Общество

Ганьне Севярынец не працягнулі кантракт у гімназіі. Празь верш пра Колю

Настаўніца працуе ў Смалявіцкай раённай гімназіі. Кажа, што дачыненьні з кіраўніцтвам заўсёды былі добрыя, пiша Радыё Свабода.

 — [Дырэктар] сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сыстэмы адукацыі, але я ня маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача — абслугоўваць ідэалёгію, якая ёсьць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць, — кажа Ганна Севярынец.

— Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэньне, працягваць ці не працягваць кантракт, — адказаў Радыё Свабода дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Дубаневіч на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з Ганнай Севярынец. — Больш нічога на гэты конт камэнтаваць ня буду.

Верш Ганны Севярынец «А я за вас не галасавала ніколі» быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 6 чэрвеня.

5-гадовы працоўны кантракт Ганны Севярынец заканчваецца 17 жніўня.

— Я доўга думала, ці рабіць гэтую сытуацыю публічнай, — тлумачыць Ганна, чаму рашылася расказаць пра гэта. — Але пасьля я зразумела, што калі нічога не скажу і проста ў верасьні перайду на іншую працу, то дзецям ці мала што скажуць — «звольнілася, знайшла лепшае». Толькі гэтая думка мяне насамрэч прымусіла выказацца, бо я разумею, што назад дарогі няма. На жаль, бо я б, вядома, да дзяцей вярнулася. Але я проста не хачу, каб дзеці думалі, што я іх «прамяняла на нешта».

Яна кажа, што пасьля таго як людзі даведаліся пра яе звальненьне, прапановы працы паступаюць:

— Але для мяне тут галоўнае, каб дзеці разумелі, што я іх ня кінула.

Ганна Севярынец — настаўніца, пісьменьніца, дасьледніца, аўтарка некалькіх кніг з гісторыі беларускай літаратуры.