Общество
Таццяна Гусева

«Генадзь Мікалаевіч паднёс кнігу да вуснаў і прасіў дзякаваць усім, хто спрычыніўся да яе выдання»

Журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран распавёў «Салідарнасці» пра апошнія дні Генадзя Бураўкіна і пра тое, як сябры выканалі апошняе жаданне Паэта.

– Роўна два тыдні таму Генадзь Мікалаевіч пазваніў мне на мабільны тэлефон, – успамінае Сяргей Шапран. – Я быў вельмі ўражаны, бо ведаў, што ён цяжка хворы. Бураўкін папрасіў прыйсці да яго. На наступны дзень ён не змог мяне прыняць, а ў нядзелю я быў у яго.

У Генадзя Мікалаевіча было тры просьбы. І адна з іх – тэрмінова скласці кнігу апошніх вершаў, якую ён хацеў зрабіць, але не паспеў. Яго жонка Юлія Якаўлеўна дастала з верхняй шуфляды стала два нататнікі. У адным Бураўкіным уверсе напісана: “ІХ.2009-Х.2011 г.”, у другім: “Х.2011 г.—“. Апошні верш датаваны 21 снежня 2013 года.

“Зрабі як мага хутчэй, – папрасіў Генадзь Мікалаевіч. – І рабі як новую маю кнігу, а не як пасмяротную. Пасмяротныя будуць пасля”. Маючы досвед выдання кнігі Барадуліна “У неба пехатою”, якую мы зрабілі на саракавіны па дзядзьку Рыгору, я сказаў, што за месяц паспеем. Генадзь Мікалаевіч на гэта нічога не запярэчыў, але на наступны дзень сказаў: “Пастарайся зрабіць за два тыдні”.

Сяргей Шапран адкінуў усе справы і займаўся толькі гэтай кнігай. Калі не мог расчытаць почырк, звяртаўся па дапамогу да жонкі Генадзя Бураўкіна і аднаго з яго найбліжэйшых сяброў – паэта Уладзіміра Някляева.

– Некалькі вечароў запар мы да ночы сядзелі з Уладзімірам Пракопавічам і расчытвалі почырк Бураўкіна. У яго самога запытацца было немагчыма, бо не хацелася аднімаць апошнія яго сілы.

У панядзелак, 26 траўня, Генадзь Бураўкін запытаўся ў Сяргея Шапрана пра кнігу. Але яе не было, бо з таго часу, як Шапран пачаў займацца ёю, не прайшло і тыдня.

– Генадзь Мікалаевіч сказаў: «Значыцца, ты не паспеў». Я папрасіў Бураўкіна патрымацца да канца тыдня, але ён адказаў: «Я не дачакаюся…» І, сказаўшы добрыя словы, папрасіў працягваць гэтую справу. Я быў настолькі збянтэжаны гэтым, што зразумеў, што не ведаю як, але мы павінны здзейсніць цуд – кніга павінна быць у Бураўкіна ўжо заўтра…

Сяргей Шапран пазваніў дырэктару выдавецтва “Кнігазбор” Генадзю Вінярскаму і запытаўся, ці можна нешта зрабіць, каб Бураўкін убачыў сваю кнігу хоць у адным экземпляры.

– Тут усё закруцілася! Мы зноў з Някляевым да ночы сядзелі над бураўкінскімі тэкстамі, раніцай дарабляліся вёрстка і вокладка, і ўжо ўвечары кніга – у адным экземпляры – была ў нас. Але трэба сказаць, што гэта сталася магчымым найперш дружнай працы ўсёй каманды, якая і рыхтавала кнігу, і, апроч таго, падтрымцы бізнэсоўца і мецэната Паўла Бераговіча…

У аўторак увечары Глеб Лабадзенка, які таксама спрычыніўся да выдання гэтай кнігі, Уладзімір Някляеў з жонкай Вольгай, жонка, дачка і сын Генадзя Мікалаевіча – мы ўсе павіншавалі Генадзя Мікалаевіча з выхадам сігнальнага экземпляра кнігі, якая называецца «Нагаварыцца з зоркамі».

Бураўкін паднёс кнігу да вуснаў і прасіў дзякаваць усім, хто спрычыніўся да яе выдання. Я думаю, ён быў усцешаны, бо перад тым казаў, што самае галоўнае яго жаданне – убачыць гэтую кнігу. Генадзь Мікалаевіч увесь час трымаў яе ў руках, Някляеў зачытваў вершы з новай кнігі – такім чынам атрымаўся невялічкі паэтычны вечар, бураўкінскі вечар.

Што ж тычыцца накладу кнігі, якая выходзіць у серыі “Кнігарня пісьменніка”, дык ён чакаецца напрыканцы наступнага тыдня.

Трэба яшчэ дадаць, што паэт сыходзіў цяжка, але трымаўся мужна і годна, кажа Сяргей Шапран.

– Аднойчы я не вытрымаў і сказаў: “Генадзь Мікалаевіч, помніце, мы з вамі былі ў апошнія дні Быкава ў Бараўлянах, і вы пасля сказалі, што Васіль Уладзіміравіч паводзіў сябе вельмі мужна. Дык вось, і вы таксама паводзіце сябе вельмі мужна і годна”. На гэта ён адказаў: “Дзякуй. Я стараюся”.

Калі мы прыходзілі да Бураўкіна, ён ніколі не выказваў, як яму цяжка. Хоць гэта было бачна. Ён вельмі змяніўся за гэты час, хвароба літаральна з’ядала яго, але ён ні на што не скардзіўся. Апошні ж раз бачыліся тры дні таму, калі і прынеслі кнігу “Нагаварыцца з зоркамі”…