Экономика

«Гэта ўдар па носе». Чаму кампанію Зісера выключылі зь ліку пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг для дзяржорганаў

У ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) пракамэнтавалі Радыё Свабода рашэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце выключыць кампанію Юрыя Зісера зь пераліку пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг дзяржаўным органам і арганізацыям, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці зьвесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты.

 «Гэта хутчэй удар па носе»

Старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Надзейныя праграмы» Юры Зісер ня лічыць гэта моцным ударам па кампаніі.

Юры Зісер

— Мы вельмі мала страцім у грашах, бо гэтыя кліенты цяжкія, выдаткі вялікія на абаронены хостынг, а цэны ў нас ніжэйшыя за іншых. Таму я ня ўпэўнены, што мы наагул нешта страцім. Таму гэты ўдар па носе трэба ацэньваць у кантэксьце таго, што апошнім часам адбываецца вакол мяне і TUT.BY, — сказаў заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-партала.

Паводле Зісера, наступ на іхнюю паслугу «Абаронены хостынг» ідзе даўно. Яшчэ ў мінулым годзе многім кліентам кампаніі разаслалі лісты, каб яны пераходзілі на паслугі Белтэлекама ці beCloud.

— Нехта перайшоў, а нехта не захацеў, бо нашы паслугі лепшыя і да іх прызвычаіліся. Потым летам мэнэджары beCloud пачалі тэлефанаваць нашым кліентам і прапаноўвалі перайсьці да іх, бо ў нас хутка адбяруць паслугу абароненага хостынгу, выключаць са сьпісу. Кліенты на гэта не паддаліся. А цяпер ужо выйшаў гэты загад, нас ніхто не папярэджваў, ніякіх абвінавачваньняў не было. Проста выключылі, і ўсё. Без тлумачэньняў.

Каб гарантаваць бясьпеку, захаваньне дзяржаўных таямніцаў, кампанія «Надзейныя праграмы» мусіла набыць адмысловае праграмнае забесьпячэньне і спэцыяльнае, даволі дарагое абсталяваньне.

Ці парушае цяперашняе рашэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце нейкім чынам свабоду вядзеньня бізнэсу?

— Безумоўна. Калі нехта зь віцэ-прэм’ераў казаў, што ўладам ня трэба кашмарыць бізнэс, што ўсе формы ўласнасьці аднолькавыя, то гэта наглядны прыклад адваротнага. Бо ў сьпісе засталіся амаль усе дзяржаўныя і дзьве невялікія прыватныя кампаніі, якія я ня ўпэўнены, што наогул аказваюць такія паслугі. Фактычна гэтае карэктаваньне сьпісу вядзе да манаполіі дзяржавы, — сказаў карэспандэнту Свабоды Юры Зісер.

Старшыня агульнага сходу акцыянэраў ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) Юры Зісер — таксама заснавальнік сайту TUT.BY. У жніўні ў офісе TUT.BY адбыліся ператрусы, зьвязаныя са «справай БелТА». А некалькі дзён таму стала вядома, што чатыром супрацоўнікам TUT.BY выстаўленыя абвінавачаньні па гэтай справе — за незаконны доступ да кампутарнай інфармацыі.

«Для нас гэта іміджавая шкода, але не фінансавая»

Генэральны дырэктар ТАА «Надзейныя праграмы» Сяргей Павалішаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што кампанія аказвала такія паслугі з 2010 году.

Раней у кампаніі было 300–400 кліентаў. На пачатак лістапада засталося каля сотні. У сьнежні 2017 году частка кліентаў на ўмовах канфідэнцыйнасьці паведамілі «Надзейным праграмам», што атрымалі ад вышэйшых органаў прадпісаньне — цягам двух тыдняў перанесьці сайты на іншыя пляцоўкі.

— Як тады, так і цяпер для нас гэта было нечаканасьцю. Аб прадпісаньні мы даведаліся ад разгубленых кліентаў, якія зьвярталіся да нас па тлумачэньні. Аб прычынах цяперашняга рашэньня ААЦ можна толькі здагадвацца, — сказаў гендырэктар ТАА «Надзейныя праграмы».

Паводле Павалішава, абсалютную бальшыню кліентаў гэтае рашэньне не закранае. Але такія дзеяньні парушаюць раўнапраўе суб’ектаў гаспадараньня.

— Для нас гэта іміджавая шкода, але не фінансавая. Самі паслугі дзяржорганам і арганізацыям не прыносяць у нашым бізнэсе істотнага прыбытку. Наша кампанія зьяўляецца найбуйнейшым у Беларусі хостынг-правайдэрам. Ад паслугі «абаронены хостынг» мы не адмаўляемся, а будзем разьвіваць і прапаноўваць яе не для дзяржорганаў, якія маюць доступ да дзяржтаямніц і дзяржсакрэтаў, а для ўсіх ахвотных — у тым ліку для бізнэсу. І ў гэтым мы бачым патэнцыял і прагназуем попыт на такія паслугі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)