Общество
Анатоль Грыцкевіч, «Народная воля»

Генерал, які арыштаваў галоўнакамандуючага

Яго імя яшчэ і сёння некаторыя вымаўляюць, апасліва азіраючыся па баках. Да гэтай пары яно ахутана легендамі, і да гэтай неардынарнай асобы — неадназначнае стаўленне. Хто ж ён такі — Станіслаў Булак-Балаховіч, гэты "парушальнік спакою", які хацеў бачыць сваю Радзіму вольнай, незалежнай, самастойнай дзяржавай?

…Пасля доўгага замоўчвання ў савецкі час, нарэшце, пачынаючы з 90-х гадоў ужо мінулага стагоддзя, беларускія гісторыкі пачалі вяртаць з нябыту імёны нацыянальных дзеячаў перыяду барацьбы Беларусі за незалежнасць у 1918—1920 гг. Сярод іх загучала і імя Станіслава Нікадзімавіча Булак-Балаховіча (1883—1940).

Скажам шчыра: перад намі — складаная, неадназначная фігура ў гісторыі Беларусі, чалавек з цікавым і трагічным лёсам, поўнае апісанне якога яшчэ чакае грунтоўнай працы навукоўцаў і літаратараў. Мастакі ўжо даўно зацікавіліся ягонай часам супярэчлівай постаццю. Але, пры гэтай супярэчлівасці, нельга не прызнаць: у 1920-я гады ХХ стагоддзя генерал здзейсніў нямала патрыятычных учынкаў.

У агні Першай сусветнай

Нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч у невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (у 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер гэта тэрыторыя Латвіі). Паходзіў з дробнай шляхты. Бацька яго, патомны беларус, трымаўся каталіцкай веры. Арандаваў невялікі маёнтак Стакоп'ева ў тым жа Браслаўскім павеце.

Станіслаў скончыў аграрную школу і працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісненскім павеце. З пачатку Першай сусветнай вайны з малодшым братам Язэпам (таксама аграномам) добраахвотна ўступіў у расійскую армію і са жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі — спачатку шарагоўцам, а потым унтэр-афіцэрам. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, Латвіі. За мужнасць быў узнагароджаны Георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступені. Не раз быў паранены і кантужаны.

У ліпені 1915 г. С.Булак-Балаховіч атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (адна зорачка на афіцэрскім пагоне), а ў 1917 г. быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі). Ён вылучаўся асаблівай мужнасцю і знаходлівасцю, значыць - і баявой удачай. Камандаваў армейскім партызанскім конным атрадам (а гэта — 500 чалавек) з верасня 1916 г., прарываўся з ім праз лінію фронту, рабіў налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў.

Поле дзеяння — Прыбалтыка

Вясной 1918 г., пасля шпіталя ў Петраградзе, крыху залячыўшы раны, С.Булак-Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію, якая тады стваралася. У красавіку з байцоў свайго былога атрада ён сфарміраваў у горадзе Луга (Петраградская губерня) 1-ы Лужскі конны партызанскі полк, у хуткім часе перайменаваны ў 3-і Петраградскі.

Ранейшая партызанская дзейнасць і спрыт звярнулі на С.Булак-Балаховіча ўвагу ў Маскве. Наркам па ваенных і марскіх справах Л.Троцкі прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі (пасаду потым доўгі час займаў С.Будзённы). Аднак С.Булак-Балаховіч адмовіўся ад прапановы, бо быў не згодны з антысялянскай палітыкай бальшавікоў.

Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Булак-Балаховіч намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых царскіх афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій. Тым не менш працягваў служыць у Чырвонай Арміі на "лініі завесы", бо побач — у Эстоніі і Латвіі — да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а немцаў ён па-ранейшаму разглядаў як галоўных ворагаў міру на ягонай зямлі.

Ужо намецілася паражэнне Германіі на Заходнім фронце, сітуацыя змянілася. У Прыбалтыцы стваралася "белая" расійская армія, якая намагалася ўтрымаць у сваіх руках Пскоў, калі яго пакінуць немцы. У кастрычніку 1918 г. Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка, каб дамовіцца аб пераходзе да белых свайго палка. 16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ён сабраў на нараду камандзіраў, якім давяраў. Было прынята рашэнне аб пераходзе на бок белых.

Ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. полк перайшоў дэмаркацыйную лінію ў 20 км на ўсход ад Пскова. Падраздзяленні палка павялічылі склад Паўночнай арміі (як тады яна называлася) ад адной трэці да паловы. Армія была падпарадкавана эстонскаму камандаванню.

