Общество

Гісторыі чатырох герояў, якія сутыкнуліся са стратай

Смерць – неад’емная частка жыцця. Ёй усё скончваецца, якіх сацыяльных вышынь ты б ні дасягнуў(-ла). Але што яна значыць у жыцці, калі памірае нехта са сваякоў?

Віка Біран праз гісторыі чатырох герояў, якія сутыкнуліся са стратай, расказвае пра невычэрпны боль, пачуццёвы купал, жаданне жыць момантам і астатнюю фільмаграфію эмоцый, з якімі застаецца чалавек пасля сыходу блізкіх.

– Калі я прапаноўвала сваім знаёмым пагаварыць на тэму смерці, я не была ўпэўненая, што яны на гэта пагодзяцца. Калі я расшыфроўвала гэтыя інтэрв'ю, я не магла ўявіць, наколькі хваравітым будзе гэты працэс. Да тэмы смерці складана падступіцца, з усіх бакоў – няёмка. І ўсё ж вось яны, чатыры крохкія гісторыі пра тое, які след пакідае смерць у нашым жыцці.

Каця, 32 гады. Страціла маму ў 17 гадоў

Мама памерла раптоўна. Гісторыя гэтая вельмі цёмная. Невядома, што адбылося насамрэч. Існуюць дзве супрацьлеглыя версіі. Па версіі яе мужа, яна скончыла жыццё самагубствам. Па версіі нашай сям'і, гэта ён яе забіў. У яе чэрапе было дзве кулі. Ніякіх адбіткаў пальцаў.

Завялі крымінальную справу. Я была адзінай у сям'і, хто ўмела карыстацца камп’ютарам. Мяне прымушалі друкаваць апісанне цела. Было адчуванне, быццам у мяне ўжо атрафаваліся ўсе пачуцці. Следчыя выцягнулі на свет усе шкілеты пра нашу сям'ю. Справа скончылася на «вярхушцы» ўлады. У майго айчыма апынуліся вялікія сувязі, і справу закрылі з рэмаркай: «Засталося двое малалетніх дзяцей [брат і сястра Каці. – 34mag.]. Вы хочаце іх яшчэ і без бацькі пакінуць?»

 За дзве гадзіны да смерці мы размаўлялі з мамай па тэлефоне, абмяркоўвалі мой выпускны вечар і сукенку. Яна сказала, што дапаможа яе выбраць.

Неўзабаве пасля таго як мама памерла, я атрымала фідбэк ад блізкіх сяброў пра тое, што ўсім надакучыла слухаць, як я пакутую і перажываю, што я эксплуатую гэтую тэму. А я напраўду часта хацела падзяліцца гэтай гісторыяй. Не ведаю чаму.

Тады я вырашыла, што ўсё. Сапраўды, нікому гэта не цікава, ніхто з табой не збіраецца перажываць гэтую падзею так, як ты. Бабулі і дзядулі я таксама забараніла пра гэта згадваць. Шмат прайшло з таго часу. Я набліжаюся да таго ўзросту, у якім мамы не стала, і пачынаю ўсведамляць, што ў сваім жыцці нічога не паспела, не пабачыла, не пазнала.

Не магу сказаць, што ў 17 гадоў я стала дарослай. Гадамі я адмаўляла ўсё, што адбылося. Для мяне яна не проста хварэла або памерла на маіх вачах. Яна проста раніцай села ў машыну з дзецьмі, з айчымам, памахала мне рукой – і ўсё, яны з'ехалі. Больш я яе не бачыла жывой ніколі.

На пахаванні ўсе людзі сталі сапраўднымі. Гэта, напэўна, адзіны момант у жыцці, калі я бачыла іх як сапраўдных асоб. Смерць вельмі мяняе ўсіх вакол цябе.

Я рыхтавалася тады да паступлення. Мне патэлефанавала мая рэпетытарка па філасофіі, сказала, што прыйдзе на занятак. Я адказала, што мама памерла і што я займацца больш не буду. Яна памаўчала некалькі секунд і сказала, што трэба далей займацца і што яна прыйдзе. У той момант я падумала, што яна вар'ятка.

 На пахаванне прыйшоў увесь клас. Не ведаю, прымусілі іх ці не. Двое маіх лепшых сяброў тады проста зніклі. Яны не з'яўляліся, не тэлефанавалi. Мне патрэбна была іх падтрымка. Я не ведала, што з імі. Праз год я пачала размаўляць з адным з іх зноў, але ён так нічога і не патлумачыў.

Добра памятаю, як да нас дадому на пахаванне прыйшла дырэктарка школы, стала пасярод пакоя і казала такім ментарскім тонам, як на партсходзе: «Мы павінны ўсе трымацца. Шмат у каго паміраюць і маці, і бацькі, але жыццё працягваецца». Я накінулася на яе і стала крычаць, каб яна правальвала.

 Мне сорамна цяпер. Зноў прыгадваюцца словы пра «вось гэтыя твае аповеды, ты застрашаеш людзей, нафіга гэта ўсё, гэта нікому не трэба, гэта твае асабістыя перажыванні, гэта не робіць табе нічога добрага, трэба перажываць іх унутры».

Праз год пасля яе смерці ў мяне з'явіліся дзве вельмі блізкія сяброўкі. Мне заўсёды было крыўдна, што яны не ведаюць яе. І потым я сустракала людзей, з якімі я хацела яе пазнаёміць, але гэта было немагчыма. Я спрабавала яе ўваскрэсіць сваімі аповедамі. Але людзям не асабліва зразумела, чаму ты кажаш пра чалавека, якога яны не ведаюць.

