«Гэтая кніга ― цудоўны падарунак для тых, каго мы любім»

Кніга Альфрыда Лэнгле, выбітнага аўстрыйскага псіхатэрапеўта, вучня і паплечніка Віктара Франкла, упершыню пабачыць свет на беларускай мове.

На платформе «Талака» збіраюць сродкі на гэты праект.

Перакладчыца Ірына Герасімовіч у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» назвала 5 прычын, чаму варта падтрымаць выданне кнігі «Сляды сэнсу. Даць адказ жыццю».

Прычына першая. Альфрыд Лэнгле ― адзін з заснавальнікаў экзістэнцыйнага аналізу і логатэрапіі. Гэта напрамак у псіхатэрапіі на сённяшні дзень падаецца мне найбольш дзейсным, бо ён не прадпісвае ніякіх гатовых рашэнняў, але займаецца вельмі дакладным аналізам становішча кожнага з нас у свеце (як я ёсць у свеце? якім чынам мне дазволена тут быць? ці падабаецца мне быць тут, на гэтым свеце?) і не прадпісвае ніякіх гатовых рашэнняў.

Логатэрапія ўважае за асноўную катэгорыю сэнсу ― сэнсу, які чалавек адкрывае для сябе ў сваім быцці. Без сэнсу быццё немагчымае. На мой погляд, у Беларусі, дзе прастора надзвычай іерархічна арганізаваная, пытанне пра мой уласны сэнс з'яўляецца тым, праз што магчыма прабіцца да сябе сапраўднага, па-за навязанымі іехархіямі вызначэннямі.

Прычына другая. Гэтая кніга знаходзіцца на памежжы паміж псіхатэрапеўтычнай літаратурай і белетрыстыкай. То бок яна разглядае асноўныя катэгорыі экзістэнцыйнага аналізу і логатэрапіі, але ў вельмі простай форме дзённіка, нататніка.

Як кажа Лэнгле, ён напісаў толькі палову кнігі, другую палову мае напісаць чытач пра сябе.

Прычына трэцяя. Гэта кніга звяртаецца да Person ― асобы, таго недатыкальнага ядра ў чалавеку, якое існуе незалежна ад узросту, сацыяльнага статусу, нацыянальнай прыналежнасці і г.д.

Прычына чацвертая. Гэтая кніга ― цудоўны падарунак для тых, каго мы любім, бо дапамагае зразумець, што ж адбываецца з намі, калі мы жывём. Уявіце сабе: нам дадзены ўнікальны шанец жыць, а бываюць людзі, якія нават не паспяваюць усвядоміць, што ж гэта значыць.

Прычына пятая. Апошняя кніжка на псіхалагічную тэматыку на беларускай мове была ў 90-х гадах. То бок гэта істотна пашырае сферу ўжытку беларускай мовы.

Сяброўка перакладчыцы Ірыны Герасімовіч – псіхатэрапеўтка Ірына Глухава кажа, што ўсё больш беларускамоўных кліентаў, але яна не мае чаго даць ім пачытаць, каб настроіць на кансультацыі, менавіта на беларускай мове.

― Уласна, яна мяне і натхніла на гэты пераклад, ― падсумоўвае Ірына Герасімовіч.

Падтрымаць выданне кнігі вы можаце на платформе Талака.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)