Общество

Андрэй Скурко, Наша Гiсторыя

Гібель Купалы: усё, што вядома пра яе на сёння

Нягледзячы на маштаб асобы, мы дагэтуль не ведаем, як гэта здарылася. 28 чэрвеня 1942 года а 22.30 цела нацыянальнага генія знайшлі на лесвічнай клетцы гасцініцы «Масква» на першым паверсе.

Янка Купала з Якубам Коласам падчас паездкі па Дняпры на магілу Тараса Шаўчэнкі ў Канеў ва Украіне. Май 1939 года. Так яны выглядалі ў апошнія гады жыцця, пасля пекла 1937-га. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Удар аб мармуровую падлогу быў такой сілы, што з ордэна Леніна на грудзях Купалы зляцела эмаль.

З якога паверха падаў Купала — невядома. На лесвічнай пляцоўцы 7-га паверха засталіся пырскі яго крыві. На пляцоўцы ці то 9-га, ці то 7-га паверха ляжала туфля Купалы — моцна зашнураваная.

Некалькі версій трагедыі, што ўзніклі ў першыя гадзіны пасля гібелі, існуюць да сёння.

У музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца фрагменты падлогі, на якую зваліўся паэт. Фота Андрэя Скурко

Няшчасны выпадак

Такое тлумачэнне смерці Янкі Купалы было дадзена ў спецпаведамленні начальніка 3-га спецупраўлення НКВД Мікалая Гарлінскага на імя наркама Лаўрэнція Берыі. Версіі гвалтоўнай смерці або самагубства там адразу адкідаюцца.

«Прыкладна а 21-й Луцкевіч [сапраўднае прозвішча Янкі Купалы было Луцэвіч, але ў дакуменце яго паслядоўна называюць Луцкевічам, гэта выклікала справядлівыя падазрэнні, пра іх мы напішам ніжэй] быў запрошаны ў пакой №1034 да старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Лынькова, дзе прысутнічалі таксама пісьменнік Крапіва, рэдактар газеты «Красноармейская правда» Міронаў, супрацоўнік той жа газеты Каржанаў і заг. аддзела рэдакцыі газеты «Известия» Вайцінская. Луцкевіч прыйшоў у нецвярозым выглядзе і з прысутнымі выпіў яшчэ некалькі стопак шампанскага.

Прыкладна а 22-й Вайцінская і Крапіва з нумара сышлі, і хвілін праз 10 пасля іх выйшаў Луцкевіч.

Момант і абставіны падзення Луцкевіча ніхто не бачыў».

Таксама падкрэслівалася, што ў нумары Купалы былі выяўленыя пустыя бутэлькі і посуд з пахам віна.

Такая была афіцыйная версія: беларускі паэт напіўся і ўпаў з лесвіцы, перакуліўшыся цераз нізкаватыя мармуровыя парэнчы.

У музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца дзверы ад яго нумара ў гасцініцы «Масква» і фрагменты парэнчын лесвічнага пралёта, цераз які пераваліўся паэт. Фота Андрэя Скурко

Купала прыехаў у Маскву 18 чэрвеня 1942-га з-пад Казані. У Татарстане паэт апынуўся, калі фашысты акупавалі Беларусь. У Казань былі эвакуіраваныя многія ўрадавыя інстытуты БССР. Дырэктар мукамольнага камбіната ў вёсцы Пячышчы Іван Наякшын даў Купалу службовую кватэру.

У Маскву Купалу выклікаў старшыня Савета народных камісараў БССР Іван Былінскі. Тэлеграма была адрасаваная старшыні Вярхоўнага Савета БССР Надзеі Грэкавай, якая таксама жыла ў Казані. «Выязджайце разам народным паэтам Беларусі Янка Купала Маскву», — стаяла ў тэлеграме.

У Маскве Купала меўся ўзяць удзел у кангрэсе антыфашысцкага Усеславянскага камітэта. Сам ён планаваў заадно наведаць выдавецтвы і падлячыцца.

Яго пасялілі ў гасцініцы «Масква» — гэта быў найлепшы варыянт у ваеннай сталіцы: у гатэлі была бесперабойная электрычнасць і гарачая вада, там добра кармілі.

