Ганна Севярынец: «Як толькі часы пераменяцца, беларусы вернуцца»
Вядомая настаўніца – пра ўрокі, траўмы і спадзевы мінулага года.
Пісьменніца і настаўніца Ганна Свеярынец падзялілася ў эфіры «Еўрарадыё» развагамі пра тое, як мірныя пратэсты змянілі беларусаў і краіну.
– Увесь гэты год – адзін з самых складаных перыядаў, якія выпадаюць на долю не кожнага пакалення. Гэта прыкладна тыя часы, пра якія кітайцы кажуць «Не дай табе Бог жыць у эпоху пераменаў». Да яго немагчыма быць гатовым – бо гэта патрабуе ўнутраных сілаў, аналітычных здольнасцяў і крытычнага мыслення, якога ў нас не было, не таму што мы дураватыя, а таму, што жыццё не вымагала такой ступені асэнсавання.
З якога б мы боку ні былі, для кожнага ў гэтай краіне і для кожнага беларуса, які апынуўся за межамі, гэта неверагодна цяжкія часы. Мне вельмі часта хочацца кожнаму з нас паспачуваць, таму што выскачыць з такіх часоў ніколі, нікому не магчыма, жыць у іх складана, а выбар маральны трэба рабіць кожны дзень.
Колькі яшчэ «ўсё гэта» будзе працягвацца? Ганна Севярынец зазначае: «Я для сябе нават і года не даю, бо цяпер зусім іншая хуткасць працэсаў»:
– Колькі ўжо спробаў было вырвацца з імперскіх абдымкаў – і ўсё гэта, усе палітыя крывёй, а часам і па-добрасуседску ўсталяваныя сувязі, цяпер рвуцца, у лёсах людзей, у свядомасці, у геапалітычным сэнсе… Гэта цяжка, і падаецца, што сіл няма трываць – але скончыцца, і хутка.
Пісьменніца прызналася: пасля перажытага цягам года, калі беларусаў кідала і ў жах, і ў натхненне, і ў адчай, пачала заўважаць за сабой і шмат за кім са знаёмых пэўнае эмацыйнае амярцвенне:
– У нас развіваецца «душэўная тупасць» – моцна не рэагуеш, не радуешся і не ўзбураешся, калі некаму дрэнна, проста ціснеш на кнопачку «дапамагчы», але робіш гэта дастаткова механічна. Псіхіка проста адмаўляецца ўжо рэагаваць.
Калі мы з гэтага выкараскаемся, невядома. Але па-іншаму, мабыць, не бывае, з жалем і з сумам мы мусім прызнаць, што без выпрабаванняў не зразумелі б каштоўнасць свабоды.
…Тое, што беларусы з’язджаюць, блага адаб’ецца на Беларусі – у кожнай дробязі, у кожнай дэталі. Ужо адбіваецца – зірніце, які недабор у ВНУ. Мы не проста згубілі значную частку актыўных людзей, якія ўкладаліся ў бізнес ці культурныя грамадскія прасторы, гэта вялікая трагедыя, і яна паўплывае на ўсе бакі жыцця.
Але я ўпэўненая: як толькі часы пераменяцца, беларусы вернуцца. Як вярнуліся ў 1921 годзе, калі людзей спачатку, перад наступленнем фронту, вывезлі, потым яны самі пабеглі – ад рэвалюцыі, акупацыі, і Беларусь была разрабаваная ўся; але як толькі хоць які-небудзь мір тут усталяваўся, хоць і хісткі, хоць і пры Саветах, да якіх па-рознаму ставіліся – людзі рынуліся дамой. З Уфы з’ехаў цэлы курс беларускіх студэнтаў, якія ў 1914-м годзе прыехалі ў эвакуацыю, падраслі, паступілі ў палітэхнічную ВНУ, а як толькі стала можна, увесь курс «зняўся» і паехаў.
Читайте также
Думаю, гэта будзе вельмі прыгожая гісторыя вяртання. Я на яе вельмі моцна спадзяюся. Не ведаю, як сказаць, я аптыміст, ці вар’ят, ці хто, але ў мяне непахісная вера ў перамены, якія адносна хутка наступяць – яна ёсць і нікуды не дзяваецца.
Можа, таму, што я сястра чалавека, якому далі 7 год калоніі, і ўнутры мяне нішто не дазваляе думаць, што гэта будзе доўга…
Так што я спадзяюся, што мы ўсе будзем назіраць прыгожую гісторыю вяртання і гэтым неяк выкупіцца той сум, з якім мы цяпер сочым за ад’ездам вельмі дарагіх і важных для Беларусі людзей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное