З 1994-га па 2019-ы колькасць навуковых супрацоўнікаў зменшылася ў 4 разы. Калі ва ўсім свеце лічба расце, бо зразумела, што навука – гэта рухавік усяго – рухавік прамысловасці, прагрэса, сацыяльнага развіцця – ў нас ішло вось такое скарачэнне.
Гісторык: «Калі ідзе скажэнне фактаў, то ніколі добра не будзе»
Ці паўплывалі працэсы ў беларускім грамадстве на навуковую сферу? Што адбывалася ў беларускай навуцы, пачынаючы з 1994-га?
Прафесарка Беластоцкай Палітэхнікі і доктарка гістарычных навук, Святлана Куль-Сяльверстава у эфіры «Еўр*радыё» распавяла, куды прыйшлі нашыя навукоўцы за часы праўлення Лукашэнкі і паразважала, ці звязаныя паміж сабой інфармацыйная гігіена і перапісванне гісторыі.
Наколькі зменшылася колькасць навукоўцаў
Нават калі не ангажавацца палітычна, а паглядзець проста на лічбы, якія ёсць, то не проста здзіўляешся, але і не разумееш, куды ідзе навука ды ўвесь інавацыйны працэс у Беларусі.
У свой час Інстытут сацыялогіі, гэта былі афіцыйныя даследаванні, яны зрабілі падсумаванне, як выглядае дынаміка сярод навуковых кадраў і наогул інавацыйнага працэса. І калі я пазнаёмілася з гэтымі лічбамі, то мне стала не па сабе.
Не таму што пры СССР было занадта непатрэбных кадраў. Аказалася, што іх нават мала, асабліва ў некаторых галінах. Проста навука пачала фінансавацца па астаткавым прынцыпе «што засталося, тое і паложым».
Чаму навукоўцы сыходзяць
Тут шмат фактараў і нельга сказаць, што справа толькі ў зарплаце. Так ці інакш, той хто заангажаваны ў навуковыя даследаванні, будзе працаваць і за капейкі. Іншая справа – гэта чысткі, скарачэнне ставак, скарачэнне праграм і праектаў. Многія людзі былі выкінутыя на вуліцы.
Пра закрытасць беларускай навукі
Апроч гэтага, навука не можа развівацца ў асобна ўзятай краіне. Яна можа развівацца толькі калі ёсць кантакты і абмен з сусветнай супольнасцю. Зараз гэта толькі так.
У нас жа праблемы – гэта выезд і абмен з замежнымі калегамі, публікацыя вынікаў даследаванняў у замежных выданнях, атрыманне замежных грантаў – гэта ўсё кантралюецца і абмяжоўваецца. Я гэта па сабе ведаю.
Усё гэта было заўсёды на асабістых кантактах. Можа быць Акадэмія Навук або некаторыя інстытуты мелі дзяржаўныя праграмы і праграмы абмена, але калі ўзяць абласныя ўніверсітэты і навуковыя цэнтры, там гэта ўсё было мізерным.
Мяне ўразіла, калі я даведалася, што ў нашай Акадэміі Навук 2 ці 3 гады таму не было ніводнага часопіса, які б быў у замежных базах. То бок беларускія навукоўцы пісалі, даследавалі, друкавалі ў Беларусі ці ў той жа Расіі, а ў свеце пра гэта ніхто не ведаў.
Бо ў базах гэтых публікацый проста няма. Нават часопіса Акадэміі Навук няма. Усе публікацыі ў стол.
Пра якія сумесныя праекты можна гаварыць, калі Еўропа, Амерыка або Японія, дзе найбольш моцныя даследчыцкія тэндэнцыі, не ведаюць, што тут робіцца?
Пра адсутнасць сістэмнага падыходу
Яшчэ адна праблема – структура саміх навуковых даследаванняў. На што былі выдаткі? Што прасоўвалася, а што не? Ізноў, калі браць часы БССР, для гістарычнай навуцы была картатэка навукоўцаў, і мы ведалі, хто чым займаецца, якія дэсертацыі піша, у якім накірунку працуе. Каб не было перакрыжаванняў і гэтак далей. Цяпер такого няма.
Па сацыяльных або грамадскіх навуках няма агульнай каардынацыі. Ўсё на ўзроўні чуткаў, маўляў, «гэтым займаецца гэта, а іншы іншым».
Нават няма некаторых спецыяльнасцяў, якія патрэбны. І калі чалавек хоча абараніць дэсертацыю і працаваць у гэтым накірунку, то ён не можа, бо ў пераліку спецыяльнасцяў такой дысцыпліны няма.
Напрыклад, гісторыя навукі. Няма такой спецыяльнасці ў Беларусі як гісторыя навукі. Па вялікім рахунку, пішы для сябе кніжкі, ты не будзеш за гэта мець ні навуковай ступені, ні кар’еры.
Навошта нам патрэбная навука
Ужо падлічана, як навука ўплывае на прамысловасць і як яна развівае інавацыйны працэс. Любая навука. Нават гуманітарная. Сацыялогія або паліталогія, то бок навукі аб грамадстве, таксама даюць не нейкі віртуальны эфект, а канкрэтны фінансавы, то бок гэта можна манетызаваць.
Нават тая ж гісторыя дае магчымасць развіцця турызма. Я гісторык, я ведаю як гэта робіцца.
Пра перапісванне гісторыі ў Беларусі
Хай пішуць. У дадзеным выпадку гэта ўсё роўна будзе ўсім вядома. Напісаць рэцэнзію і ацаніць гэта з пункту гледжання рэальнай гісторыі, то бок са спасылкамі, з аналізам – гэта можна заўсёды. А інтэрнэт дасяжны зараз не для аднаго і не для двух чалавек.
І яшчэ. Вы думаеце яны добра напішуць? Калі ідзе скажэнне фактаў, то ніколі добра не будзе.
Адна мая знаёмая настаўніца і пісьменніца праводзіць такія ўрокі для дзяцей. Пытаецца «што фэйк, а што не фэйк, давайце адрознім». І адказвае, што правільна, а што неправільна.
Таму хай прапаганда піша, а мы сваё напішам і паглядзім, у каго будзе лепей. Я тут не сумняваюся. Другая справа, што вельмі актыўна трэба працаваць з уменнем работаць з інфармацыяй. Трэба вучыць людзей работаць з інфармацыяй.
Читайте еще
Избранное