Атрад ротмістра С.Булак-Балаховіча змагаўся з чырвонымі ў раёне Пячоры на поўдзень ад Пскоўскага возера (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова 26 лістапада 1918 г.). Ён уваходзіў у склад паўднёвай групы белых. За вызваленне Тарту ў студзені 1919 г. С.Булак-Балаховічу было прысвоена званне падпалкоўніка.

Атрад Балаховіча часта прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы Паўднёвай групы генерал-маёр А.Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак-Балаховіча пад камандаваннем самога Станіслава.

15 мая 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што падпалкоўнік быў павышаны ў званні да палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі, у выніку чаго 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часцямі белых. Балаховіч быў прызначаны на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна і атрымаў новае вайсковае званне — генерал-маёр. З часцей, падпарадкаваных яму, утваралася асобная зводная дывізія.

С.Булак-Балаховіч усталяваў жорсткі адміністрацыйны рэжым у Пскове і раёне. Народныя суды каралі смерцю злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.

Ваенны камендант Пскова і павета С.Булак-Балаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) адозвы і ўлёткі. Пісаў у іх: "Змагаючыся не за царскую ўладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянска-рабочую Расію". Выступаў з лозунгамі "За зямлю і хлеб для ўсяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны ўстаноўчы сход". Для генерала Белай арміі такія лозунгі былі незвычайнымі. Гэтыя заклікі не знікалі бясследна.

У ліпені 1919 г. на бок С.Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі ў поўным складзе.

Паміж Сцылай і Харыбдай

Аднак у кіраўніцтве Белай арміі наспяваў канфлікт паміж генераламі М.Юдзенічам і А.Радзянкам, манархістамі, якія ўвогуле складалі большасць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве, і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай у Паўночна-Заходняй арміі на чале з С.Булак-Балаховічам. Ён быў на левым, эсэраўскім крыле гэтай групы.

Яшчэ ў жніўні 1919 г. генерал Юдзеніч, галоўнакамандуючы Паўночна-Заходняй арміяй, прызначыў Балаховіча камандуючым 2-м корпусам (з дзвюх дывізій) гэтай арміі. Аднак адносіны паміж Юдзенічам і Булак-Балаховічам усё больш пагаршаліся з-за актыўнай прапаганды, якую вёў Балаховіч.

22 жніўня 1919 года М.Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б.Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С.Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд "за беззаконныя дзеянні" падчас кіравання Псковам і паветам". У выніку афіцэры балаховіцкага штаба былі арыштаваны, а яго начальнік палкоўнік Стаякін забіты. Забіты быў і гарадскі галава Пскова Іваноў.

Аднак Балаховічу з групай у 20 коннікаў з уласнай канвойнай сотні ўдалося вырвацца і апынуцца ў Гдове. Расправіцца з ім Юдзенічу не ўдалося, бо С.Булак-Балаховіча падтрымлівала эстонскае камандаванне, зацікаўленае ў рашучым генерале пры абароне Эстоніі ад наступу Чырвонай арміі.

Фармальна Балаховіч падпарадкаваўся Юдзенічу і нават лічыўся пад "хатнім арыштам", але адразу выехаў на фронт у раён Острава (50 км на поўдзень ад Пскова). Тут на чале сваёй коннай групы (1200 чалавек) ён працягваў партызанскую барацьбу з бальшавікамі ў тыле праціўніка ажно да заключэння мірнай дамовы паміж Эстоніяй і Савецкай Расіяй (2 лютага 1920 г.) Падчас восеньскага наступу Паўночна-Заходняй арміі Юдзеніча на Петраград атрад С.Булак-Балаховіча ўдарыў на горад Порхаў (на ўсход ад Пскова) і ў тыле праціўніка перарэзаў чыгунку Петраград—Полацк.

Белыя пацярпелі паражэнне падчас гэтага наступу і адступілі на тэрыторыю Эстоніі. Юдзеніч мусіў выдаць загад аб ліквідацыі арміі і стварыў ліквідацыйную камісію, каб разлічыцца з салдатамі і афіцэрамі за службу, прапанаваў краінам Антанты перакінуць салдатаў і афіцэраў на поўдзень Расіі ў армію генерала А.Дзянікіна.

