Беседка
Яўген Барсукоў, Анастасія Зелянкова

Генадзь Бураўкін: «Нават у вершах, прысвечаных іншым жанчынам, ёсць нешта ад жонкі»

Свой Дзень перамогі, але на любоўным фронце, адсвяткуе 9 мая паэт Генадзь Бураўкін і яго жонка Юлія. Самы моцны і прыгожы шлюб у сучаснай беларускай літаратуры цягнецца вось ужо 50 гадоў. Напярэдадні залатога вяселля паэт расказаў «Салідарнасці», чаму жаніўся без пярсцёнка, за што яго не любіла цешча і да каго раўнавала жонка.

— Памятаеце, як першы раз убачылі спадарыню Юлію? Чым яна вас так прывабіла?

— Канешне, памятаю. Яна адразу мне запала ў сэрца. Першы раз я ўбачыў яе ў буфеце ў інтэрнаце, куды мы бегалі паміж лекцыямі перакусіць. Я быў тады на трэцім курсе. Гляджу: стаіць у чарзе нейкая новая дзяўчына. Бландзінка, прычоска такая... Яна мне адразу прыглянулася. Канешне, першае памкненне было даведацца: хто гэта, адкуль?

Сам лёс мне потым дапамог: яна прыйшла паступаць ва універсітэцкі тэатральны калектыў. А я ўжо на той час быў яго ўдзельнікам. Так я даведаўся, што Юля — студэнтка першага курса беларускага аддзялення філфака. Пасля ўжо само сабой усё атрымалася. Сталі сустракацца. Ну а як прыйшла пара выпуску, вырашылі ажаніцца. Мне было 22, Юлі 18.

— І што, усё ішло так гладка?

— Далёка не так. Калі я быў на пятым курсе, я сур’ёзна захварэў на туберкулёз. Ляжаў у бальніцы, у палаце, дзе знаходзілася 30, а то і больш чалавек. На маіх вачах тады памерла сем такіх хворых. Але Юля мяне не кінула. Яна ўвесь час прыходзіла. Усе нават думалі, што гэта мая сястра. Нікому не магло прыйсці ў галаву, што такая сімпатычная дзяўчына будзе проста так хадзіць да гэтага туберкулёзніка. А Юля ж была самая прыкметная прыгажуня ва універсітэце!

Выходжвала мяне і пасля, калі рабілі паддуванне пасля туберкулёзу – гэта вельмі цяжкая працэдура, якая патрабуе пастаяннага догляду. Ды і зараз вось, калі трапіў зноў на бальнічны ложак, Юля побач. Як тады перад вяселлем, так і цяпер перад залатым юбілеем маюся ў бальніцы.

— Памятаеце, які пярсцёнак падарылі на вяселле жонцы?

— Не было ў нас ніякіх пярсцёнкаў. Нават вясельных строяў не было. Мы былі вельмі бедныя. У ЗАГС пайшлі пешшу. Юлінай сведкай была яе універсітэцкая сяброўка, а з майго боку — мой сябар Мікалай Матукоўскі. Ён быў за мяне старэйшы на сем гадоў і ўжо працаваў. Мы ўсё жыццё з ім разам, з майго шостага класа. Дык вось пасля рэгістрацыі Мікалай павёў нас усіх у сталоўку, дзе купіў нам віно і пельмені. Як зараз памятаю, я ўмяў тады аж дзве порцыі.

А заручальныя пярсцёнкі, які носім зараз, купілі ўжо пазней. Праз некалькі год.

— А ўвогуле дарылі жонцы ўпрыгожанні?

— Памятаю нават першы пярсцёнак, які купіў Юлі. Ён быў з такім чырвоным каменем у сярэдзіне. Тады ж купіў і брошку: яна мне вельмі спадабалася: залаты месячык, а збоку, нібы зорачка, рубін ці нейкі яшчэ камень. Гэта было больш-менш сур’ёзнае з таго, што купіў жонцы. Гады два-тры пасля роспісу.

— А чым асабліва запомнілася вяселле?

— Гэта было так званае камсамольскае вяселле. Яго арганізавалі нам нашы курсы, бо ў бацькоў таксама не было сродкаў. Выгаднае атрымалася аб’яднанне: беларускае аддзяленне філфака — гэта пераважна дзяўчаты, а аддзяленне журналістыкі – большасць хлопцы. Тут вам нешта цікавае лепш раскажуць Рыгор Барадулін ці Вася Зуёнак — яны там таксама былі. Пра наша вяселле была напісана нават цэлая паэма. Зараз, праўда, памятаю з яе толькі некалькі радкоў: «Народ там быў – ўсё не такоўскі: сам Ніл Гілевіч, Матукоўскі…».

