Комментарии
Валер Каврбалевіч, Радыё Свабода

«Гаспадары рынкаў, як і ІП, дзейнічаюць паводле прынцыпу: будзем паміраць, але ціха»

Гучыць нямала разважаньняў пра тое, што можа абурыць беларусаў.

Даволі распаўсюджаная думка, што беларускія грамадзяне ня будуць пратэставаць з-за каштоўнасьцяў, але калі закрануць іхнія матэрыяльныя інтарэсы, то тады нікому мала не падасца.

Гэтыя развагі варта прыгадаць цяпер, калі на вачах разгортваецца драма індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Ня першы раз улада імкнецца выштурхаць гэты сацыяльны слой з эканомікі краіны. І ўвесь час ІП актыўна пратэставалі. Упершыню гэта адбылося яшчэ ў далёкім 2000 годзе. Канфліктам спадарожнічалі страйкі, шматтысячныя мітынгі, шэсьці да мясцовых выканкамаў, галадоўкі. Адзін раз у 2005 годзе нават перакрылі рух на галоўным праспэкце Менску, была спроба прарвацца да Адміністрацыі прэзыдэнта. І амаль заўсёды акцыі пратэсту заканчваліся тым, што ўлады саступалі, частку патрабаваньняў ІП задавальнялі.

Цяпер гаворка ідзе фактычна пра ліквідацыю ІП як клясы. Здавалася б, і адказ прадпрымальнікаў будзе адпаведны. Але ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот.

Чытаючы рэпартажы журналістаў незалежных мэдыяў з рынкаў пасьля Новага году, я зьвярнуў увагу вось на якую акалічнасьць. ІП адмаўляюцца кантактаваць з прадстаўнікамі СМІ, катэгарычна ня хочуць, каб іх здымалі на камэру, фатаграфавалі. Нават баяцца даваць інтэрвію, нешта камэнтаваць. Рэдкія прадпрымальнікі гатовыя нешта сказаць ананімна, пры ўмове, што іхнія прозьвішчы ні ў якім разе ня будуць названыя.

Здавалася б, чаго вы баіцеся? Самае непрыемнае ў вашым бізнэсе ўжо здарылася. Вас штучна выкідваюць з рынкаў, пазбаўляюць магчымасьці працаваць, зарабляць. У такой сытуацыі чаго яшчэ можна баяцца, што можа здарыцца горшае? Але не — маўчаць, «каб чаго ня выйшла».

Журналістка «Народнай волі» апавядае, як на яе ўчынілі літаральна паляваньне ахоўнікі на рынку «Ждановічы» і на «Экспабеле», як толькі яна там зьявілася («Народная воля», 09.01.2015, № 2). Парадокс сытуацыі ў тым, што ў выніку прэзыдэнцкага ўказу № 222 ня толькі ІП страцяць магчымасьць працаваць, але і гаспадары рынкаў рызыкуюць стаць банкрутамі. Бо калі прадпрымальнікі сыдуць, то хто будзе плаціць арэндную плату?

 Вось, напрыклад, дырэктар Чэрвеньскага рынку Генадзь Фінскі ў камэнтары журналісту «Нашай нівы» кажа: «Магу сказаць, што калі праект указу ў бліжэйшы час ня будзе зьменены, то мы, арганізацыя „Чэрвеньскі рынак“, будзем падаваць на банкруцтва, паколькі ня зможам плаціць па рахунках». Тым ня менш у сваёй большасьці гаспадары рынкаў, як і ІП, дзейнічаюць паводле прынцыпу: будзем паміраць, але ціха.

Даволі паказальным стаў Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў 11 студзеня. Найбольшы водгук у залі выклікала прапанова прадпрымальніцы Сьвятланы Калачовай з Гомеля, якая зьвярнулася да Лукашэнкі: «Вам фальшыва чыноўнікі прадстаўляюць інфармацыю. Каму выгадна сутыкаць ваш народ з уладай? Аляксандар Рыгоравіч, умяшайцеся ў сытуацыю. Пачуйце нас, калі ласка».

Калі вядомы актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў прапанаваў дзейнічаць больш рашуча і 18 студзеня правесьці мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, грамада яго не падтрымала. Больш за тое, кіраўнік арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка прапанаваў вывесьці Макаева з залі, аўдыторыя ўхваліла такі заклік. «Гэта подла... Гэта правакатары і падонкі», — заявіў Шумчанка.

На форум зьявілася Тацяна Караткевіч, якая не заклікала ні да якай Плошчы. Але ад імя Шумчанкі адміністратарка папрасіла і Макаева, і Караткевіч выйсьці з залі. Барані божа, ніякай палітыкі.

Падаецца, нешта фатальна незваротнае адбываецца ў беларускім грамадзтве. І сытуацыя з ІП — толькі красамоўная ілюстрацыя да гэтага працэсу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)