Филин

Вольга Аляксандрава

Гісторык: «Дзеці чуюць, як ракеты ляцяць ва Ўкраіну, а ў Канстытуцыі запісана, што мы за мір»

Ці будуць мець эфект урокі, на якіх беларускія настаўнікі распавядаюць вучням пра вайну як пра «спецаперацыю», — у інтэрв’ю Филину распавядае прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед.

На сайце адзінага адукацыйнага партала з’явіліся рэкамендацыі па правядзенні «адзінай інфармацыйнай гадзіны» для школьнікаў з 1 па 11 клас. Паводле апублікаваных планаў-канспектаў, настаўнікі правядуць з дзецьмі гутаркі пра «мір» і «добрасуседства». 

Як паведамляе Медыязона, складальнікі метадычкі называюць вайну супраць Ўкраіны «спецыяльнай аперацыяй», шчодра цытуюць Лукашэнку і прапаноўваюць паказваць класам фрагменты тэлеперадачы пра агрэсіўныя планы НАТА.

Прафесар Вячаслаў Швед, які яшчэ ў 2013 годзе быў звольнены з Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, а цяпер працуе ў Варшаўскім універсітэце, мяркуе, што эфекту ад такіх урокаў не будзе. 

— Настаўнікі ў нашай краіне за ўсё адказваюць за крызіс, за выбары, за рэвалюцыю. Амаль нічога не змянілася з таго часу, калі я ў 1979-1982 гадах працаваў у школе. І цяпер класныя кіраўнікі будуць весці гэтыя інфармацыйныя гадзіны. Іх праца — правяраць сшыткі і весці заняткі, а іх высоўваюць пад удар палітыкі, якую яны самі добра не ведаюць, таму і выходзяць гэтыя метадычкі.

Бедны настаўнік будзе думаць, як яму правесці гэтае мерапрыемства, а дзеці — як гэта выслухаць. Ні настаўнікам, ні дзецям гэта не патрэбнае.

У выніку ўсе разыйдуцца пасля ўроку са сваімі поглядамі – не тымі, што дае метадычка, а тымі, якія ў іх сфарміраваліся. Дзеці не сляпыя і не глухія. Яны бачаць, што адбываецца, чытаюць, абмяркоўваюць падзеі. Дзеці чуюць, як ракеты ляцяць ва Ўкраіну, а ў Канстытуцыі запісана, што мы за мір.

Калі мяне звальнялі з універсітэту, гаварылі, што мая кніга прапольская, каб адарваць Гродзеншчыну і Польшчы аддаць, а цяпер хочуць сказаць: мы за мір, таму трэба, каб ракеты ляцелі з нашай тэрыторыі?

Што, не бачаць дзеці, як ідуць цягнікі з танкамі, а самалёты са Шчучына ляцяць? Так што ўсе гэтыя метадычкі не адыграюць ніякай ролі.

Сярод моладзі ёсць фанаты БРСМ, але яны не вераць у гэта, проста хочуць зрабіць сабе кар’еру, паступіць ва ўніверсітэт. А большасць усё разумее, яны не такія дурныя, як іх лічаць. Яны хутчэй за нас з вамі могуць адрозніць фэйкі і зразумеюць фальш таго, што ім будуць расказваць настаўнікі.

Эфекту, на які разлічваюць, не будзе. Аўтары метадычкі пісалі яе дзеля сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(34)