Булак-Балаховіч меў намер прымусіць Юдзеніча вярнуць вялікую суму грошай, якую той узяў з армейскай касы. Атрымаўшы неафіцыйную падтрымку эстонскіх улад, Булак-Балаховіч з групай сваіх афіцэраў у ноч на 28 студзеня 1920 г. прыехаў з фронту ў Талін, дзе ў гатэлі "Комерс" пражываў генерал Юдзеніч.

Там Балаховіч арыштаваў свайго галоўнакамандуючага, а таксама генерала Крузэнштэрна і ад'ютанта, забраў у Юдзеніча больш за 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. А грошы гэтыя перадаў вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Потым прымусіў Юдзеніча падпісаць распараджэнне аб перадачы грошай на ліквідацыйныя мэты.

Такім чынам значная частка гэтай сумы пайшла на выплату салдатам і афіцэрам. Аўтарытэт С.Булак-Балаховіча сярод вайскоўцаў падняўся высока, бо змучаныя вайной служакі нечакана атрымалі сродкі для далейшага ўладкавання.

С.Булак-Балаховіч адвёз арыштаваных на чыгуначную станцыю Талін, пасадзіў іх у таварны вагон і павёз з сабою на фронт. Толькі ўмяшальніцтва англійскага ўрада прымусіла эстонскія ўлады перахапіць цягнік на паўдарозе. Юдзеніч быў перавезены ў англійскую місію, аддаў рэштку грошай і "адпушчаны з мірам" (але без грошай) выехаў за мяжу як прыватная асоба. А дзёрзкі, рашучы Балаховіч вярнуўся на фронт.

Яго атрад, галоўным чынам коннікі, афіцыйна называўся Добраахвотніцкім народным атрадам. Камандзір назваў яго Беларускім. Атрад папаўняўся добраахвотнікамі. На пачатку 1920 г. у ім налічвалася 1200 чалавек. Палову афіцэраў і 75 працэнтаў жаўнераў атраду складалі беларусы. Беларускі атрад выпускаў паштовыя маркі наміналам ад 5 капеек да 1 рубля з надпісам на пячатцы канверта "Асобны Беларускі атрад".

Пасля замірэння Эстоніі з бальшавікамі С.Булак-Балаховіч звярнуўся да кіраўніка вайсковай дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі (у Рызе) палкоўніка К.Езавітава аб пераходзе атрада ў падпарадкаванне ўраду БНР з мэтай барацьбы за незалежнасць Беларусі. Ва ўрада БНР войска ў гэты час не было, бо тэрыторыя Беларусі была занята часткова польскімі, часткова савецкімі войскамі.

Палкоўнік К.Езавітаў, маючы на тое паўнамоцтвы ўрада БНР, залічыў Беларускі атрад у склад войска Беларускай Народнай Рэспублікі, якое пачало фарміравацца (са згоды начальніка Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага) у раёне Слоніма.

Балаховіч са сваім атрадам меў намер перайсці ў Беларусь на савецка-польскі фронт. На гэта польскае камандаванне (той жа Ю.Пілсудскі) дало згоду. У сакавіку 1920 г. Беларускі атрад перайшоў Заходнюю Дзвіну і некаторы час знаходзіўся ў Брэсце, дзе быў папоўнены і атрымаў новую зброю.

Беларускі атрад у дзеянні

Ад пачатку чэрвеня 1920 г. Беларуская група (інакш — Беларуская нацыянальная армія) генерала Станіслава Булак-Балаховіча (каля 2 тысяч шабель) удзельнічала ў баявых дзеяннях супраць Чырвонай Арміі на Палессі, дзе аператыўна ўваходзіла ў склад Палескай групы войска польскага.

Ваенныя дзеянні Беларускай нацыянальнай арміі ў беларускай і ўкраінскіх частках Палесся адбываліся ва ўмовах контрнаступлення Чырвонай Арміі на Украіне ў чэрвені 1920 г. Атрады Балаховіча і тут вялі партызанскую вайну, прарываючыся ў тылы чырвоных войск у раёне Чарнобыля — Чэравічы. Потым, 30 чэрвеня 1920 г., яны атакавалі мястэчка Славечна (на поўдзень ад Лельчыцаў).

З ліпеня атрад пад камандаваннем ротмістра Дарскага ўзяў штурмам станцыю Вяледнікі (на паўднёвы ўсход ад Славечна), выбіўшы адтуль савецкі полк пяхоты. Быў узяты ў палон штаб 2-й стралковай брыгады, захоплены кулямёты. Адступаючы, група С.Булак-Балаховіча ўдзельнічала і ў абаронных баях на рацэ Стыр як рэгулярная вайсковая адзінка. У канцы ліпеня балаховічцы абаранялі лінію на рацэ Стаход у раёне Любешава, 7 жніўня вялі баі за Заходнім Бугам.

