Гей-прайд у Менску (фота, відэа)

Беларускім актывістам гей-руху ўдалося ў суботу правесці свой парад. Ён быў нешматлікім і непрацяглым. Але галоўнае, што ім нічога не было за тое, што яны парушылі непісанае беларускае правіла «больш трох не збірацца».

Акывісты гей-руху сабраліся ў менскім раёне Шабаны на вуліцы Сяліцкага і прайшлі ўздоўж вуліцы літаральна мэтраў 200. Яны неслі з сабою вясёлкавыя колеры гей-руху.

Лідэр беларускага гей-руху Сяргей Андросенка:

–– Мы хацелі сённяшняй акцыяй прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўлады да таго, што шэсце геяў і лесбіянак не разбурыць гэты горад, не разбурыць мараль. І гэта проста сорамна, непрыгожа і незаконна забараняць акцыю з тых прычынаў, з якіх гэта робіць урад. Вось уласна ўсё. Сёння ў нас святочная дыскатэка. Заўтра – канцэрт супраць гвалту над ЛГБТ-моладдзю. Прайд працягваецца і ў наступным годзе мы абавязкова будзем склікаць гасьцёў і старацца кожны год праводзіць прайд усё лепш і лепш. Дзякуй. Прайд – гэта нармальна!

Акцыя атрымалася нешматлікай, але цікавай, перакананы іншы яе ўдзельнік Максім:

–– Для Беларусі, для Менску гэта ўжо падзея, таму што вы самі разумееце, як да нас ставяцца. І тое, што мы зараз маглі свабодна і спакойна правесці гэтую маленькую маніфэстацыю, гэта падзея. Нам далёка яшчэ да эўрапейскіх сталіцаў, дзе збіраюцца тысячы людзей. Гэта толькі пачатак. Тое, што зараз свабодна прайшлі чалавек 20, азначае, што ў наступным годзе нас пройдзе ў два, у тры разы болей.

Апроч хлопцаў на гей-парадзе былі і дзяўчаты.

Удзельніца акцыі:

–– Я прадстаўніца гетэрасэксуальнай большасці, але я выйшла, каб падтрымаць сваіх сяброў і паказаць, што нічога ў гэтым страшнага няма. Гей і лесбіянкі ёсьць сярод нас, і дыскрымінаваць па гэтым прызнаку няправільна. Людзі мусяць баяцца прызнацца ў тым, што яны гамафобы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)