А яшчэ Юліны дзяўчаты нарабілі цэлую ванную вінегрэту. Мы святкавалі ва універсітэцкай сталоўцы. Там у падвале чамусьці аказалася ванная. Вось у гэтую ванну яны і нарэзалі вінегрэту. Выносілі яго да стала ў тазіках. Але, трэба сказаць, усё падчыстую з'елі.

Так мы і адсвяткавалі наша вяселле.

— А потым?

— А потым пачалося жыццё. Жыццё нялёгкае, няпростае. Знялі пакойчык у прыватным доме на ўскраіне Мінска. Цяжка было: Юля атрымлівала павышаную стыпендыю рублёў 40, мая ж першая зарплата была рублёў 80. Трошачкі друкаваўся за ганарары. У той час з Рыгорам Барадуліным выпускалі перадачу на радыё “На калючай хвалі” — яна была вельмі папулярная і ўсе яе баяліся. Вечарамі, нават начамі сядзелі тады і прыдумвалі розныя хохмы. Цяпер Зміцер Вайцюшкевіч спявае нашу “Чувіху клёвую”, напісаную ў тыя часы.

Так мы і жылі з Юляй, абжываліся, пакуль не атрымалі пакой ужо ў двухпакаёвай кватэры. Паявіўся сын Лёшка. А потым, калі я перайшоў працаваць у “ЛіМ”, нам далі асобную двухпакаёвую кватэру. Якраз у гэты час Юля была ў бабкі сваёй у Умані – яна ж у мяне хахлушка. Калі я адправіў ёй тэлеграму, што нам далі двухпакаёвую кватэру, для яе гэта было такой нечаканасцю, што яна даслала ў адказ тэлеграму: “Пацвердзі!” Прыйшлося яшчэ і пацвердзіць.

Потым былі кватэра на Янкі Купалы, затым на Захарава. Яны сталі такім добра знаёмым адрасам для многіх людзей. Усе мае сябры: пісьменнікі Васіль Быкаў, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Іван Мележ, пасля Валянцін Болтач, Сяргей Законнікаў, многія спевакі, нашы беларускія касманаўты Пеця Клімук, і Валодзя Кавалёнак, бывала, сядзелі ў нас да самай раніцы.

З Віктарам Вуячычам і Ігарам Лучанком

Збіраліся таксама і на дачы ў Крыжоўцы. Але тое, што людзі любілі і хацелі ў нас бываць, – гэта ўсё заслуга Юлі. Любімыя мной людзі былі дарагія і для яе. Яна ўмела іх прыняць, накрыць стол, прыгатаваць. Да таго ж Юля ніколі не была лішняй у нашых гаворках, жартах, прымала ўдзел у спрэчках. Тое, што хвалявала нас, хвалявала і яе.

— А жонка не раўнавала вас да сяброў?

— Думаю, троху было. Але Юля разумела, якую важную ролю ігралі для мяне сябры. І многае даравала. Яна цаніла маіх сяброў, чытала іх творы, ацэньвала.

Разам са Станіславам Шушкевічам на дачы ў Крыжоўцы

— А гэта праўда, што ў вас не заладзіліся адносіны з цешчай?

— Так, з таго часу, як яна адмовіла нам у жаніцьбе. Я ж, як і мае быць, прыйшоў прасіць рукі і сэрца яе дачкі. Але быў адвергнуты і з ганьбай выкінуты з кватэры. Юлю ж яна нават пабіла – так, што тая вымушана была ўцячы ў інтэрнат да дзяўчат.

Нават пасля вяселля адносіны з цешчаю былі не лепшыя. Іх ўвогуле не было ніякіх. Прыбягаў хіба што Юлін брат – можа, гэта яго цешча як лазутчыка накіроўвала.

Аднойчы сядзім дома і бачым у акно, як на двары паяўляюцца цесць і цешча, якіх ззаду гоніць перад сабой Юліна бабка Васіліна: “Хадзіце, няма вам чаго дзяліць! Мірыцеся!” Тады адбылося фармальнае прымірэнне. Але нейкія адносіны паявіліся значна пазней, калі нарадзіўся Лёшка. Хаця цесць да мяне заўсёды нармальна ставіўся, але ж усім кіравала маці. А яна была чалавекам даволі жорсткім. Хаця пад канец жыцця цешча стала абсалютным маім прыхільнікам і нават, калі ў нас узнікалі нейкія сутычкі, станавілася на мой бок.