Быў ліпень. Я была ў чорным ваўняным гольфіку. Я стаяла на каленках, мяне ніхто не чапаў, труну засыпалі зямлёй. Я думала, што калі цяпер кінуся ў магілу, то пайду за мамай услед. Хачу я гэтага? Вырашыла, што ўсё ж такі не.

Калі мама памерла, мне ў той жа дзень прыйшла вельмі дзіўная думка ў галаву: «Цяпер я цалкам вольная ад усяго. Цяпер толькі я распараджаюся сваім жыццём. Мне больш ніхто нічога не будзе дыктаваць. Я збіраю свае рэчы і еду ў Піцер». Але мне сказалі: «Не, ты павінна паступаць ва ўніверсітэт у Менску, ідзі здавай іспыты».

Што я хацела рабіць увесь першы тыдзень? Уключыць музыку. Слухаць музыку. Але ж нельга, не дазволена, жалоба! Я падумала, што не, я павінна. Пачала слухаць шмат музыкі і рыхтавацца да паступлення. Панесла дакументы і сутыкнулася са сваім новым статусам. У графе «бацькі» было напісана, што маці няма, а бацька са мной не жыве. Дзяўчынка, якая прымала дакументы, сказала: «Вы павінны падаваць на льготы». Яна пачала мне соваць нейкія паперы і паклікала намдэкана. А ён пачаў на мяне крычаць: «Прыходзяць тут усякія, просяць нейкіх ільгот». Я выскачыла адтуль. Потым мяне вярнулі, але я сказала, што ніякіх заяў падаваць не буду.

Я здала экзамены, паступіла ва ўніверсітэт і вырашыла наогул нікому не распавядаць гэтую гісторыю. Буду як усе. У пачатку верасня, калі здарылася першая агульная папойка і ўсе сталі задаваць адзін аднаму розныя пытанні, першае, што ў мяне спыталі: «Скажы, а гэта ты тая дзяўчынка, у якой няма мамы?»

На першым курсе ў нас быў экзамен па псіхалогіі. Мне трапілася пытанне пра псіхалагічныя абароны. Я нешта расказваю, а потым выкладчык мне задае пытанне: «А якая ў цябе псіхалагічная абарона? Пастаў сабе дыягназ». Не задумваючыся я кажу: «Адмаўленне». – «Так, дакладна. Ты адмаўляеш нешта вельмі важнае ў сваім жыцці як няіснае».

Прайшло два гады. Я стала актыўна займацца музыкай і пісаць песні. Яны былі, вядома, невясёлымі, мяне несла. Усе тыя апісанні цела, якія я друкавала тады на камп’ютары, я не магла больш насіць у сабе і пачала ў падрабязнасцях распавядаць, як усё тады адбылося.

Усе маміны рэчы, у якіх яна была, аддалі тады бабулі і сказалі, каб яна іх памыла. Я памятаю, як яна стаіць у ваннай, мые маміны джынсы, а ванная ўся ў крыві. Яна злівае ваду, зноў мые – і зноў. І так некалькі разоў. Я потым насіла гэтую вопратку. Думала, што гэта надае мне сілы і мне зараз наогул нічога не страшна, цяпер я магу ўсё і ніхто не насмеліцца мяне пакрыўдзіць. Такая ўсёдазволенасць. Таму што ты атрымаў ад смерці прывітанне, у цябе забралі самага блізкага чалавека. Цяпер бы я так не стала рабіць, напэўна.

У 18 гадоў мама абрэзала сваю касу. Бабуля яе захоўвае.

Добра памятаю, як дзед падсунуў мне кнігу пра Beatles і сказаў: «Ведаеш, у Ленана мама загінула, калі яму было 17 гадоў».

Доўгі час у мяне вісеў вялікі мамін партрэт. Я зняла яго літаральна некалькі тыдняў таму. Ніхто не пытаўся, хто гэта, але ўсе ўважліва на яго глядзелі. Мой узрост мяняўся, і калі раней людзі думалі, што гэта мая мама, дык потым, што гэта мая дзяўчына.

Цяпер гэта ўсё роўна. Не патрэбныя партрэты, нічога не трэба. Ты ніколі не будзеш ранейшай, ніколі на гэта не забудзешся, але гэта будзе трансфармавацца.

Калі раней гэта быў проста жудасны боль, дык цяпер – устойлівае адчуванне недаказанасці. Я разумею, што ў мяне няма самага блізкага сябра, якому я магла б сказаць усё і які б мяне зразумеў.

Я сябе пастаянна рыхтую да смерці бабулі з дзядулем. Яны самыя блізкія і родныя для мяне людзі. Ёсць яшчэ сваякі, вядома, але не такія блізкія. Я спрабавала адказаць на пытанне, што зрабіць. Паспець пагаварыць пра ўсё? Вырашыць нейкія нявырашаныя пытанні? Не. «Сёння ў нас самы шчаслівы дзень з табой. Мы будзем рабіць тое, што мы хочам. Не будзе вырашаць ніякіх пытанняў». Немагчыма вырашыць усе пытанні, усё роўна нешта застанецца. Чым далей, тым больш я спрабую дзеда абдымаць і гладзіць па галаве. Я задаю яму пытанні, якія не насмельвалася задаваць раней. Абмяркоўваць усе тэмы, якія былі закрытымі.

Вядома, я ўсё гэта раблю для сябе. Каб было лягчэй. Усё, што ты можаш зараз зрабіць, ты можаш зрабіць для сябе. Успаміны ж не для калекцыі існуюць. Паспець зрабіць тое, што прыносіць задавальненне табе і чалавеку, які побач. Жыць так, як быццам бы нічога не адбываецца.

Яшчэ тры гiсторыi тут