Наталля Лубнеўская, Наша Нiва

Гаспадыня сэкс-шопа расказвае, як прасіла блаславення на краму ў бацюшкі

І якімі цацкамі любяць карыстацца беларусы.

— Прыйшла да нас аднойчы жанчына ў 45 год, уся такая прыгожая, забяспечаная, — са шлюбнага агенцтва. Ёй там параілі, што трэба супакоіцца, каб не шукаць мужчыну на гармонах. А для супакаення ўзяць вібратар, — дзеліцца гісторыяй Наталля Лапулік.

Уладальніца сэкс-шопа, яна штодзень сутыкаецца з людзьмі, якія хочуць палепшыць сваё інтымнае жыццё. Здаецца, для яе няма забароненых тэм.

Наталля расказала, як прасіла блаславення на сэкс-шоп у бацюшкі, рассылала каталогі з таварамі па вёсках, а таксама пра тое, якія цацкі і трэнінгі па сэксуальным здароўі ў беларусаў самыя папулярныя.

«Мама казала: ідзі пытайся ў бацюшкі, як табе жыць далей»

Наталля адвучылася на бухгалтара, але так ім не працавала: не яе. Куды больш ёй падабалася мець стасункі з людзьмі, чым са справаздачамі і лічбамі, вабіла сфера продажаў.

Інтымная тэматыка ўзнікла невыпадкова.

— У мяне ў школе быў прадмет, дзе нас навучалі адзяваць прэзерватыў. Хлопчыкі і дзяўчаты займаліся паасобку. Урокі ў нас вяла 60-гадовая настаўніца. Была яшчэ адна актывістка з ліку бацькоў, медык — яна ў нефармальнай абстаноўцы праводзіла сэксуальны лікбез, што дзе знаходзіцца. Дзякуючы ёй мы ўключыліся ў правільнае ўсведамленне сэксуальнасці — не тое, што можна пачытаць у эратычных кнігах ці паглядзець у порна, а з медыцынскага пункту гледжання: якія нашы дзеянні да чаго вядуць. Гэта было патрэбна.

Памятаю, дзяўчаты між сабой размаўлялі: «А калі зацяжарыш?» — «А, два мяхі падніму — і яно само ўсё выйдзе».

Яны навучалі, як зрабіць «прыродны аборт», — з жахам успамінае Наталля.

Прадаўцом у сэкс-шопах яна стала працаваць з 2006 года, а ў 2010-м адкрыла сваю краму.

— Мае бацькі спачатку не ведалі, дзе я працую. «Я прадаю духі, касметыку, цацкі, сувеніры». Па сутнасці, я казала праўду.

Але калі мая мама спрабавала рэкламаваць мяне сяброўкам: «Мая Наташка гандлюе сувенірамі, давайце, дзяўчаты, на Новы год замовім што-небудзь», — я ўлізвала ад гэтай тэмы. А потым з’ехала адпачываць, і да мамы дадому прыйшла накладная з найменнямі цацак.

І па прыездзе яна ўжо па кожнай прасіла справаздачу, што гэта. «Гэта сувенір, а гэта бірулька, а гэтым часам карыстаюцца жанчыны…» — тлумачыла я. Сваёй маме правесці лекцыю мне было нашмат складаней, чым староннім людзям.

Яна ў мяне праваслаўная, каля 15 гадоў служыць сястрой міласэрнасці. І мы паехалі з ёй у Ізраіль — гэта была група ад Елісавецінскага манастыра, нам выдзелілі асобна бацюшку.

Мама кажа: «Ідзі, пытайся, як табе жыць далей». Ну ладна. Я прыйшла, кажу: «Каюся, сэкс-шоп. Што рабіць?» Тады ён: «Гэта ж твой бізнэс? Прыбяры са сваёй крамы ўсё, што адносіцца да парнаграфіі, і пакінь тое, што тычыцца здароўя».

Мне давялося перагледзець увесь асартымент. Не істотна яго скараціла, працэнтаў на 5—10.

Я па кожнай цаццы магу патлумачыць, што з ёй зрабіць з карысцю для здароўя. Напрыклад, цяпер у мяне новы кірунак — лазні. Там мы таксама развіваем адчувальнасць, адкрытасць. Прыязджала жанчына і давала майстар-клас па масажы нагайкай — гэта плётка, якая выкарыстоўваецца ў БДСМе.