У «Маскве» жылі і спыняліся і іншыя беларускія пісьменнікі, тут працавалі рэдакцыі антыфашысцкіх выданняў.

Версія Коласа

Пра тое, што Купала мог упасці сам, казаў і Якуб Колас. Але прычыну бачыў іншую. Яго сын Даніла Міцкевіч успамінае, што Купала ў 1941-м «меў слабасць у нагах і часта прыпадаў на нагу». У апошнія гады жыцця паэт хадзіў з кавенькай, гэта відаць на многіх фота.

Магчыма, гэтае прыпаданне і стала прычынай смерці — не выключаў сын Якуба Коласа:

«Парэнчы лесвіцы ў гасцініцы «Масква» незвычайна нізкія. У Купалы магла падвярнуцца нага, і ён паляцеў уніз».

Версія п’янага падзення не пацвярджаецца і словамі іншых сведкаў.

«Янка не быў п'яны так, каб мог зваліцца», — пісаў у дзённіку Пятро Глебка, які зайшоў у той вечар да Міхася Лынькова па запалкі, але не трапіў у спецпаведамленне НКВД.

Уваход у гасцініцу «Масква», 1930-я гады. Гасцініца толькі што пабудаваная. Фота AIF.ru.

Пра тое самае, спасылаючыся на вынікі ўскрыцця, казаў партыйны дзеяч Мікалай Аўхімовіч, які суправаджаў цела Купалы ў Інстытут Скліфасоўскага і бачыў вынікі ўскрыцця: «Спіртное, — адзначалася ў заключэнні, — было нязначным».

Зусім літаратурную версію здарэння падае Уладзімір Някляеў у сваім новым рамане «На крыжы». Незадоўга перад здарэннем, згадвалі сведкі, у нумар Лынькова хтосьці званіў. Лынькоў доўга гаварыў па тэлефоне, папрасіўшы гасцей выйсці на балкон, а пасля даваў слухаўку Купалу. Пасля той размовы Купала выйшаў з нумара.

Някляеў выказвае здагадку, што паэту званіла жанчына, і ён, спяшаючыся на спатканне з ёй, вырашыў, як школьнік, каўзануцца на парэнчах, зачапіўся нагой і не ўтрымаў раўнавагі.

Ужо ў нашым стагоддзі, падчас капітальнага рамонту, тыя парэнчы з «Масквы» перадалі ў музей Янкі Купалы ў Мінск. Яны сапраўды нізкаватыя, але колькі гатэль за 85 гадоў існавання не пабачыў і п’яных, і слабых у нагах, і закаханых — ніхто, апроч Купалы, такім чынам не загінуў.

Луцэвіч і Луцкевіч

Ці мог Купала скінуцца сам? Аднойчы паэт ужо рабіў спробу развітацца з жыццём. «Лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная», — пісаў ён у 1930-м кіраўніку Савецкай Беларусі Аляксандру Чарвякову.

Тады спецслужбы фабрыкавалі ў БССР справу «Саюза вызвалення Беларусі». Гэту «тэрарыстычную арганізацыю» НКВД прыдумаў пры канцы 1920-х для вынішчэння нацыянальнай эліты. У арыштаваных выбівалі паказанні, каб звінаваціць у жаданні скінуць савецкую ўладу, а пасля расстрэльвалі ці саджалі.

На чале СВБ органы меркавалі паставіць Янку Купалу. Яго выклікалі ў НКВД на «гутаркі», яго новы зборнік, аддрукаваны ў 1928-м, так і не пайшоў у продаж, у старонкі з Купалавымі вершамі, як у тэхнічную паперу, загортвалі рыбу ў мінскіх крамах.

Прадчуваючы арышт, паэт у лістападзе 1930-га напісаў ліст Чарвякову, а пасля ўдарыў сябе сцізорыкам у жывот. Адбылося гэта дома, жонка нарабіла галасу, а першую дапамогу Купалу аказаў сусед — доктар Стафан Луцкевіч, родны брат заснавальнікаў «Нашай Нівы» Антона ды Івана Луцкевічаў.

Учынак Купалы выклікаў крывую ўсмешачку ў тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Канстанціна Гея: і ножык маленькі, і скіраваны ў месца без жыццёва важных органаў, — але паэта пакінулі ў спакоі.

