Гебрэмарыям: «19 вызваленых — гэта не канец працэсу, як шмат хто лічыць»

Прадстаўніцы «моладзевага крыла» ў беларускай палітыцы — пра актуальныя праблемы беларускай моладзі і вакно магчымасцяў для вызвалення палітвязняў.

— Зараз адно з самых актуальных пытанняў — тое, з чым сутыкаюцца беларускія студэнты, якія паступаюць ва ўніверсітэты Польшчы, — зазначае ў эфіры Еўрарадыё прадстаўніца АПК па справах моладзі Маргарыта Ворыхава. — То бок, яны не могуць падавацца без актуальнага сертыфіката ЦТ. Мы працуем над вырашэннем гэтай праблемы і паспрабуем дабіцца нейкага станоўчага выніку.

Падкрэслю: гэта не мае асабістае меркаванне, мы збіраем меркаванне якраз самой моладзі, моладзевых арганізацый і ініцыятыў, што ім патрэбна, якія ў іх ёсць запыты да стэйкхолдэраў.

Маргарыта Ворыхава

«Мы спрачаемся наконт таго, чым павінны былі б займацца, над чым патрэбна працаваць»

— Пасля фокусам менавіта маёй працы будзе супраца з моладзевымі арганізацыямі, актывістамі і актывісткамі, моладдзю, якая знаходзіцца ў Беларусі. Нам падаецца, што з імі цяпер не так шмат супрацы, хацелася б яе пашырыць.

Таксама я буду працаваць над тым, каб дапамагаць беларускай моладзі атрымліваць дасяг да ВНУ ў Еўропе, да магчымасцяў, якія ёсць сёння ў еўрапейскіх краінах, каб даваць альтэрнатыву рэжыму.

Паводле Маргарыты Ворыхавай, нават у дэмакратычнай супольнасці не ўсе ўспрымаюць «моладзевае крыло» на роўных, часам адчуваецца патэрналісцкае стаўленне — маўляў, мы і самі былі маладыя і ведаем, што патрэбна моладзі.

— Але час мяняецца, мяняюцца абставіны, мяняецца моладзь і яе запыты, — заўважае палітык, — і таму ніхто, акрамя маладых людзей, не можа гаварыць за іх. Пры гэтым мы не гаворым, што ведаем усё лепш за іншых, мы адкрытыя да парадаў і прапаноў.

На працягу апошніх двух год, расказвае прадстаўніца АПК па справах моладзі, ініцыятыва «Рада» займалася таксама пытаннем маладых палітвязняў, аналізавала выклікі і праблемы, з якімі сутыкаюцца маладыя беларусы ў зняволенні, — і гэтую працу Ворыхава мяркуе працягнуць.

— Мая асабістая пазіцыя — я за вызваленне палітвязняў любым чынам. Таму што галоўная каштоўнасць — гэта людзі. Але…

Зараз пачынаецца шмат сварак на гэты конт: як вызваляць палітвязняў, перамаўляцца ці не перамаўляцца… Гэта вельмі сенсітыўная тэма. І мы спрачаемся наконт таго, чым павінны былі б займацца, над чым патрэбна працаваць. А для таго, каб працаваць, не патрэбныя публічныя размовы, трэба сесці і зрабіць. Як — ужо другое пытанне.

Мне падаецца, мы  спрабуем зноў атрымаць нейкія палітычныя балы на тым, на чым гэта рабіць проста нельга. Паўтаруся, мая пазіцыя — вызваляць, перамаўляцца, дасягаць. Сесці за стол перамоваў <з прадстаўнікамі рэжыму>? Так. Для мяне гэта нават не пытанне.

«Людзям дазваляюць вызваліцца толькі праз пакаянне. Аднак важна, што такая магчымасць ёсць»

Яшчэ адна прадстаўніца моладзевага крыла, былая палітзняволеная, дэлегатка КР ад фракцыі «Моладзевы наступ» Алана Гебрэмарыям дадае:

— Мы павінны зараз гаварыць пра вызваленне і рабіць гэта прыярытэтам. Таму што — дапамога палітзняволеным і сем’ям, рэабілітацыя экс-вязняў вельмі важная. Але мы бачылі сігналы Лукашэнкі, якія заўжды з’яўляюцца перад выбарамі: пра дыялог з Захадам, з ЗША, «мы гатовы», потым ён анансаваў выхад з вязніц людзей у крытычным стане — і разумелі, што трэба скарыстацца гэтым вакном магчымасцяў (калі не памыляюся, паводле закону аб амністыі яна дзейнічае каля 6 месяцаў, то бок, час абмежаваны).

Алана Гебрэмарыям

Таму на сустрэчах у ЗША — а гэтая паездка цалкам была прысвечаная палітвязням, іх падтрымцы — мы з каляжанкай Яўгеніяй Доўгай гаварылі пра тыя варыянты, якія ў тым ліку ЗША можа прапанаваць рэжыму, наўпрост і праз пасярэднікаў.

Пад кожную сустрэчу, якія адбыліся і з Дзярждэпам, і з Кангрэсам ЗША, і з праваабарончым сектарам, і з Балтымарскай арганізацыяй, якая займаецца міжнароднымі справамі — мы падладкоўваліся пад тых людзей, якія на іх прысутнічалі, пад узровень рашэнняў, якія яны могуць прымаць, і куды яны змогуць гэты пасыл перадаць.

Таксама мы сабралі меркаванні сваякоў палітзняволеных — у выглядзе лістоў, дзе яны распавядаюць пра сваіх блізкіх, іх стан і выказваюць свае прапановы, як яны бачаць гэты дыялог, відэазапісы ад экс-палітзняволеных — і перадалі іх амерыканскаму боку.

На самой справе, думаю, гэта былі карысныя сустрэчы — не глыбінныя, хутчэй пра агляд сітуацыі і перадачу мэсэджаў ад людзей, якія займаюцца гэтай тэмай, абмен кантактамі, — па сутнасці, першы крок па данясенні пазіцыі ад саміх вязняў.

Вельмі важна было данесці, што 19 вызваленых — гэта не канец працэсу, як шмат хто лічыць, у тым ліку ў дэмакратычным руху. У мяне ёсць дакладнае разуменне і інфармацыя, што працэс ідзе. У многіх калоніях (не буду зараз называць нумары) прыходзяць з прапановамі і памілавання, і прызнання віны, і ад’ездаў усёй сям’ёй з Беларусі назусім — і людзі пагаджаюцца, пагаджаюцца масава. Што нас чакае далей? Думаю, вызваленне людзей, больш чым 19 ужо вызваленых, у тым ліку і з гуманітарнага спісу.

Але ж — для кожнага гэта выбар, ці гатовы чалавек падпісаць прызнанне віны, ці не. І мы не гаворым: класна, крута, што такое адбываецца. Бо па сутнасці, людзям дазваляюць вызваліцца толькі праз пакаянне. Гэта няправільна, аднак, мяркую, важна, што такая магчымасць ёсць і людзі могуць ёй скарыстацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(8)