Общество
Алесь Пілецкі, «Еўрарадыё»

«Гірлянды зрабілі з сурвэтак, ёлку — з пластыкавай бутэлькі»

Уладзь Яроменак другі раз запар будзе святкаваць Новы год на Акрэсціна.

— Уладзь — ён такі вясёлы, актыўны малады чалавек. Душа кампаніі. З гітарай пастаянна, мае цудоўны пастаўлены голас, і таму без яго такая сяброўская сустрэча, мерапрыемства ў прынцыпе не абыходзілася, — расказвае пра Яроменка намесніца кіраўніка “Маладога фронту” Наста Палажанка.

Уладзь Яроменак прыехаў у Мінск у 2009 годзе: ён нарадзіўся ў Міёрах. Збіраўся вучыцца ў БНТУ і адначасова “змагацца з рэжымам”. Напачатку яму шанцавала — у краіне разгарэлася лібералізацыя. Таму першыя суткі Яроменку прыйшлося адседзець толькі пасля выбараў.

Першая ж пасадка на “суткі” у снежні 2010 году зацягнулася і скончылася для Яроменкі толькі ў жніўні. Праз некалькі дзён адсідкі на Акрэсціна хлопца адвезлі ў “амерыканку” ды абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Яго былы сукамернік Барыс Гарэцкі расказвае «Еўрарадыё», што паміж допытамі, якія на Акрэсціна ладзяцца даволі часта, Яроменак збольшага чытае. Адно што рабіць гэта там складана — цёмна.

Гэтаксама складана на Акрэсціна адзначаць святы. Сёлета, пасля затрымання 19 снежня, Уладзь ужо другі раз запар будзе сустракаць Новы год на Акрэсціна. Адміністрацыя рэдка мае святочны настрой. Але арыштанты не здаюцца:

— Вось, у мінулым годзе многія людзі, якія там сядзелі, распавядалі, што яны здолелі, напрыклад, зрабіць з туалетнай паперы, якую перадавалі з волі, гірлянды, развесіць па камерах. Абмяняцца нейкімі паштоўкамі ў сваіх камерах.

Іншым пашанцавала больш. Рэгулярны госць Акрэсціна Зміцер Хведарук, які 2011 год сустракаў за кратамі, гаворыць, што ў камеры можна паставіць нават елку. Калі пастарацца, вядома.

— Адзначалі ў страшным холадзе. У нас былі пашкоджаныя вокны, быў моцны вецер, было халодна. Мы аздобілі камеру гірляндамі бел-чырвона-белымі, зрабіўшы іх з сурвэтак, якія нам напярэдадні перадалі. Зрабілі з пластыкавай бутэлькі і зялёных сурвэтак елку такую імправізаваную, — кажа ён.

Паводле звестак Еўрарадыё, на Акрэсціна ахоўнікі настолькі суворыя, што нават навагодняе пасланне кіраўніка дзяржавы не дазваляюць арыштантам паглядзець, нягледзячы на... калектыўныя просьбы. І стол навагодні там ад звычайнага не адрозніваецца:

— Была катлета рыбная з морквай. Рыс нейкі. І гарбата з кавалкам батона. Больш-менш святочнае нам меню было 25-га, на Раство. Па-мойму, там далі вялікую порцыю бульбы і катлету, вялікую.

А вось у сумна вядомай “амерыканцы” — СІЗА КДБ — навагодні стол адміністрацыяй не абмяжоўваецца: там дазволеныя прадуктовыя перадачы. Так што калі будзе выбар і жаданне адзначыць свята з салатам "Аліўе", лепш трапляць у “амерыканку”. Праўда, выйсці адтуль складаней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)