Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”
“Гэта поўнае фіяска рэптыльнай «беларускай мадэлі»”

Лукашэнка ведаў што казаў, калі віншаваў электарат з надыходам цяжкога года. Пакуль народ лечыць галаву, беларускі рубель патаннеў на 20,5%. На 2 студзеня Нацбанк усталяваў новыя курсы: долар — 2 650 Br, еўра — 3 703 Br. Ну як, хутка праходзіць хмель?

Такім чынам, чуткі, што МВФ патрабуе дэвальвацыі на 20%, цалкам пацвердзіліся. Урад не стаў адсякаць хвост за некалькі разоў, а зрабіў ўсё адным махам. Прычым момант выбраны па-свойму ўдала: святочны марафон прытупіць у суграмадзян вастрыню шоку.

Я толькі што размаўляў з абсалютна цвярозым :) эканамістам Яраславам Раманчуком. Радыкальны крок Нацбанка ён патлумачыў тым, што «вельмі ж хочацца атрымаць два з паловай мільярды ад МВФ». На думку эксперта, «калі ўрад не зменіць макраэканамічнай палітыкі, то цягам года давядзецца яшчэ два-тры разы рабіць дэвальвацыю».

Зараз перад урадам стаіць складаная задача не дапусціць уцёкаў грошай з рублёвых дэпазітаў. Імавернасць таго, што ўзровень жыцця беларусаў сёлета ўпадзе — 95%, лічыць Раманчук.

«Наша эканоміка ўваходзіць у фазу рэцэсіі. Паказчыкі «пяцігодкі» выканаць немагчыма. Патрабуецца змена эканамічнага курсу. Мы стаім на пачатку беларускай перабудовы», — рэзюмаваў мой суразмоўца.

Ён не верыць, што цяперашняя каманда здольная да паслядоўных рэформаў, але ж і іншага выйсця няма. Незалежныя эканамісты самі казалі, што дэвальвацыя непазбежная і што ў яе свае плюсы: лягчэй становіцца экспарцёрам, можна выправіць дысбаланс замежнага гандлю і г.д.

Разам з тым, відавочна, што гэта азначае поўнае фіяска рэптыльнай «беларускай мадэлі», якую афіцыйны лідэр інерцыйна расхвальваў у навагоднім звароце, пэўна ж ведаючы ўжо, які падаруначак чакае насельніцтва назаўтра.

Улада ўжо не зможа выконваць у абяцаным аб'ёме той сацыяльны кантракт, які датрымліваўся апошнія гады і за які шараговая маса без асаблівага шкадавання ахвяравала ладным кавалкам правоў ды свабод.

Іншае пытанне, якой будзе рэакцыя. Вельмі імаверна, што беларусы не пабягуць на плошчу, а толькі глыбей урастуць у свае соткі, каб назапасіць бульбы на чорны дзень.

Так ці іначай, расплачвацца за бяздарнасць і рэтраградства ўладаў будзе просты люд.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)