Общество

Сямён Печанко

Гісторык: «Акт 25 сакавіка ператварыў беларускае пытанне з унутрырасійскага ў міжнароднае»

103-й гадавіне ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі прысвячаецца.

Фота Радыё Свабода

«Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ», — гаворыцца ў Акце ад 25 сакавіка 1918 года. У гэты дзень была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць БНР.

Да 103-й гадавіны гэтай найважнейшай для нашай краіны падзеі «Салідарнасць» прапануе ўзгадаць, што папярэднічала абвяшчэнню незалежасці ў 1918-м, у якіх варунках гэта адбывалася, пра ролю Расіі і далейшы лёс Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першыя размовы пра незалежнасць

18 снежня 1917-га ў Мінску пачаў працу Першы Усебеларускі кангрэс, на які з’ехаліся 1872 дэлегаты. Сярод яго ўдзельнікаў, як адзначаюць даследчыкі, вяліся першыя публічныя размовы пра неабходнасць абвяшчэння незалежнасці.

БНР: 10 важных момантаў у карцінках

У кангрэсе ўдзельнічалі беларускія палітычныя сілы, якія неўзабаве спрычыніліся да стварэння БНР, а пазней і БССР.

Той кангрэс быў разагнаны мясцовымі бальшавікамі, якім не спадабаліся незалежніцкія настроі, што запанавалі сярод ягоных дэлегатаў.

У пачатку студзеня 1918-га бальшавікі разагналі і петраградскі Усерасійскі ўстаноўчы сход. А праз некалькі тыдняў адбыўся Трэці Усерасійскі з’езд Саветаў, які канчаткова пераканаў беларускіх дзеячаў у тым, што бальшавіцкая Расія не разглядае Беларусь ні ў якасці аўтаноміі, ні тым больш як незалежную дзяржаву. 

25 сакавіка

Усебеларускі кангрэс паспеў абраць выканаўчы камітэт, які 21 лютага 1918-га прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі.

3 сакавіка бальшавіцкая Расія і кайзераўская Германія падпісалі Брэсцкую мірную дамову, якая прадугледжвала адыход тэрыторіі Беларусі ў распараджэнне немцаў. Меркавання беларусаў пры гэтым ніхто не спытаў.

25 сакавіка – час збіраць камяні

У адказ на гэта 9 сакавіка была прынятая Другая Устаўная грамата, якая абвяшчала пра «ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах рассялення і колькаснай перавагі беларусаў».  

Трэцяя Устаўная грамата, прынятая пасля шматгадзінных дэбатаў і спрэчак у ноч на 25 сакавіка, абвясціла незалежнасць БНР.

Некалькі фактаў пра БНР

Члены першага складу Народнага Сакратарыята БНР. Злева направа: сядзяць – Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, стаяць – Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала на частцы сучаснай тэрыторыі Беларусі з 25 сакавіка 1918-га па 28 красавіка 1919-га. Яе прызнаў шэраг краін: Армэнія, Аўстрыя, Грузія, Латвія, Літва, Польшча, Чэхаславаччына, Украіна, Фінляндыя і Эстонія (дэ-юрэ), Балгарыя, Германія і Турцыя (дэ-факта).

Паводле Трэцяй Устаўной граматы, тэрыторыя БНР ахоплівала землі Магілёўшчыны, беларускія часткі Міншчыны, Гродзеншчыны (уключна з Гродна і Беластокам), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных тэрыторый суседніх губерняў, заселеных беларусамі.

Беларуская мова была дзяржаўнай. Дзяржаўнымі сімваламі былі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

Парад незалежнасцяў

Беларусы былі не адзінымі, хто стагоддзе таму абвесціў незалежнасць. У лістападзе 1917-га Украінская Народная Рэспубліка была абвешчана нацыянальнай дзяржавай у складзе федэратыўнай Расіі. У студзені 1918-га УНР абвясціла поўную незалежнасць.

