Филин

Юлія Кот

«Гіганцкая палітычная матываванасць справы»

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк — аб тым, што не так са справай грамадзяніна Нямеччыны, якому беларускі суд даў вышэйшую меру пакарання.

Справу грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера і смяротны прысуд, вынесены яму судом РБ, беларускія праваабаронцы называюць выключнымі. Нагадаем, замежніка судзілі па шасці цяжкіх артыкулах, у тым ліку абвінавацілі ў наёмніцтве, агентурнай дзейнасці і «акце тэрарызму».

Пра тое, што выклікае пытанні ў справе Крыгера, Филин пагутарыў з юрыстам НАУ Міхаілам Кірылюком.

Фота: Наша Ніва

«Улады не могуць прад’явіць таго, што ім было б выгадна»

— Месяц на разгляд падобнай справы — гэта вельмі хутка, проста імгненна, — адзначае праўнік. — Прыгадаем, колькі разглядалася справа па выбуху ў мінскім метро (два месяцы ішлі паседжанні, яшчэ амаль чатыры прайшлі, пакуль разглядаліся прашэнні аб памілаванні — Ф.).

Наогул, любая сур’ёзная справа павінна займаць шмат часу — бо на стале ў суддзі не некалькі гадоў жыцця чалавека, а ўсё жыццё.

У маёй практыцы, калі разглядалася крымінальная эканамічная справа, працэс ішоў дзевяць месяцаў — а гэта не забойства, не тэракт, — і ў выніку прысуд быў вынесены такі, што чалавек выйшаў на волю ў момант выраку.

А тут за месяц 12 пасяджэнняў, у сярэднім па тры на тыдзень. Гэта вельмі імкліва, бо ні экспертызы, ні запыты ў нармальным тэмпе немагчыма зрабіць за такі тэрмін.

І гэта дэманструе, на мой погляд, гіганцкую палітычную матываванасць гэтай справы. Таксама, як і закрытасць справы. Бо калі ёсць доказы — чаму іх не вынесці на публіку, чаму МЗС Беларусі не выкарыстоўвае гэтыя звесткі, прапагандысты не абсмоктваюць?

Калі б нешта было, завялі б абвінавачанага на інтэрв’ю з Маркавым, паказалі на ўвесь свет прапагандысцкі фільм — вось вам экспертыза, вось адбіткі пальцаў, вось фота і відэадоказы, куды ехаў і як закладваў выбухоўку.

Але нічога падобнага дзяржканалы не распаўсюджваюць, што дазваляе зрабіць выснову — уласна, і доказаў няма, і ўлады не могуць прад’явіць таго, што ім было б выгадна.

Па накатанай схеме?

Міхаіл Кірылюк прыгадвае, як у справе Васкрасенскага ў жніўні 2020-га ягоны падабаронны нібыта хацеў чыстасардэчна прызнацца ў тым, што даў камусьці соцень долараў, каб набыць лазерныя ўказкі і асляпляць імі АМАПаўцаў падчас пратэсту.

Але насамрэч, падкрэслівае юрыст, у справе не было ніякіх пацярпелых АМАПаўцаў, наогул ніякіх доказаў, акрамя «прызнання» ў намеры:

— Не было ні экспертызы, нічога, што пацвярджала б прычынна-выніковай сувязі паміж 300 доларамі і сілавікамі, якія нібыта пацярпелі. А следчы ў КДБ прамым тэкстам мне ў твар сказаў: суд будзе закрыты і ніхто нічога не даведаецца, калі падабаронны ваш хоча выйсці праз колькі месяцаў на свабоду — хай усё прызнае, а «будзе выпендрывацца», атрымае як за здраду радзіме, 10 год, мы так ужо рабілі і ўсе пракатвала.

Думаю, такі патэрн выкарыстоўваюць і ў выпадку Рыка Крыгера: нармальных доказаў няма, справу разгледзелі вельмі хутка. Няма нават злачынства, а толькі гіпотэзы следства і абвінавачання аб тым, што гэтае злачынства збіраліся ўчыніць! Ахвяр няма, ніхто не забіты, нават рух цягнікоў на чыгунцы, дзе нібыта быў учынены выбух, не спыніўся.

Артыкул пра «замах на акт тэрарызма», паводле якога чалавека таксама можна расстраляць, у беларускі Крымінальны кодэкс унеслі адносна нядаўна, нагадвае праўнік — пасля скрадзеных выбараў і пачатку вайны ва Украіне, вясной 2022 года. Раней за прыгатаванне і спробу, за намер, а таксама злачынства без ахвяр — не расстрэльвалі.