Аздараўленчыя сэкс-цацкі — гэта не жарт. Наталля расказвае, як бачыла ў дзяржаўным санаторыі кабінет вібратэрапіі. А ў адным мінскім медцэнтры ўсім мужчынам пасля 35 рэкамендалі масаж вакуумнай помпай.

«Мужчыны вельмі прасілі бэушныя трусікі прадаць»

Гаспадыня крамы ўспамінае вясёлыя выпадкі, з якімі сутыкалася ў практыцы.

— Калі я толькі пачала працаваць у сэкс-шопе, то, па сутнасці, у мяне была псіхалагічная дапамога па тэлефоне. Для таго, каб ведаць, як працуе цацка — я ж не магу сама ўсё паспрабаваць, — мне трэба было завязваць гутарку, вельмі блізкую, і прасіць пакупнікоў потым расказаць пра ўражанні. І мужчыны часта тэлефанавалі, даходзіла ажно да таго, што праз 15 хвілін пасля сэксу яны беглі ў ванную і набіралі мяне. Расказвалі, як адрэагавала жанчына, і пыталіся, што рабіць далей.

А потым быў перыяд, калі мы далі рэкламу ў газету, і вельмі шмат чалавек стала тэлефанаваць з вёсак. Некаторыя думалі, што гэта сэкс па тэлефоне.

І калі я адказвала на чарговы званок, мяне распытвалі, а потым чуліся ахі-ўздыхі, думала: блін, зноў абканчалі. Дзяўчаты прыдумалі: а давай за гэта грошы браць. Калі былі ў гуморы, гутарылі з кліентамі. Прасілі за гэта скінуць 5—10 рублёў на тэлефон. Мы гэтым не зараблялі, проста гуляліся. Але людзі пасля набывалі цацку і расказвалі, як яны яе выкарыстоўваюць. І было столькі нестандартных спосабаў! Я гэтыя гісторыі цяпер уключаю ў экскурсію і запальваю фантазію людзей, яны нясуць дадому не цацку, а сцэнар.

Яшчэ гадоў 10 таму, калі мы па вёсках высылалі каталогі, мужчыны вельмі прасілі бэушныя трусікі прадаць. І прытым плацілі за іх вельмі дорага. Я не прадавала, але ў нас была адна бландзінка, якая была гатовая: «А што, мне не шкада».

«У мяне жонка, тры каханкі, і для кожнай патрэбны падарунак, а то пакрыўдзяцца»

80% асартыменту крамы — жаночыя тавары. Але па пакупкі часцей прыходзяць мужчыны.

— Бо, па-першае, яны плацежаздольныя, па-другое, заўсёды ідуць на рэкорд — вышэй, мацней, хутчэй, — тлумачыць Наталля. — І мужчыны вельмі любяць дарыць падарункі. Жанчына для іх як айфон: можна ж да яе купіць дадатак, і яна інакш будзе функцыянаваць — іншая рэакцыя падчас сэксу.

Раней, калі я працавала на краму падарункаў «Экспедыцыя», там быў пульт кіравання жонкай. Калі я даведалася пра гэта, падумала: «Крута! А што ён робіць?» І расчаравалася, бо там усяго толькі была каробачка ад пульта з надпісамі. Дык вось цяпер у сэкс-шопе у мяне ёсць пульт, які насамрэч працуе. Мужчына адкрывае свой мабільны дадатак, гаворыць туды, а ў жанчыне стаіць вібракуля, якая перадае вібрацыі. І так жанчына можа разумець розныя каманды.

Наталля з калегамі

Некаторыя ўпрыгожваюць сваю каханую, як ёлачку. Тут не важны крытэрый зручнасці. Вось жанчыны да нас прыходзяць па бялізну: «А ў вас бавоўна?» Кажу: «Ведаеце, у нас не для штодзённай носкі, а для прыгожых эратычных вечароў, каб вы маглі прадэфіліраваць перад мужчынам». А заходзіць мужчына: «О, крута, пеньюарчык, ажурчык». Ён пад сябе выбірае, на што яму глядзець. Адзін з пакупнікоў сказаў: гэта маё праяўленне кахання.

А іншыя прыходзяць: «Так, у мяне жонка, тры каханкі, і для кожнай патрэбны падарунак, а то пакрыўдзяцца. Выберыце што-небудзь для маіх дзяўчат і вітамінкі мне для бадзёрасці».