Ліст Купалы Чарвякову перад спробай самагубства ў 1930 годзе. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Ці не мог Купала сам кінуцца ў пралёт у «Маскве», прадчуваючы новую апалу? Прычыны для яе нібыта былі. Напярэдадні ў Мінску нямецкая адміністрацыя, пераназываючы вуліцы, адной з іх (сённяшняя вуліца Талстога) надала імя Івана Луцкевіча. Згадаем «спецпаведамленне»: Купала ў ім названы «Луцкевічам». Гэта блытаніна мела сістэмны характар, нават сам Купала быў пэўны, што вуліцу назвалі яго імем і ў сакавіку 1942-га ў Казані мусіў на спецыяльна скліканай сесіі беларускай Акадэміі навук прачытаць даклад, адзначыўшы, што не трэба яму ўшанавання ад тых, хто спапяліў Мінск бомбамі.

Яшчэ адным знакам апалы была незразумелая сітуацыя з юбілеем Купалы. 60-годдзе яго аднагодка Коласа ўвосень 1942-га мелася адзначацца шырока, Купалава ж нібыта прыхоўвалася. Танк пісаў, што Купала збіраўся адзначаць юбілей у Маскве, але «ў коле сваіх сяброў». Ні ўрачыстых сесій, ні ўзнагароджанняў не анансавалася.

Аднак няма сведчанняў, што Купалу гэта гняло. Сведкі ў адзін голас кажуць, што ён быў у Маскве ў выдатным настроі. «Ні хвіліны не думаў ён аб смерці», — піша Глебка.

Хваробы Купалы

А можа, здароўе было прычынай сыходу з жыцця? «Здароўе маё няважнае, — пісаў Купала Кузьму Чорнаму і Паўлу Кавалёву, журналісту «Савецкай Беларусі». — Перахварэў грыпам і нейкім рэўматызмам — балелі ўсе косці. Цяпер лепш, толькі з правай рукой няладна — баліць і нічога не магу ёй падымаць».

Пра тое, што і ў Казані Купала хварэў, успамінаў Наякшын. Паэт скардзіўся на задышку (у 1938-м перанёс крупознае запаленне лёгкіх), часта па некалькі дзён ляжаў у ложку.

Як сведчаць даведкі з казанскай клінікі нервовых хвароб, у Купалы былі ўскладненні пасля грыпу: праблемы з нервамі плечавога спляцення правай рукі, а таксама перыартрыт плечавога сустава, якія яму ў крамлёўскай клініцы меліся лячыць кароткахвалевым ультрафіялетавым выпраменьваннем.

Словам, хваробы непрыемныя, але і не смяротныя, такія сустракаюцца ў большасці немаладых людзей.

Крамольнае інтэрв’ю

Агулам, успаміналі сучаснікі, Купалаў настрой у 1942-м быў намнога лепшым, чым у пачатку вайны. Тады паэт быў вымушаны спешна пакідаць Беларусь, якую савецкае войска не змагло абараніць ад фашыстаў. У Мінску засталася яго 85-гадовая маці. Яго дом з каласальным архівам згарэў.

Купала дазваляў сабе рэзкасці. У першыя дні вайны ён адмаўляўся верыць у тое, што адступленне савецкіх войскаў — тактычны манеўр, як спрабавалі пераканаць народ ідэолагі, і быў упэўнены, што за пару дзён немцы будуць у Мінску. У інтэрв’ю «Звяздзе» ў 1941-м ён казаў: «Вораг знойдзе магілу ў нашай зямлі». Гэта супярэчыла сталінскай дактрыне аб тым, што ворага савецкае войска будзе біць на яго зямлі. З рэдакцыі газеты Купалу званілі, прасілі выправіць фразу, але ён адмовіўся: «Што сказаў — тое сказаў». Здавалася б, драбніца, але і гэта лічылася крамолай у таталітарныя часы.

Засталіся і ўскосныя сведчанні сапраўднага стаўлення Купалы да Сталіна. У 1960-я, калі паўстала пытанне, што рабіць з творамі Купалы, дзе славіўся «айцец народаў», Пятрусь Броўка сказаў, што ў тых вершах «вялікі Сталін» прычэплены для публікацыі. Таму можна яго павыкрэсліваць, а вершы перавыдаваць: «Усе мы добра ведаем, як ставіўся да культу Янка Купала».