Яны неслі вялікія страты, група скарацілася да 700 чалавек. Але прыходзілі добраахвотнікі з маладых сялян і палонных чырвонаармейцаў, нават камандзіраў. У атрад С.Булак-Балаховіча было ўключана 600 данскіх казакаў, якія былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію пасля разгрому Дзянікіна, а цяпер перайшлі да Балаховіча. Савецкая разведка ў канцы жніўня 1920 г. ацэньвала сілы Булак-Балаховіча ў 1600 штыкоў, 400 шабель і 14 кулямётаў.

Пасля Варшаўскай бітвы ў сярэдзіне жніўня 1920 г. польскія войскі перайшлі ў наступ, з імі была і група генерала С.Булак-Балаховіча. Зноў яна вядзе на Палессі партызанскія дзеянні. Да С.Балаховіча далучаліся партызаны, што вялі барацьбу супраць савецкай улады. У сярэдзіне верасня ягоныя атрады дзейнічалі ў раёне Пінска, 26 верасня нечакана для праціўніка ўзялі горад, адрэзаўшы кіраўніцтва 4-й Савецкай арміі ад яе войскаў на фронце, на захад ад Пінска.

Частка штаба 4-й арміі змагла цягніком ад'ехаць у Лунінец, частка была ўзята ў палон. Камандуючы 4-й арміі А.Шуваеў, начальнік штаба і член рэвваенсавета здолелі ўратавацца, уцёкшы на фронт, на захад ад Пінска.

З Лунінца прыбыў у Пінск савецкі бронецягнік, пачаў абстрэльваць станцыю. Агнём гармат Балаховіча быў падпалены вагон са снарадамі, і бронецягнік быў знішчаны моцным выбухам.

Праз два тыдні ваенныя дзеянні спыніліся. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана савецка-польскае перамір'е і папярэднія ўмовы міру, якімі тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзве часткі: Заходняя Беларусь перадавалася савецкім бокам (нават без удзелу дэлегацыі БССР) Польшчы, а на ўсходзе заставалася маленькая БССР з шасці паветаў былой Мінскай губерні. Як казаў з горкай іроніяй Якуб Колас:

Далі шэсць паветаў,
Дзякуй і за гэта.

Паход на Усходняе Палессе

Станіслаў Булак-Балаховіч цвёрда стаяў за далейшую барацьбу з бальшавізмам. Пры падтрымцы начальніка Польскай дзяржавы (так называлася тады афіцыйная пасада) Ю.Пілсудскага старшыня Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы Барыс Савінкаў яшчэ 27 ліпеня заключыў з Булак-Балаховічам пагадненне аб сумесным наступе расійскіх (сфарміраваных у асноўным з ваеннапалонных) і беларускіх вайсковых часцей у глыбіню Беларусі і Расіі для падняцця масавага сялянскага паўстання супраць бальшавікоў.

Каб прыцягнуць да гэтай акцыі і яўрэйскае насельніцтва, быў створаны асобны "яўрэйскі эскадрон" на чале з паручнікам Цэйтліным. Камандуючым Рускай народнай добраахвотніцкай арміі прызначаўся Булак-Балаховіч. Ён заключыў 12 кастрычніка 1920 г. з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве (што займаў прапольскія пазіцыі) Паўлам Алексюком пагадненне, што цывільная ўлада ў Беларусі будзе перададзена Алексюку і яго камітэту.

У раёне Мікашэвічаў — Турава на пачатку лістапада сабралася армія, падпарадкаваная слыннаму беларускаму генералу. У ёй налічвалася 20 тысяч чалавек. У складзе арміі былі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны "туземны" кавалерыйскі полк, полк данскіх казакаў і іншыя.

Пры спрошчаным наборы ў армію Балаховіча трапілі і яго ранейшыя жаўнеры, і добраахвотнікі, якія не мелі баявога вопыту. Былі і палонныя чырвонаармейцы, і нават разбэшчаныя вайной людзі, і крымінальныя элементы, якія жылі вайной і рабавалі насельніцтва. Выпадкі гвалту і забойстваў змусілі генерала выдаць загад перад паходам ва Усходняе Палессе, што камандзіры, чые жаўнеры займаюцца пагромамі і рабункам, будуць зняты з камандавання, пастаўлены перад трыбуналам і асуджаны "адпаведна законаў ваеннага часу". "А злоўленых на гарачым учынку як жаўнераў, так і афіцэраў расстрэльваць на месцы. Пагромаў не павінна быць, і яны не будуць мець больш месца".

