Политика
Алесь Дашчынскі, «Радыё Свабода»

«Гэтую рану ніяк не закрыеш»

Удзельнікаў пікету памяці Юр’я Захаранкі, які прайшоў 7 траўня ў Менску, затрымалі, а потым судзілі.

Кастрычніцкі суд Менску аштрафаваў семярых удзельнікаў пікету памяці Юр’я Захаранкі. Памеры штрафаў ад 10 да 30 базавых. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька аштрафаваны на 25 базавых — 875 тысяч рублёў.

7 траўня а 15-й гадзіне ўдзельнікі акцыі прыйшлі да месца, дзе 11 гадоў таму быў выкрадзены экс-міністар унутраных спраў Юры Захаранка. Актывісты сталі ў ланцуг зь яго партрэтамі, а потым паклалі партрэты і кветкі каля пад’езду дома, дзе жыў Захаранка.

Пасьля гэтага ўсіх удзельнікаў акцыі затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька расказаў, што ў машыне супрацоўнікі міліцыі «вялі сябе нахабна»:

«Узьнікла сытуацыя, што яны спрабавалі мяне двойчы ці тройчы душыць схапіўшы за горла, зараз на шыі сьляды, парвалі швэдар, і білі па грудзях у раёне сэрца. Больш за тое, калі мяне вывелі спэцназаўцы, адзін зь іх мне нахабна ў вочы заявіў: „Ты, Лябедзька, глядзі, цябе яшчэ не сустракалі ў цёмных вуглах людзі ня ў форме“. Вялі сябе цынічна.

Я ім сказаў, што вы нас забіралі на вуліцы Магілёўскай, а можа, празь пяць гадоў, можа пазьней, гэта будзе вуліца імя Захаранкі».

У пастарунку на апазыцыянэраў склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, а потым адвезьлі ў Кастрычніцкі суд. Усіх аштрафавалі: Зьмітра Кавалгіна на 10 базавых, Аляксандра Сьцепаненку і Міхася Мікуліча на 15, Алега Корбана і Рамана Багдановіча на 20, Сержука Клюева на 30 базавых. На 875 тысяч рублёў аштрафавалі Анатоля Лябедзьку:

«Абвінавацілі, што мы пікетавалі дом, дзе жыў Захаранка. Поўны абсурд. Я думаю, што такое хваравітае рэагаваньне на Захаранку — тэма балючая для ўлады. І што б мы там ні рабілі — з партрэтамі стаялі, кветкі ўскладалі — рэакцыя будзе хваравітая. Нехта калісьці 11 гадоў таму падумаў, што калі Захаранку скрасьці і забіць, то адразу ня будзе праблемы. Тут атрымліваецца, што скрадзены і забіты Захаранка трымае за горла сёньняшніх правіцеляў. І адсюль увесь гэты пярэпалах. Гэтую рану ніяк не закрыеш».

Спадар Лябедзька абсалютна перакананы ў неабходнасьці такіх акцый памяці.

«Самая галоўная карысьць, што ўсё ж такі эскадрон сьмерці спынілі. Не было б гэтага, то, я думаю, многія маглі б падзяліць лёс Захаранкі і Ганчара, калі б не было такіх акцый, бо да гэтага прыцягваецца ўвага. Канечне, гэта ў нейкім сэнсе ахвярныя акцыі — цябе могуць зьбіць, пасадзіць, аштрафаваць. Але бяз гэтага нельга».

Актывіст АГП Алег Корбан, аштрафаваны на 20 базавых, сказаў:

«Акцыі праводзіць трэба, яны маюць сэнс. Тым самым паказваць нашу актыўнасьць і неабыякавасьць. Каб людзі бачылі, што мы ёсьць, якія праблемы мы ўздымаем».

7 траўня 1999 году непадалёк ад свайго дома быў гвалтоўна выкрадзены экс-міністар унутраных спраў Беларусі, сябра АГП Юрый Захаранка. Па сёньняшні дзень яго лёс застаецца невядомым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)