Общество

Генпракуратура зноў узялася за незалежных журналістаў (абноўлена)

Адразу тры незалежныя журналісты атрымалі позвы ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Аліна Радачынская атрымала пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Першым Генпракуратуру наведаў Алег Ражкоў. Журналіст адмовіўся сведчыць супраць сябе, і саветнік юстыцыі Павел Елісееў адпусціў яго без вынясення папярэджання.

Фота з Twitter-акаўнта А. Ражкова

— Спадар Елісееў спрабаваў звяртацца да майго сумлення — маўляў, я павінен паважаць яго працоўны час і не быць такім нахабным маладым чалавекам, які дазваляе сябе адмаўляцца ад размовы з супрацоўнікам пракуратуры, — распавёў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Ражкоў.

Па словах журналіста, саветнік юстыцыі даў зразумець журналісту, што пасля яго ў кабінет войдзе Аліна Радачынская, якой можа не так «пашанцаваць», як Алегу.

Аліна Радачынская наведала кабінет Елісеева наступнай і выйшла адтуль з афіцыйным пісьмовым папярэджаннем аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі (ч.4 арт. 35 закона «Аб СМІ»). Пад дакументам ад 27 кастрычніка стаіць подпіс намесніка генпракурора Мікалая Кукліса, — паведаміла журналістка БАЖ.

Размова доўжылася каля 25 хвілін, і журналістка гэтаксама адмовілася даваць паказанні, якія могуць ёй нашкодізць.

— Мяне спрабавалі запэўніць, што ў маіх інтарэсах усё ж размаўляць з пракуратурай. Потым сказалі, што, калі я буду і надалей парушаць заканадаўства, то мяне прыцягнуць да прадугледжанай законам адказнасці, — распавяла Аліна.

Чаму вынікі візітаў у пракуратуру яе і Алега Ражкова адрозніваюцца, яна не ведае. Але не выключае, што на яе «рахунку» назбіралася больш «эпізодаў», якія дазваляюць пракуратуры зрабіць выснову пра яе супрацу з замежным СМІ. (Некалькі такіх эпізодаў пералічаныя ў папярэджанні).

Таксама позву ад Елісеева атрымаў Алесь Баразенка. Яму прызначана сустрэча ў Генпракуратуры на пятніцу, 28 кастрычніка.

Саветнік юстыцыі Павел Елісееў ужо неаднаразова выносіў калегам папярэджанні за супрацу з замежнымі СМІ.