Самыя папулярныя тавары ў сэкс-шопе — гэта змазкі, бо яны ідуць у дадатак да ўсяго. На другім месцы вібратары — хайтэкаўскі, не анатамічнага выгляду: яркіх колераў, са згібам на зону G, з пультам кіравання. Пяць гадоў таму самай папулярнай была рэалістычная лінейка, а цяпер да гэтага стэлажа практычна ніхто не падыходзіць.

У некаторых фалаімітатараў, дарэчы, ёсць імёны — Васіль, Мікалай. Самага вялікага завуць Алег.

— Мужчына прыходзіць або за самым вялікім і тоўстым, або за такім, як свой. І ўсё, маленькіх не бяруць. Калі жанчыны купляюць, то глядзяць на сярэдні па памеры і абіраюць яго ці меншы», — дзеліцца Наталля. Усміхаецца, што фалаімітатары часта дораць бухгалтарам.

А вось надзіманых лялек бяруць хіба што на вечарынкі і хлапечнікі — па прыколе.

— Каб яе рэальна выкарыстоўвалі, я не бачыла. Лялькі прадаваліся, але былі вялікай рэдкасцю, бо яны такія ўсё страшненькія. Можна купіць копію з кіберскуры, яна каля тысячы даляраў каштуе, але яна маленькая, метр ростам. Атрымліваецца, ты купляеш сабе дзіця? Ну гэта дзіўна.

«Самыя запатрабаваныя трэнінгі — па інтымнай гімнастыцы і па аральных тэхніках»

Самы вялікі страх пакупніц — згубіць цацку ўнутры сябе.

— Я ўжо не здзіўляюся такім пытанням. У мяне ёсць кніжачка па анатоміі, я паказваю на карцінцы, што цаццы няма куды дзявацца, — расказвае Наталля.

Сама яна сэкс-таварамі таксама карыстаецца.

— У мяне раней было шмат цацак. Потым пакінула толькі тое, што дапамагае развіваць адчувальнасць, падтрымліваць здароўе. У мяне дзве каробачкі: адна рэдкая, а адна — прыложкавая.

Неяк я распрадавала свае цацкі па даляры, было цікава, хто прыедзе. Прыходзілі нават дызайнеры: яны выбіралі фалаімітатар з тым улікам, каб зрабіць з яго кручок для ваннай — ім заказалі эратычны інтэр’ер кватэры.

Гаспадыня дзеліцца, што ёй важна не проста прадаваць цацкі для забавы, а дапамагаць чалавеку вырашаць праблему, якая прывяла яго ў сэкс-шоп, прасоўваць тэму сэксуальнага здароўя. Таму у краме праводзяць розныя трэнінгі. Самыя запатрабаваныя — па інтымнай гімнастыцы (бо многія жанчыны прыходзяць пасля родаў) і па аральных тэхніках.

— Мы расказваем, што на языку ёсць рэфлекторныя зоны — і тым, што вы робіце мінет, вы сабе павышаеце імунітэт. Прафілактыка ВРВІ! Калі вы кайфуеце ад мужчыны, у яго ўзровень упэўненасці расце, распрамляюцца плечы і на яго можна ўскласці больш адказнасці. І ён падымаецца па кар’ернай лесвіцы.

А мужчыне мы расказваем пра цыкл. Навошта яму ведаць усё пра месячныя? Каб разумець, калі жанчына будзе ў гуморы, наколькі яна актыўная будзе ў сэксе. Для таго, каб ведаць, што рабіць у ложку і як дагадзіць партнёрцы, трэба ведаць, у якім перыядзе свайго цыкла яна знаходзіцца. Самы пік актыўнасці — працэс авуляцыі.

Да нас прыходзяць людзі ў 35, 40 год, якія наноў пачынаюць сябе вывучаць. Мы дзелімся, як ва ўжо існуючай пары выйсці на новы віток. У пастаянных адносінах людзі раскрываюцца шматграннасцю.

Пакуль мы навучаем дарослых, але мне цікава дайсці да той тэмы, з якой маё жыццё пачыналася, — каб пабольш было сэксолагаў у краіне, каб культура развівалася, каб не дарослых перавучвалі, а ў дзяцей фарміравалі правільную псіхалогію сэксуальнасці.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.8 (оценок:19)