«Гэты матэрыял незаслужана крыўдзіць жыхароў некалькіх вёсак і носьбітаў старажытнага прозьвішча»

Вінцук Вячорка адрэагаваў на адну з публікацыяў, змешчаных на нашым сайце. Падаем ліст амаль цалкам.

“Мне здаецца, матэрыял, апублікаваны тут, незаслужана крыўдзіць жыхароў некалькіх вёсак і носьбітаў старажытнага прозьвішча.

Гэта тыповае, нармальнае, цэнзурнае беларускае ці ўкраінскае прозьвішча, утворанае ад назвы Нагуевічы -- беларускай вёскі (Слонімскі р-н) або ўкраінскай (Драгобыцкі р-н). Этымолягі (W. Makarski, „Nazwy miejscowości dawnej ziemi przemyskiej”, Lublin 1999, s. 179) узводзяць паходжаньне назвы да цюрскага кораня, параўн. крым.-тат. noγai "прадстаўнік цюрскага народу нагайцаў".

Шкада, што мы ня ведаем свайго ж культурнага набытку -- беларускае лацінкі. Літара Hh і ў беларускай лацінцы, і ў сцэнічным стандарце польскага вымаўленьня абазначае зусім ня гук [х], а фрыкатыўны ("беларускі" або "ўкраінскі") гук [г]. Так што ніякай сэнсацыі няма.

Драгобыцкія Нагуевічы вядомыя з 1240 г., а ўсясьветна вядомыя як радзіма вялікага ўкраінскага пісьменьніка Івана Франка. Паводле "Słownika geograficznego Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich", том VI, с. 882, род Нагуёўскіх (Нагуеўскіх) паходзіць акурат з украінскіх Нагуевічаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)