Пакідаючы Беларусь у 1941-м, Купала раз-пораз спыняў свой «Шэўрале», выходзіў і клаўся крыжам на зямлю, нібы прадчуваючы, што ўжо не вернецца.

У канцы чэрвеня 1942-га, пасля бітвы пад Масквой і Ржэвам, зыход вайны ўсё яшчэ быў няпэўны: немцы наступалі на Сталінград, штурмавалі Севастопаль, Ленінград. Але надзея на вызваленне Беларусі з’явілася.

Мастак Канстанцін Елісееў, які прагаварыў з Купалам адну з апошніх начэй у гасцініцы «Масква», успамінаў, што Купала быў у добрым настроі, разлічваў скора вярнуцца ў Беларусь. Ён шчыра весяліўся і нават пабудзіў свайго госця пасля кароткага сну маршам Хачатурана.

Таксама насуперак версіі самагубства або раптоўнага выпадковага падзення сведчыць той факт, што на пляцоўцы застаўся ляжаць Купалаў чаравік. Прычым туга зашнураваны. Ён мог, кажуць крыміналісты, зляцець з нагі паэта і застацца ляжаць там, дзе ляжаў, толькі ў выпадку рэзкага ўдару нагой аб парэнчыны. Цела мусіла падляцець уверх і быць перакінутым у праём спінай уперад, каб так адбылося.

Аўтамабіль «Шэўрале», выдзелены савецкім урадам Янку Купалу ў канцы 1930-х. Цяпер захоўваецца ў купалаўскім музеі ў Ляўках Аршанскага раёна. Wikimedia Commons

«Ушчыкнуў афіцыянтачку»

Версію ненаўмыснага забойства агучваў тагачасны сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Аўхімовіч, які ў 1942-м жыў на тым самым 4-м паверсе «Масквы», праз некалькі дзвярэй ад Купалавага нумара 414. Ён адным з першых даведаўся пра гібель Купалы ад дзяжурнай па гатэлі і суправаджаў яго цела ў Інстытут імя Скліфасоўскага. Аўхімовіч сцвярджаў, што разам з іншымі пісьменнікамі праводзіў уласнае расследаванне і высветліў, што Купала спаткаў на лесвічнай пляцоўцы «афіцыянтачку з падносам», гулліва яе ўшчыкнуў, а тая адпіхнула няцвёрдага ў нагах паэта ды не разлічыла сілу.

«Яна сама заявіла пра гэта следчым, была арыштавана. Некалькі дзён яе дапытвалі, але пераканаўшыся, што ніякіх зламысных намераў у яе дзеяннях не было, адпусцілі», — цытуе Аўхімовіча пісьменнік Віктар Арцем’еў. Якія гуманныя органы: нават на забойства па неасцярожнасці (арт.139 Крымінальнага кодэкса РСФСР, да 3 год турмы) заплюшчылі вочы!

Яшчэ адзін міфалагічны сюжэт, звязаны з афіцыянткай, агучваў пісьменнік Аляксей Пысін, спасылаючыся на «мінскага сябра Янкі Купалы». Нібыта паэта скінула не афіцыянтка, а яе ашалелы ад рэўнасці ўхажор-палкоўнік. А яна пасля ўзяла віну на сябе. Дзіўна, як раз’юшаны палкоўнік здолеў зрабіць усё так ціха: ніхто з жыльцоў гасцініцы не чуў высвятлення адносін на калідоры.

Пра тое, што перад смерцю Купала размаўляў з нейкай жанчынай, пісаў і Глебка. Нібыта дзяжурная па калідоры распавядала, што пры гэтым ён сядзеў на парэнчах спінай да пралёта.

Ёсць версія, што той жанчынай была Ларыса Александроўская, народная артыстка СССР. Малодшы сын Коласа Міхась увогуле казаў Уладзіміру Някляеву, што Александроўская і піхнула выпадкова Купалу. Справу замялі, бо яна была каханкай тагачаснага першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі.

Яшчэ адна «кандыдатка» на гэтую ролю з вядомых асобаў — Паўліна Мядзёлка. Часам яе называюць «чорным геніем», «фатальным каханнем» Янкі Купалы. Але ці было тое каханне… Як тактоўна сказаў Даніла Міцкевіч, ва ўспамінах Мядзёлкі многа «асабістага і небясспрэчнага».

