Скандалы

«Гэта ўсё інтэрнэт». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу

Навіны пра трагедыю ў школе № 2 жыхары Стоўпцаў даведваюцца з інтэрнэту. Папулярная сярод мясцовых вэрсія прычынаў злачынства — «наглядзеўся тэлевізара», піша Радыё Свабода.

Напад

Ад школы № 2, дзе раніцай 11 лютага здарылася гучнае злачынства, да дома вучня 10 клясы Вадзіма М, прыкладна 10 хвілін пешшу. З дома Вадзім выйшаў прыкладна ў 7.30. У 7.40 яго бачылі аднаклясьнікі з заплечнікам.

Вадзім зайшоў у сваю клясу, пакінуў заплечнік за партай і выйшаў на калідор. Назад у клясу ён зайшоў ужо пасьля званка. Адразу падышоў да настаўніцы гісторыі і ўдарыў яе нажом. Са сваіх месцаў абараняць настаўніцу кінуліся два аднаклясьнікі Вадзіма, ён нанёс удары нажом і ім.

Пасьля гэтага выйшаў з клясы і зайшоў у суседнюю, дзе займаліся адзінаццаціклясьнікі. Там Вадзім М. таксама ўдарыў аднаго з вучняў нажом і выйшаў назад у калідор. Пасьля гэтага 10-клясьнік выйшаў са школы і пайшоў у адваротны ад свайго дому бок па вуліцы Ленінскай.

Амаль празь дзьве гадзіны пасьля нападу яго заўважылі ў адным з пад’ездаў жыхары трохпавярховіка і выклікалі міліцыю. Затрымлівалі Вадзіма М. з дапамогай АМАПу, у 10-клясьніка пры сабе быў нож. Настаўніца і 11-клясьнік памерлі на месцы ў школе. Два аднаклясьнікі Вадзіма, якіх ён параніў, трапілі ў рэанімацыю. Іх жыцьцю нічога не пагражае.

«Харошы хлопец»

Ля дома па вуліцы Гагарына, дзе жыве сям’я Вадзіма М., прыпаркаваныя некалькі легкавікоў Сьледчага камітэту. У двары людзі ў форме. Суседзі гавораць, што сьледчыя прыехалі з самай раніцай, з сабой прывезьлі бацькоў 10-клясьніка.

«Яны харошыя людзі, ніколі зь імі праблем ніякіх, — расказвае Свабодзе суседка сям’і Вадзіма М. Алена. — Але не мясцовыя, недзе тры гады таму прыехалі сюды, купілі дом гэты, рабілі рамонт. Я не скажу, што сябравала зь імі, але заўсёды віталіся. Яны не п’юць, мужчына гэты, кажуць, працавіты. Ён кіроўцам працуе. То на машыне яго бачу, то на трактары. А дзе маці Вадзіма працуе, я не скажу. Яны маладзейшыя за мяне, гадоў па 40. То мы не асабліва цесна знаёмыя».

Алена гаворыць, што суседзкага хлопца памятае яшчэ малым, калі яны толькі пераехалі ў Стоўбцы. Ні яна, ні хто іншы ніколі не мелі з Вадзімам праблем. Звычайны, ціхі хлопец. У сям’і яшчэ ёсьць дачка, малодшая сястра Вадзіма.

«Нармальны хлопец, як усе, — расказвае Алена. — Заўсёды вітаецца, ніякай бяды ад яго не было. Я не скажу што часта размаўляла зь ім, пра што мне было гаварыць з хлопцам. Але так нармальны. Калі сёньня сказалі, што гэта здарылася, то я і не паверыла, перапытвала. Але зараз бачу, што машын многа прыехала, людзі ў форме. То, значыць, і праўда».

Суседка сям’і Вадзіма дадае, што жыве сям’я даволі заможна. Набылі дом, рабілі рамонт, прыбудову. Пра канфлікты ўнутры сям’і ніхто з суседзяў ніколі не гаварыў, хутчэй наадварот.

«Ведаеце, у нас тут па-рознаму бывае, — кажа Алена. — Нехта і выпівае, і сварацца. Дзеці ў каго дагледжаныя, у каго не. Але пра гэтых людзей такога не скажу».

«Гэта ўсё інтэрнэт»

Большасьць вучняў 2-ой школы адпусьцілі дадому прыкладна праз паўгадзіны пасьля здарэньня. У будынку пакінулі толькі старшаклясьнікаў і тых, хто мог нешта расказаць пра паводзіны Вадзіма М. раніцай.

«Мне дачка пазваніла недзе ў 8.20. Сказала, што настаўніцу забілі і каб я прыйшла ў школу, — гаворыць Марыя, якая разам з бацькамі іншых вучняў стаіць ля школьнага ганку. — Я пакуль прыбегла, тут ужо нікога не пускаюць. Званю, дачка недасяжная. Ім усім загадалі выключыць тэлефоны. Зараз стаім, чакаем тут, чым усё скончыцца».

Большасьць з бацькоў, якія прыйшлі да школы, ведаюць і Вадзіма М., і яго сям’ю. Паўтараюць словы суседкі — нармальны, звычайны хлопец. У дрэнных кампаніях не быў заўважны, не піў, добра вучыўся. Толькі ў апошні час адзнакі сталі горшымі, але нязначна.

«Я думаю, што гэта ўсё інтэрнэт, — гаворыць мужчына, які прыйшоў забіраць сваю дачку, аднаклясьніцу Вадзіма М. — Ён добра вучыўся, навошта было ўсё гэта рабіць? Ніякіх канфліктаў у нашай школе не было, тым больш з настаўнікамі. Я яго сам ведаў. Дзеці цяпер наглядзяцца інтэрнэту. Ну і нагрузка ў іх. Сёньня павінна было быць тры кантрольныя, гэта як?».

«Хірургі нікога не прымаюць увесь дзень, ратуюць хлопцаў»

Яшчэ адна суседка сям’і Вадзіма М., Вольга, пра здарэньне даведалася ў бальніцы, куды прыйшла раніцай 11 лютага на прыём.

«Людзі расказалі там, у бальніцы, — гаворыць Вольга. — Хірургі адразу перасталі прымаць, займаліся параненымі, ратавалі хлопцаў. Бегалі па бальніцы. Я амаль нічога не ведаю, ніякіх падрабязнасьцяў. Гавораць, што гэта гэты хлопец, Вадзім М. усё зрабіў, але навошта? Мы самі зараз з інтэрнэта пра ўсё даведваемся. Я сям’ю гэтую ведаю — нармальныя, харошыя людзі».

«Сьледчыя дзеяньні працягваюцца»

Пакуль невядома, калі адновяцца заняткі ў 2-ой школе. Па словах афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, які працуе на месцы падзей у Стоўбцах, сьледчыя працягваюць апытваць аднаклясьнікаў Вадзіма М. і настаўнікаў, якія яго вучылі.

Бацькоў дзяцей, зь якімі працуюць сьледчыя, у будынак школы не пускаюць. Туды таксама не могуць трапіць настаўнікі, якія прыйшлі праводзіць заняткі ў другую зьмену. Ад камэнтароў яны адмаўляюцца. Гавораць, што шакаваныя навіной пра сьмерць калегі і аднаго з вучняў. Прычыну злачынства нават прыблізна не называюць. Ні з кім з настаўнікаў, па іх словах, злачынца ніколі сур’ёзна не канфліктаваў. У тым ліку з настаўніцай гісторыі, на якую напаў з нажом раніцай 11 лютага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(10)