Гаруновіч: «У аўторак Івулін перажываў, што Бахар падтрымаў рэжым, а ў чацвер рэжым пасадзіў Івуліна»

Пра крыўду міліцыянта і Сашаву маму.

Главный редактор Трибуны Алег Гаруновіч – пра тое, як сталеюць дарослыя і дзеці.

У вачах міліцыянта я бачу крыўду і гнеў. Да гэтага ён быў абыякава мітуслівым, а стаў – зусім ужо няветлівым. Толькі што дзяжурны ў аператыўнай частцы РУУС Фрунзенскага раёна Мінска паведаміў мне, што ніякага Івуліна ў іх няма і не было. Неяк аўтаматычна, без аніякай кпіны, я ўдакладніў: вам можна верыць? І вось тады міліцыянт разнерваваўся, і адчулася ў яго позірку нейкая пагроза:

– Я что, на каком-то иностранном языке разговариваю? Или вы плохо слышите?

На слых я не скарджуся, у веданні нейкай замежнай мовы міліцыянта, вядома, не віначаву, таму проста дзякую і сыходжу. Магчыма, Сашу і патрэбная была кампанія, але яго і так узялі не аднаго, а разам з земляком Яраславам Пісарэнкам – яшчэ адным мужным аршанцам, які пасля выбараў у знак пратэсту кінуў добра аплачваемую працу на дзяржтэлебачанні.

Маё ўдакладненне на адрас дзяжурнага ўсё ж такі не было выпадковым, а мела пад сабой падставы. За апошні час мы столькі ўсяго наслухаліся пра беларускую міліцыю, што ўжо нават цяжка зразумець, чаму тут верыць. Напрыклад, карэспандэнту «Трыбуны» Дзмітрыю Руто, якога схапілі за футбольны шалік у машыне, міліцыянты казалі, што ў пастарунку ён правядзе пару гадзін, а ў выніку – далі 15 сутак.

Калега з газеты «Беларусы і рынак» ужо адбыў свой арышт і распавядае такую гісторыю: у той час, як ён сядзеў у нейкім РУУС і чакаў пратакола, міліцыянты ў вочы казалі сваякам, што журналіста ў РУУС няма. І нават аргумент у выглядзе геалакацыі, якую паспеў скінуць хлопец, не дзейнічаў.

Ужо не раз чуў гісторыі нават пра яшчэ больш дзіўныя рэчы. Быццам міліцыянты прыходзяць да кагосьці ў кватэру, самі вывешваюць БЧБ на акно, фатаграфуюць, а гаспадароў арыштоўваюць. Далібог, такога не можа быць, але людзі кажуць.

І Івуліну з Пісарэнкам, якія зніклі у чацвер удзень, а знайшліся толькі ўвечары на Акрэсціна, паставілі ў віну бел-чырвона-белы сцяг на балконе. Саша ў судзе казаў, што там нічога не вісела, панятыя нічога такога не бачылі, але суддзі Юліі Блізнюк нават сведкі не спатрэбіліся і нейкія дадатковыя доказы акрамя сведчання аператыўніка-падпалкоўніка (дзіўна, што Івуліным займаўся не генерал). Пастанова – 30 сутак арышту, а яго сябру Пісарэнку – 15.

Тое, што арышт можа здарыцца, мы абмяркоўвалі з Сашам ад жніўня мінулага года, бо пасля выбараў можа здарыцца ўсё што заўгодна, як здарыліся 80 працэнтаў за Лукашэнку. Верагоднасць стала надзвычайна матэрыяльнай пасля таго, як Івуліна затрымалі ў лістападзе каля станцыі метро «Пушкінская», калі ў Мінску праходзіў марш у гонар Рамана Бандарэнкі.

Ад скорага суда Сашу тады выратаваў каранавірус (напэўна, мала еў частнаку), таму ў нас была магчымасць абмеркаваць арыштанцкія перспектывы. Кожны выказваў сваё ідэальнае бачанне, як лепш бавіць час на Акрэсціна. Я казаў, што добра б было, каб у сукамерніках аказаўся які трэнер па боксе (выбачайце, трэнеры па боксе, не жадаю вам нічога кепскага), а то ўсё ніяк не пачну хадзіць на трэніроўкі.

Саша – хлопец больш міралюбiвы, таму збіраўся адбываць гіпатэтычнае на той момант паракаранне, набраўшы як мага больш кніг. Што ж, для калегі ў мяне дрэнныя навіны. Кажуць, кнігі палітычным зараз на Акрэсціна не даюць. Хаця і для сябе, калі што, навіны маю не надта добрыя. Кажуць, што людзей у камерах так багата, што там не тое што баксаваць, а проста сядзець складана.