Цяпер усе даследчыкі сыходзяцца, што яна ад 1930-га была сакрэтнай агенткай НКВД, якая даносіла на беларускую інтэлігенцыю. Ці выконвала яна яшчэ больш далікатныя заданні, невядома.

У вечар Купалавай гібелі Мядзёлкі ў гатэлі не было. Хоць увогуле ў Маскве яна была.

«Зрабіце што-небудзь!»

Жонка Кузьмы Чорнага ўспамінала непрыгожую сцэну, якая адбылася за некалькі дзён да Купалавай смерці ў гасцініцы «Масква». Стрыманы звычайна Пятрусь Броўка роў дзікім голасам на калег-пісьменнікаў: «Зрабіце што-небудзь!» І абзываў апошнімі словамі літаратурнага крытыка Айзіка Кучара.

Ларыса Александроўская намякала, што Кучар быў вінаваты ў смерці Купалы — гэта ён нібыта напісаў данос пра перайменаванне вуліцы ў Мінску, наўмысна паблытаўшы Луцкевіча і Луцэвіча. І пасля яго Купалу вырашылі прыбраць.

Пра тое, што смерць Купалы была спецаперацыяй НКВД, гаварылі старэйшыя, дасведчаныя пісьменнікі: Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Максім Танк, Янка Брыль. І прычыны забойства былі шырэйшыя за нейкі адзін факт.

«С обратным возвращением в Казань». Пасведчанне, выдадзенае Купалу ў Казані перад паездкай у Маскву. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

«Купала быў сімвалам незалежнай Беларусі і для тых, хто падтрымліваў савецкую ўладу, і для тых, хто застаўся ў Мінску. Сталін разумеў значэнне сімвалаў», — кажа Някляеў.

У чэрвені 1942-га, да Сталінграда і Курска, зыход вайны яшчэ быў зусім няпэўны. А наперадзе ж быў юбілей Купалы, пра які, безумоўна, будуць пісаць і ў паднямецкім Мінску. Гэта стварала пэўны ідэалагічны дысананс: Купалу, узнагароджанага ордэнам Леніна і Сталінскай прэміяй, ушаноўваюць калабаранты.

Загадкавыя госці

Глебка ўспамінаў, што ў нумары Купалы, калі яго адчынілі пасля трагедыі, каб узяць адзежу для пахавання, быў накрыты стол на чатырох чалавек. Пра тое, што Купала кагосьці чакаў увечары, сведчыла і жонка Лынькова. Апошнія словы Купалы перад выхадам з нумара былі: «Міхаська, я пайду пагляджу, ці не прыйшлі мае госці. Калі іх няма, то хвілін праз колькі вярнуся».

Загадкавымі вячэрнімі гасцямі, як сведчаць успаміны Глебкі, нядаўна апублікаваныя Ганнай Севярынец, магла быць сям’я мастака Канстанціна Елісеева. Яны сябравалі 20 год, Елісееў абавязкова спыняўся ў Купалы, калі бываў у Мінску. Удзень 28 чэрвеня, піша Глебка, жонка мастака, Магдалена Елісеева, абедала ў Купалы. І пры развітанні ён запрашаў Магду прыйсці ўвечары з 10-гадовым сынам. Яна абяцала. Але з нейкіх прычын увечары яны не сустракаліся.

Янка Купала (крайні справа) з жонкай Уладзіславай Луцэвіч і пісьменнікамі Андрэем Александровічам (стаіць), Анатолем Вольным, Цішкам Гартным, Уладзімірам Дубоўкам, архівістам Міхалам Мялешкам на адпачынку ў Ялце. 24 жніўня 1929 года. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Магчыма, праз няўзгодненасць сямейных планаў: сам Елісееў 28 чэрвеня быў на дачы, а пра смерць Купалы даведаўся на наступны дзень, калі ехаў з дачы ў цягніку. У руках суседа была газета «Правда» з партрэтам Купалы ў жалобнай рамцы.

