Ганна Севярынец: «Мы баяліся: што, як вернецца трыццаць сёмы год. А ён ужо быў навокал»

Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец піша пра 1937-ы, які ездзіў з намі ў трамваях і хадзіў у кіно.

Адны казалі: я чую шэпты ягоных грымот.

Другія скептычна прымружвалі вока.

Мы баяліся: што, як вернецца трыццаць сёмы год.

А ён ужо быў навокал.

 

Ён ездзіў з намі ў трамваях, хадзіў з намі ў кіно.

Сядзеў з намі на лавачках, піў піва ці колу.

Іншы раз — супраць нас, іншы раз — за адно,

Асабліва калі вёў дзіцёнка першага верасня ў школу.

 

Ён быў як мы. Яму не трэба было вырывацца з-за нейкіх там кратаў.

Ён тут, ён з намі, і ён не хоча назад,

Хіба імя пямяняў на дзве тысячы дваццаты.

 

Ён мяняе імя, як мяняюць на грошы тавар.

Трыццаць сёмы таксама не першае. Ён з чалавекам ад веку.

І так будзе, пакуль мы не вывучылі яго ў твар,

Так, як ведаем свой у звычайным хатнім люстэрку.

 

Паглядзі на сябе. Ты ўчора змаўчаў каля зла.

Ты скарыўся начальству. Спужаўся. Не выйшаў з дому.

Твае вочы глядзяць абыякава. Рукі назад.

То пільнуйся. Ён тут, у табе ўнутры, трыццаць сёмы.

Ганна Севярынец: Нам няшмат засталося да 1937 году

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)