Общество

Ганна Севярынец: «На Акрэсціна бачыла дзяўчынку, якая забілася ў хмызы, упала там на зямлю і выла»

Вядомая настаўніца патлумачыла, чаму правільна было не ісці на Акрэсціна: там пакута проста незагойная на кожным сантыметры, такое не скавырнеш адным маршам.

Нагадаем, напярэдадні калона пратэстоўцаў рушыла на Акрэсціна, але была спынена валанцёрамі, якія папярэджвалі, што далейшы паход можа нашкодзіць і працы лагера і самім затрыманым. Тады не ўсе прагадзіліся, што такое рашэнне было правільным.

«Тое, як адбылося — так было сапраўды найлепш (маецца на ўвазе сыход пратэстоўцаў), — піша Ганна Севярынец. — Я сама ехала туды днём з крыўдай у сэрцы: як так, Гародня сваіх адбіла, а тут цішыня. А потым я там пахадзіла, пагутарыла, паназірала.

Не трэба цяпер раўняць Акрэсціна з Гародняй, Брэстам, Слуцкам, нават Валадаркай. Там нялюдскі катавалі і забівалі. Хутчэй за ўсё, унутры там цяпер вядзе рэй не звычайны акрэсцінскі персанал. Што яны будуць рабіць з закладнікамі ў небяспечнай сітуацыі — не трэба мераць мерай звычайнай турмы.

Але не гэта важна. Туды прыходзяць цяпер тыя, хто адтуль выйшаў. Людзі, якія перажылі нялюдскі здзек. Некаторыя з іх прыходзяць - і проста сядзяць на лавачках. І сысці не могуць, і пачаць расказваць псіхолагам не могуць. Я чытала пра такое ў мемуарах трыццатых: прыніжэнне, якое перажыў чалавек, настолькі жудаснае, што яму пачынае падавацца, што ім будуць грэбаваць, калі даведаюцца, што з ім рабілі. І вось яны сядзяць. Глядзяць на псіхолагаў. І не могуць рашыцца. А потым нехта пачынае расказваць - не псіхолагу, сам сабе, ціха-ціха. Бо выгаварыцца трэба. Псіхолагі там маюць нечалавечую нагрузку.

А яшчэ бачыла там дзяўчынку, якая забілася ў хмызы, каб не нерваваць тых, хто чакае сваіх (і не ўсе ж дачакаюцца), упала там на зямлю і выла.

А яшчэ там стаяць у чэргах людзі, якія днямі адтуль выйшлі. Забіраюць рэчы. Некаторым з іх вельмі страшна вяртацца, нават каб рэчы забраць.

Там паветра звініць нялюдскім болем. Там усё размаўляюць ціха-ціха.

У нас з вамі ніколі не было досведу жыцця з такім месцам, якое ўяўляе сабой зараз Акрэсціна і лагер навокал. Мы павінны быць асабліва пільнымі і вельмі асцярожнымі. Там пакута проста незагойная на кожным сантыметры. Трэба быць вельмі пільнымі, вельмі асцярожнымі. Такое не скавырнеш адным маршам, праўда.

Проста ціхенька прыедзьце туды ў адзіноце ўдзень і паглядзіце самі. Дапамажыце чым. А тады ўжо крычыце, што валанцёры Акрэсціна тармозяць пратэстны рух».

Самая провальная речь Лукашенко: рабочие МЗКТ рассказали, что происходило во время его визита

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)