Комментарии
Севярын Квяткоўскі, Радыё Свабода

Гарадавы як правакатар

Міліцэйскі генэрал Аляксандар Барсукоў назваў скульптуру расейскага царскага гарадавога «сьвятым месцам». Параўнаў яе з манумэнтам на плошчы Перамогі. А ў якасьці дадатковага аргумэнту дадаў, што сам служыць у міліцыі больш за 30 гадоў.

Малады чалавек з паўстанцкім прозьвішчам Касінераў накінуў пятлю на шыю бронзаваму расейскаму паліцыянту. Не адбіў кавалак, не абліў фарбай. Зрабіў сымбалічны акт непрыняцьця ў форме пэрформансу. І цяпер яму пагражае да трох гадоў турмы.

Генэрал Барсукоў відавочна ўяўляў, што сьвяты для яго расейскі гарадавы для кагосьці сымбалізуе ўладу, «якая прыгнятала простых людзей», як вучылі яшчэ ў савецкай школе. А для кагосьці царскі жандар — сымбаль улады, якая акупавала і калянізавала Беларусь.

Гарадавы ня ўпісваецца ў постсавецкую рыторыку, якая пануе ў афіцыйнай Беларусі, і рэзка супярэчыць ідэі незалежнай Беларусі. Царскі паліцыянт правакуе як мінімум сацыяльную варажнечу.

Дакладней, не мэталічная фігура, а МУС правакуе. Калі ўлічыць, што скульптуру адкрываў міністар Ігар Шуневіч, можна меркаваць, што яму асабіста дарагі гэты праект. А таму за скульптурай вядзецца кругласуткавае назіраньне. Тым больш што яна стаіць акурат насупраць будынка МУС.

Чым кіраваўся міністар, калі падпісваў рашэньне пра стварэньне скульптуры, цяжка сказаць. Мая вэрсія такая. Міліцыянт-бальшавік выглядаў бы занадта адыёзна. А гарадавы — быццам нэўтральна. Быццам.

Проста Ігар Шуневіч вучыўся ў школе ў Луганскай вобласьці ў часы брэжнеўскага застою і ня ведае, што ў Беларусі быў культ Каліноўскага, касінераў ды іхнай барацьбы з расейскім царызмам. Туды ж і бамбіст Ігнат Грынявіцкі, туды ж усе іншыя, хто змагаўся супраць расейскага царызму.

Што да параўнаньня Аляксандрам Барсуковым скульптуры гарадавога з помнікам на плошчы Перамогі, яно гучыць як блюзьнерства. Там манумэнт мільёнам палеглых у страшнай вайне. А тут... А чым дэ-факта ёсьць скульптура расейскага царскага паліцыянта побач зь Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь?

Дэ-факта — гэта гарадзкая скульптура, якіх дзясяткі па ўсім Менску. Гарадавы па сваёй гістарычнай і мастацкай вартасьці нічым ня лепшы за «дзяўчынку з парасонам» ці «даму на лаўцы» ў Міхайлаўскім сквэры ці «цётку зь семкамі» ля галоўнага ўваходу на Камароўскі рынак у Менску.

Уявіце, што хтосьці накіне на скульптурную выяву цёткі зь семкамі пятлю. Выйдуць работнікі рынку і скажуць: «Для нас гэта сьвятое месца! Мы тут больш за трыццаць гадоў працуем! Пасадзіце хулігана на тры гады ў турму!».

Міліцыя нікога лавіць ня будзе. А за гарадавога злавілі, вінавацяць у хуліганстве, адмаўляючы ў пэрформансе і выказваньні грамадзянскай пазыцыі, і «шыюць» справу на тры гады.

Інакш як асабістай помстай Вячаславу Касінераву я сытуацыю патлумачыць не магу.

І так, помсьцячы, МУС стварае новага палітычнага вязьня ў Беларусі. Бо за пэрформансы ў вольным сьвеце ў турму не саджаюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)