«Гэта Саладуха прыдумаў чорныя спісы, каб свой другі міліярд зарабіць»
Змітра Вайцюшкевіча афіцыйна выключылі з «чорнага спісу». Артыст пракаментаваў падзею «Салідарнасці».
Зміцер Вайцюшкевіч рыхтуецца да першага легальнага сольнага канцэрта пасля трохгадовага перапынку. Мінгарвыканкам выдаў гастрольнае пасведчанне на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, які плануецца правесці 29 кастрычніка ў ДК імя Шарко ў Мінску, паведамляе Tuzin.fm.
Апошні афіцыйны канцэрт артыст даў 8 сакавіка 2011, пасля чаго апынуўся ў «чорным спісе».
– Думаю, што нікога з «чорнага спісу» не выключылі, можа быць, трохі адкруцілі гайкі. Ніхто не кажа, што заўтра мяне пусцяць на тэлебачанне. На маёй памяці гэта ўжо трэцяя адліга. Я рады што з’явілася магчымасць выступаць не толькі перад свядомай аўдыторыяй, але і перад звычайнымі беларусамі. На Беларусі мала беларускай песні, і ў гэтым сэнсе я патрэбны ўсім: і чэсным, і нячэсным, – сказаў «Салідарнасці» Зміцер Вайцюшкевіч.
Апошнія тры гады забароны прайшлі для яго няпроста.
– Можна было звар’яцець, але я не звар’яцеў. Можна было з’ехаць – я не з’ехаў. Быў досыць складаны перыяд, але канцэртнай дзейнасці я не спыняў. Зараз знаходжуся ў добрай творчай і фізічнай форме. Дзякаваць за забарону я нікому не буду, але праблемы мяне не зламалі, я не прапаў і стаў лепшым, – адзначыў артыст.
Зміцер Вайцюшкевіч да гэтага часу дакладна не ведае, чаму яго ўнеслі ў «чорны спіс».
– Мне самому цікава. Са мной ніхто не размаўляў. Былі розныя гіпотэзы, у тым ліку, што я трапіў у апалу, бо атрымоўваю грошы ад шведскай амбасады. Я жартую, што «чорныя спісы» прыдумаў Саладуха, каб стварыць для сябе вольную прастору і свой другі міліярд зарабіць. Ну зараз ужо ўсё, прыйдзецца паціснуцца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное