«Гэта для некага ён вялікі пісьменнік, гонар Беларусі, ледзьве не ікона. А для мяне – старэйшы брат. Вася, Васілёк, Васіль»

100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Васіль Быкаў з сястрой Валянцінай

У сям’і Быкавых было чацвёра дзяцей — Антаніна (ад першага шлюбу маці Ганны, памерла 15-гадовай), Васіль, Валянціна і Мікалай.

Пра брата Міколу звестак небагата. Вядома, што ён жыў у Бычках непадалёк ад бацькоўскага дома. Меў слабое здароўе, кепска чуў. Памёр у 2000-м.

Ягоная жонка Антаніна доўгі час наглядала за домам-музеем у Бычках, а потым там пачаў працаваць яе сын Мікалай.

Валянціна была публічным чалавекам. Яна часта давала інтэрв’ю, ліставалася з прыхільнікамі творчасці брата. Калі ў Бычках ствараўся музей, яна дапамагала аднавіць інтэр’ер бацькоўскага дома.    

Як згадваў у свой час біёграф пісьменніка Сяргей Шапран, Валянціна была адзіным чалавекам, які памятаў свайго знакамітага брата ад маленства і да апошніх дзён жыцця. Дзякуючы ёй сталі вядомыя многія падрабязнасці з дзяцінства Васіля Уладзіміравіча.

Валянціна Быкава. Фота: Радыё Свабода

Самая лепшая гульня была — у вайну. Падлеткі рабілі з дрэва вінтоўкі, аўтаматы, гранаты і хадзілі ў лес, у гэтак званыя Гаі. Выпрошвалі ў мамы нітак — на правядзенне тэлефоннай сувязі.

Другіх гульняў у Васіля не было.

А як падрос, дык нікуды не хадзіў, нават на танцы. Бывала, хлопцы клічуць на вечарынку, а ён адказвае — я лепш кніжку пачытаю. Чытаннем, бывала, так захапляўся, што сядзеў да ранку. Бацька прачнецца і гоніць спаць.

З успамінаў Валянціны Быкавай

Чытаючы ўспаміны сястры пісьменніка, разумееш, адкуль ён мог браць сюжэты для сваіх аповесцяў пра беларускую вёску пад акупацыяй. Чаго толькі вартая гісторыя пра статак кароў, які яна з сяброўкамі гнала з Нямеччыны ў адзін з першых паваенных гадоў.

Улады паабяцалі за гэта па карове ў сям’ю. Але абяцанне не стрымалі і не заплацілі за некалькі месяцаў пякельнай працы.

А яшчэ ж былі доўгія гады страшнай вайны, калі штодзень даводзілася існаваць між двух агнёў — днём немцы, ноччу партызаны. Блакада, голад, лагер для прымусовай працы, адсутнасць звестак пра брата на фронце.

І паваенная галеча. Вярнуліся калгасы з іх цяжкай і фактычна бясплатнай працай.

«Сястры Валі ад брата, які сядзіць у метро ў Хельсінкі. Лета 1999 г.»

Вядомасць брата мела сваю цану. Яго цкавалі за праўду пры камуністах, цкавалі і пры Лукашэнку. Валянціна Уладзіміраўна прыгадвала, як прапаганда ўздзейнічала на землякоў. Тыя, хто ўчора ставіўся да Быкава з павагай, пачаў і яе, наслухаўшыся азаронкаў, называць «бэнээфаўкай».

Гэта для некага ён вялікі пісьменнік, гонар Беларусі, ледзьве не ікона. А для мяне — старэйшы брат. Вася, Васілёк, Васіль. Колькі сябе памятаю, ён быў са мною. У бацькавай хаце, у школе, каля рэчкі. (…)

Памагаў мне заўсёды, чым мог. Але самае галоўнае і дарагое для мяне было тое, што ніколі не забываў мяне, цікавіўся маім жыццём, не абмінаў цесную бацькоўскую хату, што ўрастала ў зямлю і сірацела без нас.

З аўдыя-зборніка «Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў»

Валянціна Уладзіміраўна памерла 4 ліпеня 2016-га, не дажыўшы тры дні да 90-годдзя. Напрыканцы траўня таго года на яе напалі ва ўласным доме. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)