Гісторык Цімох Акудовіч: «Шукалі, як нармальныя людзі, агульную платформу, каб паразумецца, і тут прыйшоў таварыш Ленін»

Гісторык – пра ролю лютаўскай рэвалюцыі ў гісторыі Беларусі і чаму пераварот 25-га кастрычніка спыніў спробы пошукаў праўды і свайго асабістага шляху.

Цімох Акудовіч, фота: асабісты архіў

– Сто год таму беларусы, як і ўсе спрабавалі знайсці сябе ва ўсёй гэтай рэвалюцыйнай сітуацыі. Салдаты далучаліся да салдацкіх камітэтаў, сяляне да сялянскіх, шляхта стварала свае шляхецкія камітэты, і ўсе яны спрабавалі знайсці спосаб, як бы пабудаваць новую ўладу, – распавядае ў эфіры Обычное утро Цімох Акудовіч. – І ў Беларусі такім пунктам аб’яднання сталася тое, што пасля назавецца БНРам.

Там таксама былі розныя падыходы і розныя меркаванні, але ўвесь гэты пошук праўды сапсавала якраз вось гэтая дата 25-га кастрычніка, якую больш правільна называць пераваротам.

Гісторык нагадвае, што рэвалюцыя пачалася не ў гэтую дату, а ў лютым 1917-га, калі вялікай колькасці людзей надакучыла вайна (гаворка пра Першую сусветную – С.) і няздатнасць урада і цара вырашаць іх жыццёвыя праблемы.

Ён кажа пра тое, што людзей вельмі прыгнятала сітуацыя, калі яны не маглі што называецца выбіцца ў людзі, перш за ўсё сяляне, рабочыя, яўрэі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, таму гэты пастаянны прыгнёт і выліўся ў рэвалюцыю, калі народ папросту сказаў: «Усё, досыць, хопіць, ухадзі».

– І таму ў лютым цар падумаў-падумаў і сышоў. Гэта быў пачатак рэвалюцыі і таго, калі ў Расійскай імперыі стала будавацца новая ўлада, відавочна больш дэмакратычная і, хутчэй за ўсё, лепшая, чым была дагэтуль.

Гэтай уладай быў Часовы ўрад. Там дарэчы былі не толькі правыя, але і левыя, і эсэры, і прадстаўнікі салдацкіх афіцэраў. Гэта быў складаны працэс, бо яны развальваліся, зноўку збіраліся, потым ізноў развальваліся. Тры ўрады было за гэтыя паўгады, але яны, як нармальныя людзі, шукалі нейкую агульную платформу, каб паразумецца.

І тут прыйшоў таварыш Ленін, якому ўся гэтая рэвалюцыя была не трэба, яму была патрэбна ўлада для ягонай партыі пралетарыята. Ён паглядзеў, што ўлада слабая, а калі людзі спрабуюць дамовіцца, яны крыху слабыя, бо не нарошчваюць сілы, каб не спужаць канкурэнта.

І Ленін падумаў, што гэта яго шанец і правярнуў пераварот з досыць невялікай колькасцю людзей.

І такім чынам па сутнасці пахаваў рэвалюцыю, пахаваў спробу людзей дамовіцца і нешта супольна вырашыць, стварыць супольны ўрад.

Аднак гісторык аддае належнае бальшавікам і іх прапагандысцкім здольнасцям, бо яны ўвыніку змаглі даказаць, што іх пераварот гэта ёсць рэвалюцыя.

– Вялікай колькасці левых, эсэраў, меншавікоў і сваіх жа бальшавікоў яны здолелі паказаць гэты пераварот як сапраўдны працяг і перамогу рэвалюцыі. Шмат людзей ім сапраўды паверыла і атрымалася тое, што атрымалася.

Але ж па выніку гэта няпраўда, гэта спроба ўзяць на сябе ўсю ўладу, нежаданне дамаўляцца з іншымі, якая заклала ў савецкую сістэму такі код гвалту, што ў выніку прывёў да галадамора, да рэпрэсій і да развалу СССР. Таму гэта ўвогуле так сабе дата для гісторыі.

Вяртаючыся да таго, як адчувалі сябе беларусы ў гэтыя складаныя часы, Цімох Акудовіч яшчэ раз кажа пра тое, што яны былі разгубленымі ў гэтым палітычным катле і спрабавалі знайсці сябе.

–  Мы не дужа верылі, што здолеем тады атрымаць незалежнасць у 1917-м. Бо нашая першая партыя з’явілася ў 1905 годзе, яны была маленькай, і большасць беларусаў пра незалежнасць тады не марыла і таму нашай сціплай марай была толькі аўтаномія.

І гэтыя сялянскія, і рабочыя, і шляхецкія камітэты спрабавалі дамовіцца з кім-небудзь, але было няясна з кім дамаўляцца: з часовым урадам або з самімі сабой, каб атрымаць нейкую аўтаномію ў межах ужо не імперыі, але вялікай расійскай дзяржавай.

Таму гэта быў вялікі час пошуку сябе. І сярод беларусаў таксама былі розныя людзі. Адныя казалі «не, мы назаўсёды з Расіяй, не прыдумляйце», іншыя разважалі пра аўтаномію, а былі і тыя, хто казаў «слухайце, а давайце паспрабуем атрымаць незалежнасць».

А гэта ўсё адбываецца на фоне разрухі, салдаты бегаюць туды-сюда, фронт развальваецца, есці няма чаго. І апроч высокіх ідэяў трэба вырашаць пытанні, што рабіць далей. Таму беларусы тут былі ва ўсіх магчымых партыях і супольнасцях.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(21)