С.Булак-Балаховіч даў дазвол яўрэйскаму насельніцтву гарадоў і мястэчак ствараць узброеныя атрады самаабароны, каб бараніцца ад пагромаў.

6 лістапада 1920 г. з Турава армія Балаховіча ідзе наступленнем на ўсход па абодвух баках Прыпяці. Галоўны ўдар народнай арміі абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію 16-й Савецкай арміі, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 —мястэчка Скрыганаў. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі "смерці" палкоўніка Мацвеева 10 лістапада ў 16 гадзін 40 хвілін заняў Мазыр. Праз дзве гадзіны ў Мазыр уступіла і кавалерыйская дывізія палкоўніка Паўлоўскага. Паўлоўскі сфарміраваў з палонных Мазырскі полк. У гэты ж дзень, 10 лістапада, Остраўскі полк 1-й дывізіі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Мазыр становіцца цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці С.Булак-Балаховіча. Пасля заняцця Мазыра генерал ужо не ўтрымліваў у сакрэце свае планы ўтварэння незалежнай Беларускай дзяржавы. Камендант Мазыра генерал-маёр Яраслаўцаў тут жа аддаў загад вывесіць у горадзе на будынках бел-чырвона-белыя беларускія сцягі.

Ад 12 лістапада С.Булак-Балаховіч пачаў выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе "начальнікам Беларускай дзяржавы" і пракламаваў незалежнасць Беларусі. 14 лістапада ён выдаў загад пра фарміраванне беларускай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі. Камандаванне Рускай народнай арміяй ён перадаў свайму брату Язэпу, надаўшы яму званне генерал-маёра. Кваліфікацыйная камісія пацвердзіла гэтае наданне. Але фактычна С.Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў усёй Саюзнай (як яна цяпер называлася) народнай добраахвотніцкай арміяй.

У Мазыр з Варшавы прыбылі І.Аляксюк і В.Адамовіч, якія заключылі з Булак-Балаховічам і Б.Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай добраахвотніцкай арміяй незалежнасці Беларусі. У сваю чаргу С.Булак-Балаховіч прызначыў П.Алексюка старшынёй свайго ўрада, а ўрады В.Ластоўскага (у Коўне) і А.Чарвяка (Чарвякова) у Менску абвясціў "звергнутымі".

Армія Балаховіча працягвала наступаць. 2-я пяхотная дывізія і група Язэпа Балаховіча, раней намесніка галоўнакамандуючага, наступалі на Рэчыцу, другая частка армій — на Оўруч і Чарнобыль. 16 лістапада атрады Станіслава з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Камандаванне Чырвонай Арміі кінула на фронт новыя сілы, якія праз тыдзень ужо мелі колькасную перавагу. З боку Жлобіна контрнаступленне 16-й арміі Заходняга фронту пачалося 16 лістапада. Агульны ж план палягаў на тым, каб акружыць армію Балаховіча і знішчыць яе. Ужо 17 лістапада часці 16-й арміі з баямі занялі Калінкавічы.

Пазбягаючы акружэння, С.Булак-Балаховіч спыніў далейшы наступ у глыб Палесся. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне. 2-я пяхотная дывізія балаховічцаў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада і ён быў захоплены чырвонымі.

Асноўнай групоўцы арміі Балаховіча ўдалося ў раёне Каплічы—Якімавічы (30—40 км на поўнач ад Мазыра) па лясных дарогах, праз рэкі ў балоты прабіцца скрозь заслоны 33-й савецкай Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць раку Пціч. Сам генерал у баях атрымаў рану, але не пакідаў камандавання.

26 лістапада яго войскі выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён размяшчэння польскіх войск. І хаця план камандавання Чырвонай Арміі — знішчыць вайсковыя сілы Булак-Балаховіча — не ўдаўся, армія гэтая была раззброена польскімі войскамі. Частка яе засталася ў 30-кіламетровай нейтральнай зоне (па 15 км па абодва бакі мяжы), якая існавала да падпісання канчатковага мірнага дагавору ў сакавіку 1921 г. і яго ратыфікацыі ў маі таго ж года. Адтуль асобныя атрады балахоывічцаў вялі партызанскую барацьбу супраць савецкай улады ажно да 1922 года.