— А жонка часта радуе вас смачнай ежай? Якая ваша любімая страва?

— Ну, а калі я скажу, што любімая мая ежа — лобстэры, будзеш смяяцца? Я іх еў, можа, разы чатыры ў жыцці, але мне гэта ўсё вельмі падабаецца. А так я дранікі люблю, сала. Амлет – у нас ёсць свой фірменны рэцэпт. Мы прывыклі па-простаму, па-савецку. А ўсе гэтыя гламурныя стравы, навеяныя Рублёўкай, не для мяне.

— Вы ж толькі што самі казалі пра лобстэраў...

— Ну, гэта ж было яшчэ, калі жылі ў Амерыцы. Тым больш, елі тады на халяву, калі прыязджалі нейкія важныя дэлегацыі і давалі прыёмы. Памятаю, неяк да нас Мясніковіч прыязджаў. І адзін амерыканскі бізнесмен павёў нас у рэстаран. Там мы з Мясніковічам і замовілі лобстэра. Хацелася пакаштаваць, што гэта? Прынеслі нам яго з усімі гэтымі шчыпцамі. Мясніковіч глядзіць на яго і не ведае, як падступіцца. Гэтымі шчыпцамі нешта не так ламануў, тое як пырснула ва ўсе бакі. Словам, ён гэтага лобстэра так і не пакаштаваў. А ў мяне неяк атрымалася, я хутка сцяміў, што да чаго. Пасля ідзем мы з Мясніковічам дамоў, а ён і пытаецца: “А ў цябе ёсць што паесці? Можа, пакорміш мяне?”

— Няўжо ўсе вашы вершы пра каханне прысвечаны толькі жонцы? Як жа сцвярджэнне, што паэт павінен належаць усім жанчынам?

— На творчых сустрэчах у мяне часта пра гэта пытаюцца. Адказваю шчыра: ёсць вершы, прысвечаныя і іншым жанчынам, але ў кожным знойдзецца нешта ад Юлі.

— Дык, можа, і не толькі вершы былі?

— А што яшчэ? Хочаш справакаваць? Пакінем гэта для КДБ.

— У іх нешта будзе?

— Павінна быць. (смяецца)

— І ўсё ж такі, 50 гадоў – гэта значная дата. Няўжо засталіся свежымі тыя пачуцці, што былі ў маладосці?

— 50 гадоў – гэта вялікі кавалак жыцця. Я не скажу, што тое пачуццё, якое нарадзілася ў нас маладых, засталося такім жа. Не, яно іншае, але яно ўсё роўна застаецца. Нешта светлае, нешта важнае. А потым – і гэта стала, напэўна, самым галоўным – ёсць адзінства душ, поўнае ўзаемаразуменне, падтрымка. Хоць усякае бывала. Бывалі моманты і горкія.

Не хачу гаварыць за Юлю, але пра сябе скажу: я шчаслівы чалавек. Шчаслівы, што са мной па жыцці ішла гэтая жанчына. Жанчына прыгожая, добрая, разумная. І я разумею, што яна, калі б не была са мной, магчыма, магла б дасягнуць большага, зрабіць лепшую службовую кар’еру. Але я ніколі не чуў ад яе папрокаў, што я сапсаваў ёй жыццё. Цяпер, асабліва ў творчых людзей, несучасна, нямодна і нават няёмка мець адну жонку. Усе маюць па дзве, па тры, па чатыры ці па пяць. Я гэтых скокаў па лёсах людскіх не разумею. Не веру, што знойдзецца так многа жанчын, якія будуць цябе – творчую асобу — разумець і быць для цябе той самай блізкай і роднай душой. Такой усе гэтыя гады была для мяне Юля. Мы разам нарадзілі і выхавалі, на мой погляд, вельмі добрых дзяцей Лёшу і Святлану, гадуем любімых нашых унукаў — Пашу, Ваню, Сеню, Машу. Усё гэта вельмі важна. Усё гэта мы стварылі разам. І 50-годдзе нашага сумеснага жыцця – для мяне вельмі прыемная і дарагая дата.

Разам з жонкай Юляй, сынам Аляксеем, дачкой Святланай, нявесткай і ўнукамі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)