Аднагодкі БНР: як склаліся лёсы суседзяў, якія 100 гадоў таму здабылі незалежнасць

Літва, Латвія, Польшча і Эстонія абвесцілі незалежнасць у 1918-м.

Савецкая Расія пры гэтым актыўна ўмешвалася ў справы памянёных краінаў — або шляхам абвяшчэння ўлады мясцовых бальшавікоў, ці распальваннем паўстанняў. У выпадку з БНР і УНР бальшавікі дасягнулі поспеху цягам некалькіх гадоў. Польшча, Літва, Латвія і Эстонія страцілі незалежнасць у пачатку Другой сусветнай вайны.

Беларуская Народная Рэспубліка не мела ўласнага войска, ёй не хапала арганізаванасці, сродкаў для існавання, міжнароднага прызнання. І тым не менш, яна гарантавала працяг нашай гісторыі. 

Слова гісторыку   

— Акт 25 сакавіка, што абвясціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, ператварыў беларускае пытанне з унутрырасійскага ў міжнароднае, — лічыць гісторык, даследчык БНР Анатоль Сідарэвіч. — Пасля гэтага беларускае пытанне ў сваёй палітыцы мусілі ўлічваць і бальшавікі, і польскія рэакцыянеры-рамантыкі, якія марылі аднавіць польскую Рэч Паспалітую ў межах 1772 года з Беларуссю, Літвой і Украінай у сваім складзе.

Па словах гісторыка, з БНР, з моманту абвяшчэнне ёй незалежнасці, мусілі лічыцца ўсе нашыя суседзі: украінцы, літоўцы, латышы.

— Усе суседнія краіны па перыметры ў той ці іншай ступені квапіліся на частку нашай тэрыторыі, а хто і на ўсю яе цалкам. У канцы 1918-га Польшча развязала вайну з Савецкай Расіяй за Беларусь і Літву.

Анатоль Сідарэвіч мяркуе, што бальшавікі перайгралі сваіх ворагаў, як унутраных, так і знешніх, узяўшы на ўзбраенне нацыянальнае пытанне. У гэтым ім дапамагло стварэнне квазі-дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі — спачатку Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, пасля Літоўска-Беларускай Савецкая Сацыялістычнай Рэспублікі, потым ізноў ССБР (ліпень 1920-га). Гэта надала Беларусі пэўную ступень суб’ектнасці.

Такую ж палітыку Савецкая Расія праводзіла ў дачыненні да украінцаў, а таксама да іншых народаў.

— У 1922-м фармальна незалежныя і часткова прызнаныя савецкія рэспублікі — Расія, Беларусь, Украіна і Закаўказская Сацыялістычная Федэратыўная Савецкая Рэспубліка — стварылі Савецкі саюз, прыняўшы адпаведную дамову і дэкларацыю. Гэтая дамова, няхай яна і не была ратыфікаваная вышэйшымі органамі ўлады рэспублік і не ўключаная ў Канстытуцыю СССР ад 1936 года, з’яўлялася міжнародным юрыдычным актам, — нагадаў гісторык.

Менавіта гэты дакумент быў дэнансаваны ў Віскулях у 1991-м, што і стала канцом існавання СССР.

Прызнанне таго факта, што з’яўленне БНР заклала падмурак для наступнага існавання Беларусі, прагучала па гарачых слядах, нагадаў даследчык:

— На пасяджэнні Цэнтральнага Бюро Камуністычнай партыі Беларусі ў студзені 1919 года вядомы бальшавіцкі дзеяч, наш зямляк з Капыльшчыны Ісак Рэйнгольд ясна заявіў: «Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику». Гэта даўно вядомы факт. І ў 2018-м яго нарэшце прызнала і афіцыйная гістарычная навука.

З іншымі артыкуламі пра Беларускую Народную Рэспубліку можна азнаёміцца ў адмысловай рубрыцы «Салідарнасці» БНР-100

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)