяшняя сустрэча з Пуціным можа быць прысвечаная і гэтаму пытанню, то, натуральна, нейкія аб’екты могуць бамбіць і на нашай тэрыторыі.

Адпаведна, магчымыя ахвяры не толькі сярод вайскоўцаў, але і сярод мірнага насельніцтва. Мы можам стаць ужо не назіральнікамі гэтай вайны, а ўдзельнікамі.

І наракаць тут асабліва ўжо не выпадае, нягледзячы на тое, што ёсць нелегітымны і не падтрыманы народам рэжым. Тут ужо будуць змагацца супраць ягонай ваеннай моцы. Гэта першае.

Калі думаць пра тое, што чакае нас пасля вайны, калі будзе ўсталёўвацца новы сусветны парадак, якія тут былі прыклады ў гісторыі? Прыгадаем, што ў Германіі ў Другой сусветнай вайне былі саюзнікі — шэраг еўрапейскіх краін. Венгрыя, Фінляндыя, Румынія, Італія.

Яны ваявалі, іх захоплівалі, давалі ўзнагароды за гэта: напрыклад, медаль савецкім салдатам не за вызваленне Будапешта, а за ўзяцце — як знак таго, што яны бралі варожую сталіцу, а не нешта захопленае.

На гэтыя краіны ўскладалі пэўную адказнасць, бралі з іх нейкія рэпарацыі. Але ў цэлым яны аддзяляліся ад асноўнага агрэсара. Было разуменне, што ўдзел у вайне не з’яўляўся жаданнем народаў гэтых краінаў, што іх уцягнулі ў вайну прафашысцкія, пранямецкія рэжымы. І многія з іх удзельнічалі неахотна, іх злачынствы былі непараўнальныя са злачынствамі нямецкіх войскаў.

Гэта ўсё ўлічвалася. І хоць рэпарацыі на іх ускладаліся, спецыяльна абумоўлівался, што гэтыя меры не мусілі біць па эканоміцы гэтых краін, каб яны не былі непасільнымі. Каб гэтыя краіны не выключаліся з міжнародных стркутур. Адным словам, не стараліся іх максімальна прынізіць.

Таму я думаю, што ў нашым варыянце таксама будзе так. Таму што наш народ, у якіх бы лагерах не знаходзіўся, і якіх бы думак адносна вайны ва Украіне не прытрымліваўся, усё ж мілітарызмам не заражаны, ваяваць не хоча. І я думаю, што з боку беларусаў не будзе зроблена нейкіх брутальных дзеянняў. Нават, калі войска будзе ў гэтым задзейнічанае.

Таму, калі гэты рэжым пасля вайны зменіцца, усталюецца нейкая іншая ўлада, мы не будзем несці гэты крыж, як цяпер многія страшаць, цэлымі пакаленнямі, дзесяцігоддзямі. Што нам ужо ніхто не даруе. Я думаю, што будзе разуменне. І ў прынцыпе нам будзе дапамога.

Дапамога, каб мы не былі пакрыўджаныя ў тым сэнсе, што з'явіцца нікому не патрэбная і жабрацкая Беларусь на межах Еўропы. Вядома, удзел у вайне ў такім выглядзе не робіць нам гонару. Але гэта не фатальна. Мы не будзем разглядацца на адным узроўні з Расіяй, стаўленне да якой будзе безумоўна суровае. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(59)