Але, можа, і маняць. Маняць тыя, хто паддаўся ўздзеянню дэструктыўных чатаў (каб іх халера) і перастаў верыць – зусім дарэмна! – беларускай міліцыі. Хаця вось што бянтэжыць. Як сваякі і калегі не спрабавалі даведацца, хто затрымаў Івуліна і Пісарэнку, за што, куды іх адвезлі – вельмі доўга нічога не атрымлівалася. Хаця і сваякі з калегамі могуць маніць, натуральна.

У апошні перад арыштам раз я бачыў Сашу ў аўторак, 1 чэрвеня, у той дзень, як «добрыя людзі» быццам бы па званку «неабыякавых людзей» узялі Дзмітрыя Руто. Саша расказваў, што набраў у «Крумкачах» прыстойную форму, калі параўноўваць з тым, што было напачатку. Дзяліўся адчуваннем, што хутка выйдзе на поле ў афіцыйным матчы. Вось гэтага шкада больш за ўсё – Сашавых намаганняў на трэніроўках. За кратамі форму ён згубіць, тут няма сумневу, а вось што не згубіць сябе – у гэтым я амаль ўпэўнены.

Яшчэ Саша дзівіўся новай партыі футбалістаў, якая падпісалася за Лукашэнку. У аўторак мы толькі даведаліся пра гэта, таму эмоцыі былі асабліва вострымі. Але неяк асабліва Івулін перажываў за Ваню Бахара, які, здаецца, падтрымліваў улетку і ўвосень пратэст, а па факце сваім подпісам падтрымаў сістэму, якая зняволіла Руто, а праз пару дзён закусіла самім Івуліным.

Подпісам Бахара Івулін быў агаломшаны, бо пачаў ставіцца да яго з вялікай павагай пасля сумеснага чэленджа, і ўсур’ёз казаў, што не ведае, як пісаць пра беларускі футбол, калі скончыцца ягоная ўласная футбольная эпапея. Добры варыянт – стаць профі і пісаць пра сябе, але такой парады даць Івуліну я адразу не даўмеўся. Параю, як пабачымся наступным разам.

Вось дзе дакладна няма маны, дык гэта ў голасе Сашавай мамы. Там чуецца хваляванне, але і цвёрдасць, намер трымаць сябе ў руках. Гэта сапраўды подзвіг, бо я ведаю, што было раней. Увосені Сашава мама многа плакала, пакуль сын чакаў суда. Нявызначанасць так пужала, што жанчына казала штосьці такое: лепш бы табе далі якія суткі, каб міліцыя адчапілася.

Зараз мітусні ў Сашавай мамы значна менш. Бачна, што чалавек набыў досвед у такіх справах. Мама ведае, што калі вязуць на Акрэсціна ў ІЧУ – то гэта можа быць намёкам на крымінальную справу, а калі там змяшчаюць у ЦІП – то гэта, хутчэй, адміністратыўка. Пастанова па адміністратыўцы – гэта лепш, чым абвінавачванні па крыміналцы, і калі пасадзілі ўжо па адміністратыўцы, то, магчыма, крыміналкі ўжо і не будзе, хаця не факт.

Зараз час, калі сталеюць не толькі дзеці, але і іх ужо досыць сталыя бацькі.

На Сашаву непрыемнасць адгукнуліся многія людзі, і гэта вельмі цешыць. Ужо дзевяць месяцаў беларусаў спрабуюць прымусіць паверыць у тое, што ім ніхто не дапаможа. Дакладней, што мы самі сабе не дапаможам. Што калі нешта адбудзецца, то мы застанемся са сваёй бядой сам-насам, што на нашы цяжкасці ўсім пляваць. Ну вось як дзяржава плявала на каранавірусную пагрозу, так і звычайныя людзі быццам плявалі адзін на аднаго.

На шчасце, шмат сведчанняў адваротнага. Бяда не прыходзіць адна – з ёй прыходзяць беларусы, якія гатовыя дапамагчы. Такая выкрышталізоўваецца новая мудрасць.

Магчыма, не вельмі добра казаць за Івуліна, але мне здаецца, што ўсёй дапамогі, якую яму прапануюць, аж занадта на аднаго чалавека. І нават на трох з улікам Ярыка Пісарэнкі і Дзмітрыя Руто гэта перабор. Але не варта душыць у сабе высакародныя пазовы. Паглядзіце па баках, пачытайце навіны – і вы абавязкова знойдзеце, каму дапамагчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)