Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё, фота з архіва Лявона Вольскага і Вольгі Бабак

«Ганна Вольская — такая ж знакавая для нашай культуры асоба, як і Лявон»

23 сакавіка пайшла з жыцця Ганна Вольская. Чалавек, які заўжды цягам 20 гадоў стаяў побач з Лявонам Вольскім. Ганне было толькі 40 гадоў. З іх амаль 20 гадоў мы былі знаёмыя — з часоў працы на «Радыё 101.2». Менавіта там яна пазнаёмілася з Лявонам, стваральнікам праграмы «Квадракола». І стала яму не толькі жонкай, але і музычным дырэктарам.

Прычым, ёй удавалася вельмі добра спалучаць гэта, дзеліцца ўспамінамі сябра Ганны Вольскай, прадзюсар гурта «Трубяцкі» Яўген Калмыкоў.

«Гэта ўвогуле вельмі рэдкі выпадак, калі жонка з’яўляецца і сябрам, і крутым персанал-менеджарам. Гэта вельмі рэдкая якасць, і я нават іншых такіх прыкладаў не ведаю. Увогуле, Ганна — гэта набор станоўчых якасцяў: разумная, прыгожая, абаяльная, вясёлая, кампанейская, прафесійная. А яшчэ вельмі мужная. Я ёй да апошняга часу ўсё кампліменты рабіў, казаў, як яна добра выглядае, а яна ніводным словам ці эмоцыяй не выдала сваёй хваробы».

Абаяльнасць і працаздольнасць Ганны найперш прыгадвае і былы галоўны рэдактар «Радыё 101.2», экс-старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў», сябрам якой была Вольская, Жанна Літвіна:

«Абаяльная жанчына. І гэта не высокія словы з нагоды такой трагедыі, а вельмі шчыра. Гэтая прыгажосць знешняя была і прыгажосцю душы. Толькі чалавек са светлай душой мог прысвяціць усё сваё жыццё вырашэнню і нейкіх праблем, звязаных з канцэртамі Лявона — яна была яго і правай, і левай рукой, самым блізкім, як мне падаецца, сябрам, дарадцам, любімай жанчынай. У душы з нагоды такой трагедыі толькі боль».

Калектыў «Радыё 101.2»

Пра вялікую ролю Ганны ў здзяйсненні творчых задум Лявона кажа і бас-гітарыст гурта «Крамбамбуля» і «Трубяцкі» Алесь-Францішак Мышкевіч. І таксама адзначае пазітыў Ганны:

«Вырашаліся ў яе пытанні неяк так: ну, калі там нешта будзе кепскае — нічога, мы пройдзем гэта і далей будзе лепш. То бок, яна на праблемы пазірала, усміхаючыся. Гэта чапляла і падкупляла. Такая добрая рыса ў характары. Пазітыўным чалавекам была, заўсёды пазітыўным».

Сяброўка Ганны, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская адзначае вялікую ролю Вольскай для сучаснай беларускай культуры:

«Я б вельмі хацела, каб Ганну Вольскую ўзгадвалі не толькі і не столькі як жонку Лявона, а менавіта як чалавека, які натхняў, і дзякуючы якому шмат якія праекты ў Лявона атрымліваліся. І я думаю, што і яшчэ будуць здзейсненыя, бо ў яе было вельмі шмат задумаў і планаў. Яна была і маторам, і натхняльнікам, і крэатыўным чалавекам, які падказваў вельмі адметныя і цікавыя рашэнні. І таму мне падаецца, што Ганна такая ж знакавая для нашай культуры асоба, як і сам Лявон Вольскі».

Планаў у Ганны на будучыню і сапраўды было шмат. Да прыкладу, яны з Лявонам збіраліся ў адпачынак летам, квіткі нават былі ўжо замоўленыя, распавядае Еўрарадыё сяброўка Ганны і Лявона Вольскіх Вольга Бабак. Па словах Вольгі, у мінулы чацвер Ганну забрала ў шпіталь «хуткая дапамога», яе завезлі ў гастраэнтаралагічнае аддзяленне другой клінічнай бальніцы Мінска. Там Ганна праляжала да нядзелі, але пагаршэнне ішло імкліва. Няўжо такую хваробу можна было не заўважыць і няўжо жанчыне немагчыма было дапамагчы?

Вольга Бабак: «Яна была вельмі моцным чалавекам, і таму я цалкам веру ў тое, што яны абодва былі перакананыя Ганнай, што ў яе будзе ўсё добра. Яна нават ніводнага курсу хіміятэрапіі не прайшла. Я асабіста гутарыла ў нядзелю з дзяжурным доктарам, які паказаў мне вынікі аналізаў, што паспелі зрабіць Ганне пасля таго, як яна трапіла ў шпіталь. Яны не пакідалі надзеі на тое, што на гэтай стадыі можна хоць што-небудзь зрабіць, акрамя абязбольвання».

І лекары пайшлі насустрач — вельмі хутка прапісалі ёй морфій. І гэта было прызнаннем таго, што ўжо насамрэч дапамагчы яны хворай ніяк не могуць. Не дапамагло б Ганне і лячэнне за мяжой.

«Гэта было ўжо запозна. Ёй любы рух і нават дотык прычыняў вельмі шмат пакутаў. Таму ні пра якую перавозку нават гаворкі не ішло — яна б яе не перажыла», — кажа сяброўка Ганны Вольскай.

Вольга не ведае, калі дакладна ў Ганны выявілі рак малочнай залозы, але кажа, што пухліна прагрэсавала ў яе як мінімум год. Вось толькі «проста ляжаць у лякарні і паміраць» Ганна не жадала...

Ганну Вольскую пахаваюць 24 сакавіка ў Заслаўі. Перад пахаваннем, з 11-й да 13-й гадзіны на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску пройдзе грамадзянская паніхіда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)