Общество
Юля Ружэчка

Гаварлівы паліцэйскі і маўклівы рэзанёр прэзентавалі супольны праект

3 лютага героі і аўтары кнігі “222 альбома беларускага року і ня толькі” сустрэліся з чытачамі і слухачамі. У Чырвоным касцёле прайшла прэзентацыя выдання, якое пабачыла свет два гады таму. Аўтары сапраўднай энцыклапедыі беларускай рок-музыкі журналісты Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй былі сапраўднымі гаспадарамі вечарыны. Чаму музычныя крытыкі адмаўляюць беларускія пашпарты і не з кожным гатовыя раздзяліць ключ ад хаты, а таксама пра сувязь беларускай музыкі і жыночай прыбіральні даведалася “Салідарнасць”.

У імпрэзе бралі ўдзел прадстаўнікі розных музычных пакаленняў ды напрамкаў: Алег Хаменка з гурта “Палац”, Андрэй Плясанаў (гурт P.L.A.N.), акустычны склад гурта Zigzag, Зміцер Бартосік, Зміцер Сідаровіч ( гурт Камэлот), Яраш Малішэўскі (праект Pete-Paff).

Нягледзячы на эпідэмію грыпа гледачоў у невялікай залі сабралося шмат.

— Першы эшэлон беларускага року не баіцца грыпу, — усміхаліся аўтары кнігі. Як высветлілася самі сябе яны называюць гаварлівым паліцэйскім і маўклівым рэзанёрам...

І аўтараў знакавага выдання, і музыкаў на працягу ўсяго канцэрта цягнула на ўспаміны, лірычныя адступленні ды розныя шчырасці. Выступоўцы па чарзе ўспаміналі пра тое, як ЗАГСы не хацелі рэгістраваць беларускія імёны іх дзетак, крытыкі дзяліліся сваімі разважаннямі пра сучасную музыку з Беларусі і лёс беларускай музыкі, звяртаючы ўвагу на адрозненне гэтых паняццяў. — Мы адмятаем пашпартны падыход да музыкі, — заявіў Анатоль Мельгуй, спасылаючыся на тое, што некаторых выканаўцаў нашай краіны звязвае з Беларуссю толькі адзнака ў пашпарце... А на пытанне з залі “Ці можна назваць беларускі рок мёртвым” адказ прагучаў адназначна: “Ён жывы!”

Лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка прызнаўся, што словы народнай песні “Праважала маці сына” яму давялося... прыдумляць самому, паколькі знайсці ўвесь тэкст песні не атрымалася.

Аўтары кнігі ахвотна выказваліся на тэму актуальных праблем нашага грамадства, адказваючы на запіскі з залі:

— Беларуская мова — ключ ад нашай хаты. Калі ключ будзе ва ўсіх, то не будзе ўжо хаты, — перайшоў да алегорый Вітаўт Мартыненка.

А пытанне пра беларускі хіт, які здолеў бы трапіць у афіцыйную ратацыю, выклікала яшчэ больш цікавыя асацыяцыі:

— Калі Вас не пускаюць у жаночую прыбіральню, значыцца Вы — мужчына. Адпаведна, Вам не трэба туды пранікаць... — з усмешкай запэўніў гаварлівы паліцэйскі айчыннага року.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)