Гаруновіч: «Не ведаю, чаго беларускія тэлевізіёншчыкі мучаюцца з бела-чырвона-белымі сцягамі?»

Галоўны рэдактар Трыбуны — пра магчымасць нагадаць свету пра Беларусь.

— Не ведаю, чаго беларускія тэлевізіёншчыкі мучаюцца з бела-чырвона-белымі сцягамі, бо ёсць жа досыць надзейны досвед у іх калег-іранцаў — паказваць спаборніцтвы са спазненнем на хвіліну, — піша Алег Гаруновіч. —  Рэжым аятолаў баіцца то аголеных жаночых ног, то нейкіх сымбалаў, вось там і прыдумалі, як не прапусціць «забаронку» ў эфір. А ў нас гэты БЧБ усё мазоліць і мазоліць вочы. Хаця, ведаеце, мне падабаецца.

Вось жа гэтая меншасць, якая супраць Лукашэнкі і якая хоча жыць па еўрапейскіх стандартах. Ужо больш за 500 палітвязняў — здаецца, усіх пасадзілі (прапаганда ж казала, што сотні на вуліцу і выходзяць). Але ж – яны працягваюць партызаніць у розных гарадах, і пры гэтым тысячамі з’язджаюць за мяжу. І яшчэ лезуць з гэтым БЧБ у камеры. Як пабачыш чырвона-зялёную большасць на трыбунах якіх спаборніцтваў, дык рэдка памылішся, сказаўшы: гэта прадстаўнік афіцыйнай дэлегацыі, які чыноўнік або функцыянер з федэрацыі.

Вось як на Еўрабаскеце – з БЧБ стаялі звычайныя дзяўчыны, а з КЗ – памочніца старшыні федэрацыі баскетбола Беларусі Марыніна і супрацоўнік амбасады Лукашэнкі ў Іспаніі. Першая група асобаў – гэта беларусы ў двукоссі (так напісала амбасада на сваёй старонцы ў ФБ), а другая група – эліта і цвет нацыі (проста робім такую выснову).

Увогуле, зараз можна дакладна сфармуляваць адзін з пунктаў належных паводзінаў сапраўднага спартыўнага заўзятара з Беларусі. Прыйшоў за мяжой на трыбуну – узяў з сабой БЧБ-сцяг, і пажадана – сеў насупраць камеры. Пакуль мы не ў Іране, і такая тактыка дае пэўны плён, трымае нерв.

Калі раптам хто ходзіць на матчы Еўра, ці мае намер наведцаць ігры Еўрабаскета або нейкія іншыя спаборніцтвы, не забывайцеся пра гэты добраахвотны абавязак заўзятара – нагадаваць свету пра Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(73)