Общество

Сямён Печанко

Гісторык: «Метады, якімі дзейнічаюць спецслужбы, ужываліся і ў часы Сталіна»

У рамках спецпраекта «Што далей?» гісторык Аляксандр Пашкевіч разважае пра магчымыя наступствы справы аб «перавароце».

Фота Радыё Свабода

Пра гістарычныя паралелі

— Гэта ўсё старое, як свет. Метады, якімі дзейнічаюць спецслужбы, ўжываліся ў і часы Сталіна. І ў іншых краінах, не асабліва дэмакратычных. Калі фактычна яны самі прыдумлялі справы, падстаўлялі людзей, правакавалі іх на пэўныя выказванні. І з гэтага пасля разгортвалі сапраўдную крымінальную справу.

У гісторыі нашай краіны можна прыгадаць справу «Саюза вызвалення Беларусі» (1930 год) — цалкам высмактаная з пальца арганізацыя, цалкам прыдуманая яе дзейнасць. Тым не менш, шмат народу па гэтай справе пайшло. Многія атрымалі рэальныя тэрміны, пацярпелі канкрэтыя людзі.

Калі прыгледзіцца да гісторыі СССР, то яна ўся такая. Там рабіліся правакацыі супраць эмігрантаў, перацягвалі людзей праз мяжу.

Як далёка можа зайсці справа

— З улікам таго, што сёння да рэальных прысудаў даходзяць справы, якія цягнуць максімум на адміністацыйнае пакаранне, думаю, што цалкам магчыма і ў гэтай справе могуць быць рэальныя прысуды. Калі за надпісы на асфальце даюць па два гады, то тут тым больш. Асабліва ўлічваючы тое, што ўся палітыка скіраваная на застрашванне.

Іншая справа, якім будзе прысуд. Бо спачатку казалі, што ледзь не да смяротнага пакарання могуць давесці. Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе. А тое, што сёння казалі пра 12 гадоў турмы, то цалкам магчыма, што могуць столькі і даць.

Але ці будуць яны столькі сядзець? Адна справа асудзіць, іншая, калі пачынаюць шукаць шляхі адходу ад рэпрэсій. Тады могуць і зменшыць тэрмін пакарання, вызваліць.

Як адрэагуюць беларусы на «руку Масквы»

— Калі Расія так канкрэтна ўпішацца за Лукашэнку, то, думаю, можна гаварыць пра гэта ў цяперашнім часе, а не будучым. Калі людзі пабачаць гэтую падтрымку, што Масква дапамагае ўтрымаць Лукашэнку ўладу і працягваць рэпрэсіўную палітыку, безумоўна, гэта не будзе дадаваць сімпатый Расіі, і антырасійскія настроі будуць узрастаць.

Не ўсе адразу імі пераймуцца, але ёсць падставы чакаць гэтага.

Пра пагрозы суверэнітэту

— Я не думаю, што нас чакае штосьці падобнае, як было ў 1940-м, калі колішнія краіны Балтыі ўключылі ў склад СССР у якасці савецкіх рэспублік, якія ад іншых ні чым не адрозніваліся.

Думаю, да такога ўсё ж не дойдзе. Расія ў сённяшнім яе стане такое наўрадці пацягне.

Але паколькі ўзяты курс на інтэграцыю, і Масква гатовая падпісваць дакументы з Лукашэнкам з яго ўзроўнем легітымнасці, думаю, нас будуць імкнуцца пазбавіць суверэнітэту фактычнага, а не фармальнага.

Найлепшыя актывы могуць перайсці да расейцаў, можа адбыцца так званая гарманізацыя заканадаўства. Аж да ўвядзення агульнай валюты. Можа так атрымацца, што мы будзем фармальна незалежнай дзяржавай з усімі асноўнымі атрыбутамі, і ў той жа час рэальна сатэлітам, кіраваным з Масквы.

Але гэта будзе яўна не навечна. З цягам часу, калі Расія аслабне, усё гэта можна будзе адкруціць назад. Асабліва ўлічваючы абставіны, у якіх гэтыя пагадненні будуць падпісвацца — нелегітымнасць улады, неадпаведнасць міжнародным нормам.

Я не думаю, што гэта расцягнецца на пяцьдзесят гадоў. У сённяшняй Расіі няма колішняй ідэалогіі, яна не такая моцная эканамічна. Мне цяжка ўявіць, што палітычны клан, што сёння ўтрымлівае ўладу ў Расіі, здолее захаваць пераемнасць пасля немаладога Пуціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)