Іншымі словамі, таемныя госці могуць не мець дачынення да трагедыі. Як і адсутнасць у Маскве Уладзіславы Францаўны. Шмат дзе можна прачытаць, што, маўляў, Купалу выклікалі ў Маскву без жонкі спецыяльна. Гучалі нават версіі, што Купалісе наўпрост забаранілі ехаць. Супрацоўнік музея Янкі Купалы Павел Каралёў абвяргае гэта, кажучы, што на Уладзіславу Францаўну таксама быў выпісаны пропуск, але ў Наякшыных якраз трагічна загінуў сын, а таму цётка Уладзя засталася падтрымаць бацькоў у іх горы.

Не хацеў заставацца адзін

З Купалам, успамінаў Елісееў, яны бачыліся апошні раз 25 чэрвеня: Купала пазваніў яму і запрасіў да сябе. Мастак успамінаў, што ў нумары паэта было поўна гасцей, якія пачалі разыходзіцца толькі пад 12-ю ночы, калі пачуўся сігнал паветранай трывогі.

Елісееў затрымаўся і па просьбе Купалы «кантрабандай» застаўся ў яго начаваць. Іншую ноч, паводле ўспамінаў Глебкі, у Купалы начаваў расійскі пісьменнік Макс Зінгер. Каля сутак не выходзілі з яго нумара Аляксандр Твардоўскі і Міхаіл Святлоў. Паэт імкнуўся не заставацца адзін. Яго дзверы не зачыняліся. У Купалы пастаянна былі госці.

«За ім увесь час хтосьці сачыў… Калі ён выйшаў з ліфта пасля сустрэчы з сябрамі, яго сустрэлі тры чалавекі, якія і скінулі яго ў пралёт лесвіцы», — цытуе пісьменнік Барыс Сачанка словы пакаёўкі, пераказаныя расійскай пісьменніцай Зінаідай Абрамавай. Для Сачанкі яна ўдакладніла, што Купала спускаўся ў вестыбюль, а да дзяжурнага падыходзілі маладыя хлопцы і пыталіся, ці прайшоў Купала ў свой нумар.

Пра «трох чалавек», якія адыходзілі ў бок запаснога выхаду, калі Купала ўпаў, казаў і Глебка жонцы пісьменніка Рамана Сабаленкі.

Бачыў трох і маладзейшы пісьменнік Анатоль Астрэйка, які быў пры Купале кімсьці накшталт целаахоўніка. Праўда, у дзень смерці Купалы яго выклікалі па справе засылкі ў тыл ворага і позна затрымалі.

Так бы мог выглядаць музей Янкі Купалы. Нерэалізаваны эскізны праект Івана Валадзько, 1947 год. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Ёсць адзін вельмі важны факт, які ставіць пад сумнеў версіі самагубства або раптоўнага выпадковага падзення. На пляцоўцы застаўся ляжаць Купалаў чаравік. Прычым туга зашнураваны. Сучасныя крыміналісты адзначаюць: абутак мог зляцець з нагі паэта і застацца ляжаць там, дзе ляжаў, толькі ў выпадку рэзкага ўдару нагой аб парапеты. Цела мусіла падляцець уверх і быць перакінутым у праём спінай уперад, каб так адбылося. Пры выпадковым падзенні сілы ўдару аб парапет было б замала, нага проста слізнула б па ім, абутак не сарваўся б.

Прыклад Міхоэлса

Рабіць спецаперацыі НКВД умеў. Гэта і забойства лідара Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Яўгена Канавальца ў Нідэрландах, і ўкраінскага нацыянал-камуніста Аляксандра Шумскага — у бальніцы.

Архівіст Віталь Скалабан у свой час праводзіў паралель паміж смерцю Купалы і забойствам тэатральнага дзеяча Саламона Міхоэлса ў Мінску ў 1948-м. У СССР на той час разгортвалася антысеміцкая кампанія, і Міхоэлс, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, быў цэнтральнай фігурай.

Як і Купалу, Міхоэлса запрасілі ў іншы горад (ён прыехаў з Масквы ў Мінск выбіраць спектаклі на Сталінскую прэмію). І разам з ім паехаў тэатразнаўца, а па сумяшчальніцтве агент спецслужбаў Уладзімір Голубаў. Як і Купалу, Міхоэлса выклікалі з гасцініцы тэлефонным званком. Перад тым, як Купала выйшаў ад Лынькова на лесвіцу, таксама празвінеў званок, але ён, здаецца, быў выпадковы: большасць сведчанняў сыходзіцца на тым, што ў нумар да Лынькова званіла савецкая дыверсантка літоўскага паходжання Ірэна — яна была знаёмая з беларускімі пісьменнікамі і хацела проста развітацца перад рэйдам у нямецкі тыл.

