Скандалы

Гібель вяскоўца ў міліцэйскім аўто: міліцыя паведаміла падрабязнасці здарэння

Як стала вядома Радыё Свабода, у міліцэйскім аўтамабілі загінуў жыхар вёскі Слаўкава Нясьвіскага раёну, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч. Аднавяскоўцы Сяргея з сумневам ставяцца да вэрсіі з суіцыдам. Свабода пагаварыла зь яго роднай сястрой Інай Русак і празстаўніком УУС Менскага аблвыканкаму .

«Усё здарылася 29 лістапада. Брат прыйшоў дадому, пасварыўся з бацькам моцна, — расказвае сястра загінулага мужчыны. — І бацька выклікаў на яго міліцыю. Прыехалі, забралі. Забіралі пры мне, я сама бачыла ўсё. А потым павезьлі яго ў бок Юшавіч (вёска ў Нясьвіскім раёне. — РС). Чаму не ў Нясьвіж у пастарунак? Гэта добрае пытаньне».

Пахаваньне Сяргея Абрамовіча адбылося 2 сьнежня. Пра тое, што мужчына загінуў, яго родным расказалі самі міліцыянты.

«Сьлядоў ад вяроўкі я на целе брата не знайшла, — працягвае Іна Русак. — Сьледчы прыехаў увечары, адказваў, што гэта ўсё брат сам. Даказвалі мне, званілі. Суіцыд. Шукалі запіску перадсьмяротную, але не знайшлі. Не было ніякай запіскі. Цяпер ідзе разбор, сьледчы пытаўся ў мяне, хто можа быць вінаваты ў сьмерці брата, якая мая думка. Я ім сказала, што вінаватая міліцыя».

За тры тыдні, якія прайшлі з моманту сьмерці Сяргея Абрамовіча, пытаньняў у яго родных толькі паболела. Асноўныя зь іх — чаму затрыманага пакінулі ў міліцэйскім аўтамабілі аднаго і дзе запісы зь відэакамэры, усталяванай у салоне?

«Сказалі мне, што ён павесіўся на шнурку ад чаравіка, — расказвае сястра загінулага. — Але як гэта на шнурку, як гэта магчыма? Але калі нават і на шнурку, дапусьцім, так адбылося. То чаму яны тады яго аднаго пакінулі? Паводле правілаў, яны ня могуць пакідаць затрыманых адных у машыне. Там была новая машына, УАЗ „Патрыёт“, у яе ў салоне камэры. Ідзе запіс. Мне ніякіх запісаў не паказалі. Цішыня ў адказ».

Паводле Іны, на целе брата яна знайшла невялікія пашкоджаньні. У яго быў пабіты твар.

«Зь левага боку на твары ў брата быў невялікі парэз. Патолагаанатам мне сказаў, што твар брата быў пашкоджаны, ён быў крыху пабіты. Перад пахаваньнем наносілі грым. Але ўсё адно быў шнар, каля сантымэтра. Але нават калі ён і сам павесіўся, няўжо ніхто нічога ня чуў? Усе глухія? Ніхто нічога ня чуў, ніхто ня бачыў. Міліцыянты мне сказалі, што згубілі яго зь віду».

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту Менскай вобласьці Тацяна Беланог пацьвердзіла Свабодзе, што здарэньне адбылося 29 лістапада ў міліцэйскай машыне. На пытаньне, ці быў гэта менавіта суіцыд, Тацяна Беланог сказала, што цяпер высьвятляюцца абставіны здарэньня і прычыны сьмерці, Нясьвіскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку. «Цяпер высьвятляюцца абставіны здарэньня, робяцца праверачныя захады. Прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза, якая высьветліць дакладную прычыну сьмерці мужчыны 1969 году нараджэньня, сьледзтва зьбірае неабходныя матэрыялы».

У міліцыі патлумачылі, як затрыманы мог павесіцца ў машыне

Прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак у камэнтары Радыё Свабоды адрэагаваў на некаторыя пытаньні, якія паўсталі ў аднавяскоўцаў Сяргея Абрамовіча.

Як можна павесіцца на шнурку ў службовым аўтамабілі? У міліцэйскай машыне ёсьць закратаваны адсек для перавозкі затрыманых. Паводле міліцыі, загінулы зачапіў шнурок за краты.

— Па выніках нашай праверкі адна з асноўных высноваў у тым, каб у гэтым адсеку зьмяніць канструкцыйныя асаблівасьці гэтага невялікага памяшканьня, каб выключыць такую магчымасьць зачапіцца нечым за яго. Гэта магчымасьць не была выключана. Па нашым бачаньні сытуацыі, ён зачапіўся за частку кратаў. Па выніках нашай праверкі зроблена выснова — выключыць гэту частку.

Паводле Сачака, пакуль затрыманага дастаўлялі ў РАУС, ён быў у статусе дастаўлянага:

— Таму ў яго не забіралі такія рэчы як рамень і шнуркі. Канечне, яго аглядалі, каб не было небясьпечных прадметаў, якімі ён мог зрабіць сабе шкоду ці іншым. Але шнуркі на гэтым этапе мы не забіраем. Мы праводзілі праверку, каб такога не дапусьціць у далейшым, — сказаў Сачак.

Як выйшла, што за чалавекам у адсеку машыны не даглядзелі? Калі мужчыну везьлі ў пастарунак, то, паводле прадстаўніка абласной міліцыі, супрацоўнікі паглядалі на яго празь люстэрка задняга агляду.

— У некаторы момант ён зьнікае з поля зроку. Яны спыняюцца і бачаць тое, што адбылося. Спрабуюць неяк рэанімаваць, але гэта нічога не дае.

Чаму няма сьледу на шыі?

— У сваякоў выклікае недаўменьне адсутнасьць нейкага сьледа. Сьлед быў, але ён, магчыма, не настолькі ярка выражаны, як гэта бывае, калі чалавек доўгі час знаходзіцца ў такім стане, — кажа Сачак.

Чаму адразу не павезьлі ў пастарунак? Паводле Сачака, супрацоўнікі міліцыі ехалі ў суседнюю вёску, каб праверыць іншага паднагляднага:

— Яны яго не вазілі па раёне. Міліцыянты адразу выклікалі хуткую, але выратаваць затрыманага не ўдалося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)