Хоць асноўная маса сялянства яго і падтрымлівала, аднак у цэлым акцыя С.Булак-Балаховіча не мела поспеху, таму што якраз у гэты час расійскія антысавецкія сілы ў Крыме былі разгромлены, і камандаванне Чырвонай арміі змагло перакінуць у Беларусь значныя падмацаванні. Балаховіч не здолеў аб'яднаць усе нацыянальныя сілы, бо асноўная з іх — партыя беларускіх эсэраў — ставілася да яго варожа як да саюзніка Польшчы.

Беларускія эсэры ў час савецка-польскай вайны супрацоўнічалі з партыяй бальшавікоў, бо тыя абяцалі пасля перамогі над Польшчай прызнаць Беларускую Народную Рэспубліку як самастойную дзяржаву. Партызанскія атрады беларускіх эсэраў (сялянскія дружыны) ваявалі супраць Польшчы сумесна з чырвонымі партызанамі. Аднак пасля заканчэння ваенных дзеянняў бальшавікі хутка забаранілі беларускіх эсэраў, лідэраў і актывістаў арыштавалі. Булак-Балаховіча асуджалі і пасля заканчэння вайны, бо некаторыя жаўнеры (з крымінальных элементаў) працягвалі займацца рабаваннем, а ён, камандуючы, быў адказны за дзеянні сваіх падначаленых.

I публіцыст, і паэт, і падпольшчык…

Пасля раззбраення асноўная частка атрадаў Булак-Балаховіча размясцілася ў Белавежскай пушчы, дзе былыя жаўнеры працавалі на лесараспрацоўцы і тартаках. Сам генерал быў залічаны ў склад польскага войска, але па-за штатам. Ён стаў старшынёй Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя Савецкай Расіі, камуністам і Гітлеру, у якіх бачыў пагрозу незалежнасці народам Усходняй Еўропы.

Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам, творчасць якога заўважыў літаратуразнавец Ігнат Дварчанін у "Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры" (1927). Беларускія вершы С.Булак-Балаховіч апублікаваў у сваім зборніку 1930 г. Зборнік вершаў быў раней у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, але падчас вайны знік. Два вершы былі апублікаваныя А.Бяляцкім у часопісе "Спадчына" (1991, №6, с.17).

Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1936—1939 гг. С.Булак-Балаховіч быў у групе назіральнікаў польскай ваеннай місіі ў арміі генерала Ф.Франка. Жыў ён у Варшаве.

На самым пачатку верасня 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна, С.Булак-Балаховіч хутка арганізаваў атрад добраахвотнікаў з 300 чалавек, які падчас абароны Варшавы змагаўся на паўднёвым участку абароны горада. Пасля капітуляцыі Варшавы і акупацыі Польшчы С.Булак-Балаховіч арганізаваў падпольную арганізацыю для барацьбы з нямецкімі фашыстамі.

Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 г. у Варшаве недалёка ад свайго дома на вуліцы Саскай. Ён быў акружаны агентамі гестапа і застрэлены падчас спробы яго арышту. Ёсць версія, што ён быў забіты супрацоўнікамі службы дзяржаўнай бяспекі СССР, бо адзін са сведкаў здарэння казаў, што нападаючыя гаварылі па-руску. А якраз у гэты перыяд было ўстаноўлена супрацоўніцтва паміж гестапа і органамі дзяржбяспекі СССР для агульнай ліквідацыі падполля на тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі.

Паўтаруся: як палітычная фігура асоба генерала Станіслава Булак-Балаховіча безумоўна неадназначная, у многім і дагэтуль неразгаданая. Аднак несумненна: і ў дзікім віры складанейшых, непрадказальных падзей ён быў і заставаўся патрыётам Беларусі, выразна паказаў сябе змагаром за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны.

Сімвалічная магіла генерала знаходзіцца на Повонзках (камунальныя могілкі) на сямейным участку. Унук генерала, Мацей Булак-Балаховіч быў ініцыятарам адкрыцця памятнай дошкі непадалёку ад месца, дзе загінуў генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. А непадалёку ад Белавежы пастаўлены помнік братам Станіславу і Юзэфу Булак-Балаховічам і іх жаўнерам.

Гэта быў незвычайны чалавек, які застанецца ў гістарычным летапісе Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)