Міхоэлсу ж званіў супрацоўнік НКВД, які назваўся сябрам Голубава і запрасіў іх абодвух на сваё вяселле. Міхоэлса і Голубава прывезлі ў Сцяпянку, на дачу міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы, дзе іх задушылі, пераехалі грузавіком, а пасля целы выкінулі на вуліцы Беларускай у Мінску.

Справу пачалі расследаваць. Па свежых слядах мінскія аператыўнікі знайшлі нават грузавік, якім пераехалі целы, — у гаражы МГБ. Пасля гэтага расследаванне прыпынілі, а новы ход справе далі пасля смерці Іосіфа Сталіна, калі ў спецслужбах пачалася грызня. Былі арыштаваныя кіраўнік беларускай дзяржбяспекі Цанава, былы кіраўнік калегіі МГБ СССР Віктар Абакумаў, непасрэдныя выканаўцы.

Забойства Міхоэлса паказвае, што шукаць рацыянальнасці ў дзеяннях карных органаў не выпадае. Выконваючы загад Сталіна, апанаванага паранаідальнымі страхамі, дзясяткі выканаўцаў прадумлялі і рыхтавалі аперацыю, ехалі следам за Міхоэлсам, сачылі за ім некалькі дзён, забяспечвалі прыкрыццё і адыход — нават уласнага агента Голубава не пашкадавалі, — а пасля з гонарам насілі атрыманыя за «спецаперацыю» ўзнагароды.

Мне сняцца сны аб Беларусі. Прах Янкі Купалы пакоіцца на Вайсковых могілках у Мінску, дзе «маршалы нацыі спяць». Фота Андрэя Дынько

Чаму ж не знайшлі забойцаў Купалы? Бо пасля смерці Сталіна, пасля ХХ з’езда, мяркуе Уладзімір Някляеў, не знайшлося зацікаўленых, каб выкрыць гэтую справу. Раскрыццё подлага забойства Міхоэлса патрэбнае было, каб патапіць і пасадзіць Цанаву і Абакумава. А выпадак з Купалам быў даўні, дый вайна многае сцерла: непасрэдныя выканаўцы маглі загінуць.

За што спецслужбы забілі Міхоэлса? За тое, што ён быў яўрэем і меў некаторыя сувязі з Захадам, а Сталін быў параноікам і на той момант меў патрэбу ў антысеміцкай кампаніі.

Купала ж быў сімвалам, які яднаў беларускую нацыю. Яго аднолькава шанавалі і тыя, хто застаўся ў акупаванай немцамі Беларусі, і тыя, хто эвакуіраваўся ды змагаўся з немцамі ў шэрагах Чырвонай арміі і ў партызанах. Купалу беларускі народ любіў больш за Сталіна. За адно гэта Купала быў у небяспецы.

У выпадку Міхоэлса спецслужбы да апошняга дня не мелі цвёрдага плана. Яны шукалі момант і імправізавалі.

Яшчэ важнае ў выпадку Міхоэлса: спецслужбы не пашкадавалі ўласнага агента, каб зацерці сляды забойства.

Тое самае магло быць і з Купалам: момант настаў, калі Купала прыехаў у сталіцу без жонкі і выйшаў адзін позна ўвечары на пляцоўку дзясятага паверха.

А агенты, якія былі сведкамі ці суарганізатарамі забойства, маглі таксама быць знішчаныя або загінуць падчас вайны.

Вядома, версіі выпадковай гібелі ці самагубства не адкінутыя. Але іх, як бачым, прасцей абвергнуць. Дый ці былі б у такім выпадку так глыбока схаваныя матэрыялы расследавання гібелі паэта? Вядома, што аж тры ведамствы вялі яго, але для даследчыкаў яны недаступныя і цяпер.

Застаецца чакаць поўнага адкрыцця маскоўскіх архіваў. Магчыма, тады гэтая беларуская загадка стагоддзя перастане такой быць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(42)