Общество
Сяргей Астраўцоў, ”Радыё Свабода”

Гезгалы: 60 кватэраў адключаны ад газу, вады і электрычнасьці

У Гезгалах Дзятлаўскага раёну масава не аплачваюць камунальныя паслугі. Запазычанасьць склала больш за сто мільёнаў рублёў. 60 кватэраў адключаны ад газу, вады, электрычнасьці. Раённыя ўлады стварылі камісію, каб разьвязаць крызысную сытуацыю.

Дзятлаўскі райвыканкам распрацаваў адмысловы плян “ў аздараўленьні маральна-псыхалягічнага клімату ў пасёлку Гезгалы, актывізацыі работы з ненадзейнымі сем’ямі, ў забесьпячэньні неабходных сацыяльных умоваў для жыцьцядзейнасьці грамадзянаў у пасёлку”. Дарэчы, ня плацяць за кватэры амаль 150 чалавек, усяго ў пасёлку 776 кватэраў, пра гэта паведаміла сакратар пасялковага савету Людміла Папова.

Мясцовыя ўлады зьбіраюцца вывесіць сьпісы даўжнікоў, каб хаця б паўплываць на тых, хто працуе. Некаторыя гаспадары падоўгу не жывуць у Гезгалах і таксама ня плацяць за жытло: такіх каля сарака, камісія пачынае іхні росшук.

У Гезгалах раней існавала расейская ракетная база. Пасьля яе вываду, масава распрадаваліся кватэры. Яны каштавалі ўсяго па тысячы-паўтары даляраў. У пасёлку апынулася мноства прыежджых, якія, маючы жытло, ня маюць працы. І такіх людзей вельмі многа. Гаворыць сакратар пасялковага савету:

(Папова: ) “Наколькі мы ведаем, што ў Менску прадавалі іхнія кватэры. Вы самі разумееце — у Горадні ды Менску, якія могуць быць цэны. І купіць у нас у Гезгалах, лічыце, за бесцань ў параўнаньні зь іхняй кватэрай. Ну, яны ім абяцалі залатыя горы, што грошы на рахунак пакладзем…”

Фірмы нерухомасьці рэклямавалі Гезгалы як выдатную мясьціну — сярод лесу на беразе вадасховішча. Але перабіраліся туды нярэдка людзі, якія ў тым жа Менску сьпіліся, не працавалі, зазначае сакратар пасялковага савету.

У Гезгалах раённая камісія цяпер займаецца інвэнтарызацыяй жытла, маўляў — калі чалавек не жыве там, ня плаціць за кватэру, ён можа яе пазбыцца. Таксама улады думаюць — якім чынам жыхары маглі б пагасіць запазычанасьць за камунальныя паслугі, а гэта, нагадаю, больш за сто мільёнаў рублёў.

Ці не азначае гэта, што неплацельшчыкаў забясьпечаць працай? Папярэдне можна сказаць, што на нейкую працу могуць разьлічваць пакуль ня шмат хто. Пасёлак знаходзіцца ў лесе: да райцэнтру 14 кілямэтраў, 8 — да былой базы ракетчыкаў. Там цяпер калёнія-пасяленьне, дзе, дарэчы, пэўны час знаходзіўся прафэсар Бандажэўскі. Карацей, у навакольлі працоўных вакансій асабліва няма. Сакратар пасялковага савету Людміла Папова расказвае — куды езьдзяць на працу жыхары Гезгалаў.

(Папова:) “Людзі працуюць у асноўным у Дзятлаве, трошку ў санаторыі “Радон”, хто ў Лідзе яшчэ — у пагранатрадзе, некалькі чалавек, якім засталося даслужыць пару гадоў”.

А хто не знайшоў іншай працы, уладкаваліся ў суседнім калгасе ў СПК “Жукоўшчына”, паведамілі ў пасялковым Савеце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)