— Вось цяпер мы бачым, дзеля чаго гэта было зроблена, — канстатуе Міхаіл Кірылюк. — Мы гаворым не пра рэальнае злачынства, а тэхніку фальсіфікацыі — з боку адміністрацыі Лукашэнкі дзейнічаюць людзі, якія ставяць яе на паток.

Арганізаваць тэракт самім, каб падставіць таго і іншага чалавека — гэта магчыма, але складана і пакідае сляды, потым звесткі могуць выплысці і выканаўцаў будуць шукаць. Таму прасцей гэтага не рабіць, а абвінаваціць у намеры.

У дадзеным выпадку — у «здзяйсненні выбуху з мэтай аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку».

«Гэты кейс яшчэ раз паказвае тэрарыстычны характар адміністрацыі Лукашэнкі»

— Вельмі дзіўны момант, што Крыгер не стаў абскарджваць смяротны прысуд.

— Што значыць «не стаў»? А ці была ў яго такая магчымасць? Можа, ён і хацеў абскардзіць прысуд, а яму не далі — пераканалі, прымусілі не пісаць, альбо сказалі: вось табе аркуш і аловак, у цябе 15 хвілін, пішы абскарджванне, але перакладчык будзе толькі праз тры дні. Натуральна, тады чалавек кіне той аловак і скажа: ну акей, я ўсё зразумеў, не буду нічога пісаць.

Таму — гэта прапагандысты кажуць, што грамадзянін Нямеччыны не стаў абскарджваць прысуд, а як насамрэч, мы не ведаем.

Папярэдні смяротны прысуд за тэракт, нагадвае Міхаіл Кірылюк, быў вынесены ў 2011 годзе датычна Канавалава і Кавалёва, але і тая справа была вельмі спрэчнай, і ў многіх засталіся сумневы: ці сапраўды вінаватых за гібель людзей у мінскім метро пакаралі, ці не было гэта той самай фальсіфікацыяй. Цяпер жа — ніхто не загінуў, але чалавек прысуджаны да смерці.

— Гэта выключная ступень фальсіфікацыі злачынстваў для мяне, — зазначае юрыст. — Мяркую, так робіцца наўмысна, для таго, каб весці нейкі торг паміж краінай грамадзянства гэтага чалавека і адміністрацыяй Лукашэнкі.

Разам з тым я маю вялікую надзею — калі гэта ўжо выйшла ў паблік, то ўсё ж такі грамадзянін Нямеччыны не загіне ў Беларусі. Бо іншых прычын для эскалацыі ў рэжыму няма, акрамя як пагандляваццца, ніякай іншай пагрозы для іх Крыгер не ўяўляе.

Нават калі гэта будзе пазітыўны для беларускіх уладаў кейс і Крыгера «выменяюць» у Германіі на што-небудзь, агулам гэта не дапаможа рэжыму змякчыць санкцыі. Дзякуючы таму, што яны накладваюцца калегіяльна ў Еўразвязе і паасобку з боку ЗГА і Англіі, немагчымая такая формула — мы выпускаем аднаго немца, а вы здымаеце ўсе санкцыі.

Гэты кейс яшчэ раз паказвае тэрарыстычны характар адміністрацыі Лукашэнкі: яны бяруць іншаземцаў фактычна ў закладнікі, і пад пагрозай іхняй смерці спрабуюць атрымаць нейкія палітычныя прэферэнцыі. Такі спосаб дзеянняў мала чым адрозніваецца ад ХАМАС і іншых тэрарыстычных арганізацый.

Што да гіпотэзы наконт абмену Крыгера на расейскага спецслужбоўца — на думку Міхаіла Кірылюка, выключаць яе нельга, але высновы можна зрабіць, калі падобны абмен усё ж адбудзецца.

— Калі гэта так, мы бачым добрую ілюстрацыю сітуацыі: з боку адміністрацыі Лукашэнкі на абмен вылучаюць чалавека, які дакладна нікога не забіў і ў гэтым не абвінавачваецца, а з боку Крамля — ім патрэбны серыйны забойца, які на загад Пуціна забіў у Германіі палітычнага ўцекача з Чачні.

Перамовы наконт Вадзіма Красікава, мяркуючы па публікацыях медыя, ідуць яшчэ з 2019 года і ўключалі ў сябе нават магчымасць абмену Навальнага. І калі такі абмен здзейсніцца цяпер — гэта будзе яшчэ адна ганебная справа адміністрацыі Лукашэнкі, браць закладнікаў і выменьваць іх на забойцаў.